Выбрать главу

…Значыць, цяпер — у Расолы! Ашмянскім аўтобусам даязджаю да Гудагая (прыгадваю, што тут у юнацтве бываў вядомы польскі празаік Тадэвуш Канвіцкі і што тут нарадзіўся Янка Шлыковіч, сябра Япкі Купалы па Акопах). Ад прыпынку лясной дарогай кіруюся на Палушы. Наўзбоч яе, каля старой школы, стаіць сціплы помнік. Трафарэтны надпіс сведчыць толькі, што тут пахаваны воіны, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму. Хто? Калі? Колькі? Не даюць яснага адказу на гэтыя пытанні і друкаваныя крыніцы. У чацвёртым томе БелСЭ сказана неакрэслена: «Помнік на брацкай магіле 95 сав. воінаў, якія загінулі ў Айч. вайну». Але ж асаблівых баёў тут не было… Іншыя даведнікі пішуць пра восемдзесят ваеннапалонных, расстраляных у Гудагаі ў 1944 годзе. Значыць, канцлагер? І тут цьмяна ўспомніліся чутыя ў дзяцінстве расказы пра жахлівыя справы, што тварыліся ў старой школе і навокал яе. Трэба будзе ў Палушах распытаць старажылаў.

Вёска Палушы, што раптам паўстала на гарызонце пасля лагоднага павароту лясной дарогі, за апошні час прыкметна вырасла, папрыгажэла. Там, дзе ў 1618 годзе быў дамініканскі фальварак, цяпер пабудаваны буйныя фермы, кантора саўгаса імя Мічурына, першая двухпавярховая жылая мураванка, цэлая вуліца маладажонаў. Левабярэжныя і правабярэжныя Палушы падзяляе абмялелая Лоша. Калісьці яе воды перагараджалі млыны з рыбнымі ставамі — два ў Палушах, у Лошы, Рымунях. Цяпер збожжа ніхто сам не меле. Ставы спусцілі, млыны разабралі. Вунь ад палушанскага засталіся толькі гнілыя пáлі добра відочныя побач з хісткім мостам. Кажуць, у 1905 годзе каля гэтага млына пачалося выступленне палушанскіх сялян.

Узняўшыся па дарозе, якая ніколі не перасыхае ад сцюдзёных крыніц, на даволі стромкую гару, збочваю налева, па-сваяцку заходжу ў стары, з маленькімі яшчэ вокнамі дом Караля Казіміравіча Вішнеўскага, заядлага паляўнічага і рыбалова. Але, у адрозненне ад іншых паляўнічых і рыбаловаў, у яго няма звычкі перабольшваць. Таму яго расказ — з папраўкамі на час — з’яўляецца верагоднай крыніцай інфармацыі:

— На другім годзе вайны немцы задумалі абнавіць чыгунку, дабавіць другую каляю. Мясцовыя людзі на работу не ішлі. Тады пачалі завозіць ваеннапленных. Везлі іх тут многа на захад. Каторыя выскоквалі на хаду поезда і забіваліся. Каторых выкідвалі мёртвымі. Каля былога пераезду на Табарышкі палушанцы потым пахавалі сем чалавек. Адзін быў, відаць, высокі военачальнік. Поезд на пад’ёме каля выемкі сцішваў ход, таму і ратаваліся тут. Ды дзе ты выскачыш добра, калі многа сутак не еўшы… У Гудагай завезлі чалавек з трыста. Набілі ў школу, а каторыя начавалі пад голым небам. Акружылі школу калючым дротам, будкі паставілі з кулямётамі. Але ўсё роўна многія ўцякалі, па лясах іх з сабакамі лавілі. У лагеры была свая арганізацыя, і адзін раз спрабавалі яны ўцячы ўсе разам. Толькі сілы былі няроўныя. Палушанцы чым маглі, то дапамагалі. Дзеці праз дрот хлеб кідалі. Немец не падпушчае, аўтамат наводзіць, а дасі яму дзесятак яек, то адвернецца і нібы не відзіць, як кінеш булку хлеба. Тут жа пленныя падзеляць яе на роўненькія кусочкі. Аднак потым перасталі нас падпушчаць, бо, кажуць, нехта ў хлебе напільнік перакінуў. Многа іх змёрла і пахавана ў той магіле. З трохсот чалавек к канцу засталося семдзесят, і тых некуды вывезлі. Мусяць жа недзе жыць людзі, што ўратаваліся з пекла, толькі цяжка патрафіць на такіх. Хто хаваў беглага ў сябе, той ніякіх адрасоў не запісваў.

— А як было ў 1905 годзе, калі бунтавалі палушанскія сяляне?

— Тады я яшчэ хлапчуком быў, але добра ўсё помню. Вярнуўся з Вільні стары Мацей Адамковіч і кажа мужчынам: «У горадзе заводы стаяць, людзі бунтуюць, каб усё было наша!» — «Выходзіць, і млын наш павінен стаць!» — рашылі мужчыны. Млын у Палушах казённы быў, яго браты Карабцы арандавалі. Прывязе хто змалоць зярно ці зваляць сукно, бо пры млыне фолюш быў, Карабцы да двух гарнцаў збору сабе яшчэ трэці дабіраюць. Мельнік Іван Кацінель сабе таксама крадзе. Проста ратунку ад іх не было. Ну, пайшлі ўсе мужчыны да млына. Іосіф і Антон Чарняўскія падважылі застаўкі, спусцілі ваду. «Убірайцеся адгэтуль, — кажуць Карабцам. — Мы самі цяпер гаспадарамі будзем. Свабода цяпер усім!» А мельнік тым часам на каня ды ў Ашмяну. Прыехалі стражнікі, войска поўна. Каго падстрэлілі куляй, каго скавалі. Але людзі бараніліся: сунецца стражнік у хату, а баба возьме жару з печы і жарам яму ў вочы. Чарняўскага тады забілі, Замару на вольсе, дзе ён ратаваўся, паранілі. Восем чалавек пагналі ў ашмянскую турму. Ало скора выпусцілі, бо генеральша Дабжынская з Лошы за мужыкоў уступілася. Не ведаю, які ў яе тут інцярэс быў. Кажуць, што хоць пані, а таксама за рэвалюцыю стаяла…