Выбрать главу

Тым часам водпуск няўмольна набліжаўся да канца. Куды падацца ў два дні, што засталіся да ад’езду? У калгас імя Леніна, дзе працуе Марыя Уладзіславаўна Сакалоўская, якая вось ужо дваццаць пяць год атрымлівае высокія ўраджаі льну і за гэта ўзнагароджана ордэнам Леніна? У калгас імя Куйбышава, які больш дваццаці год узначальвае адзін старшыня — Уладзімір Уласавіч Сідарэнка? Пагаварыць з астравецкай паштальёнкай Тэрэзай Пятроўнай Івашка, якая, ратуючы дзяцей, сама амаль не загінула ў полымі? А можа, заняцца народнымі ўмельцамі — разьбярамі, ткачыхамі, музыкантамі?

Але нечаканая сустрэча скіравала думкі ў зусім іншым напрамку.

Насупраць гасцініцы мяне аклікнуў чалавек, які вёз на фурманцы нейкія бляшаныя прылады, трымаючы лейцы левай рукой:

— Здароў! Што, ужо не пазнаеш сваіх? Я ж старшынёй вашага Дравяніцкага сельсавета быў, а мая Ніна Якаўлеўна настаўнічала ў вашых Расолах.

Ну як не пазнаць Дзмітрыя Харытонавіча Смаляка! Колькі разоў ён праводзіў у нашай хаце бурныя сходы. Дэмабілізаваны воін, ён смела змагаўся ў калектывізацыю з бандытызмам і кулацтвам.

— Давайце прыгадаем тыя часы, Дзмітрый Харытонавіч.

— Пачакай троху. Вот адвязу гэтыя бандуры, і зойдзем да мяне.

…Жыццё не песціла Дзмітрыя Харытонавіча. І ніколі ён не шукаў лёгкіх шляхоў. У саракавым годзе пайшоў з Ушаччыны ў армію. У першыя ж месяцы вайны быў ранены ў левае плячо. Камандаваў узводам на Волхаўскім фронце, там жа падаў заяву ў партыю. Зноў раненне — на гэты раз у нагу. Вызваляў Лугу, Ноўгарад. У сорак чацвёртым раздрабніла правую руку. Вярнуўся дамоў учарнелы, з пратэзам. Папрасіўся ў маці пераначаваць, то яна спярша не пазнала. Потым не ведала, што з радасці рабіць. Калі сяброўкі пыталі: «Чаму прытуляеш левай?» — жартаваў: «Бо левая бліжэй да сэрца». Прапанавалі яму паехаць у Астравец намеснікам дырэктара МТС па палітчастцы. А тут якраз у Дравяніках бандыты вечарам прама за сталом забілі старшыню сельсавета Якушчонка. Паказаў Смаляк сваё скіраванне сакратару райкома Мацюшаву, паглядзеў той і кажа: «Няшчасце ў пас. Паедзеш у Дравянікі. Ты франтавік — табе і карты ў рукі».

— Народ тады жыў у Дравяніках бедна. Падлогі гліняныя. У ложках салома. Тут жа, у хаце, свінні стаяць, — успамінае той, сорак пяты, год Дзмітрый Харытонавіч. — Бандыты, вядома, гняздзіліся не тут, а на засценках — у Прокартах, Чырвоным Бары, Карыціне. Не раз прыходзілі ў Дравянікі. Яны на Івендзікава цікавалі, на ўпаўнаважанага райкома партыі. На мяне таксама. Але людзі нас папярэджвалі. Не раз глядзеў смерці ў вочы. Выручала вытрымка і кемлівасць. Смела па іх ішоў. А вот новага ўчастковага Васілеўскага забілі. Разам з сынам Якушчонка злавіў ён бандыта Часнойця. Вопыту не было, таму не абшукалі. Бандыт выцягнуў пісталет і стрэліў у Васілеўскага. Тады Якушчонак наваліўся на Часнойця зверху, неяк націснуў нагой курок вінтоўкі і так прыкончыў бандзюгу.

— Максім Логвінавіч расказваў мне, як жанчыны на вас напалі, калі вы ў Гервяцкім сельсаваце калгасы арганізоўвалі.

— Усялякае бывала. У Ключніках, Пугавічах, Гялюнах. Людзі баяліся першымі падаваць заяву, дык я пакідаю скручаных нумароў у шапку і кажу: «Цягніце, хто выцягне першы нумар, той і напіша першым, і бандыты не будуць мець прычыны да вас чапіцца». Цяпер спаткаюся з людзьмі — дзякуюць, што іх у калгас агітаваў. Ды я не толькі агітаваў, а і старшынёй быў. У «Чырвонай зары», у Лошы. Прыехаў туды — усё развалена. Сабраў людзей, пачаставаў папяросамі, пытаюся: «З чаго пачнем?» — «Хаця па кілаграму на працадзень дайце!» Неяк выкруціўся, даў па кіло трыста. Паверылі мне. Праўда, скора захварэў, на аперацыю пайшоў. Прыйшоў новы — з маладых ды ранніх — зноў усё запусціў. З таго часу ў Лошы многа старшынь памянялася. Толькі цяпер, пры Адахоўскім, калгас пайшоў угару. Раю табе там пабываць. У іх сакратар партарганізацыі вельмі талковы.

— Гэта ж побач з маімі Расоламі.

— У Расолах ужо быў? Не было часу, кажаш? Нікога са сваіх там ужо няма? Усё роўна сорамна не быць. Хоць проста так схадзіць бы.

— Відаць, так і зраблю. Ну, а дзе вы цяпер, Дзмітрый Харытонавіч, працуеце? Чаму самі за фурмана?

— Хоць і ў начальстве, але калі трэба, то і каня запрагу, — смяецца Смаляк. — На камбінат камунальных прадпрыемстваў мяне кінулі. З’явіўся такі ў Астраўцы. Наладжваю службу быту, хоць мог бы ўжо даўно пайсці на пенсію. Мусіць жа нехта быць там, дзе трэба!