Выбрать главу

З Палушаў ледзь відочная, зарослая дарога вядзе на Сяржанты. З левага яе боку, на беразе Лошы — купка амаль зраўняных з зямлёй курганоў. Археолагі адносяць іх да ўсходне-літоўскага тыпу і датуюць прыкладна VІ–VІІІ стагоддзямі нашай эры. Ф. Пакроўскі, які капаў тут у канцы мінулага стагоддзя, у адным з курганоў знайшоў чалавечы шкілет — з галавой, звернутай на захад, і рукамі, складзенымі на грудзях. У Сяржантах былі адкапаны гліняныя пацеркі, жалезны ножык, абломак крэмневага нажа, гліняны чарапок з птушынымі касцьмі. Усяго Пакроўскі тут знайшоў з паўсотні курганоў дыяметрам да дзесяці метраў і вышынёй з паўметра. Сёння іх тут намнога меней, бо некаторыя зраўняліся з зямлёй. А ўвогуле Астравеччына ў мінулым, відаць, была густа населена. Апрача Астраўца і Быстрыцы, старадаўнія гарадзішчы зарэгістраваны ў Якубішках і Гурах. Групы курганоў ёсць каля Лошы, Гудагая, Будран, Жукойняў-Жалядскіх, Пільвінаў. У народзе іх пераважна называюць шведскімі або французскімі капцамі.

А яшчэ хутар Сяржанты ўвайшоў у гісторыю тым, што 17 снежня 1909 года тут адбыўся… землятрус. «Наша ніва» тады пісала, што ў той дзень «жонку арандатара фальварка Сяржанты разбудзіў страшны гром. Зазвінелі шклы ў вокнах, і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё ўціхла. Хутка прыбег і арандатар, што быў пры скаціне ў хляве, і расказаў, што і ён таксама чуў гул, быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжала, і жывёлы пападалі на калепі. Выбежаўшы з хлеву, ён убачыў быццам роў глыбокі, каторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з паўночы на палудня-усход. Думаюць, што гэта адгалос таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэтае землетрасенне, як кажуць, адазвалася ў некалькіх месцах Віленскай губ.». Колькі ў той інфармацыі праўды, а колькі засцянковай хлусні ці фантазіі — сказаць сёння цяжка. Старажылы нічога падобнага не памятаюць, а роў адшукаць не ўдалося. Праўда, ёсць доўгія акопы часоў першай імперыялістычнай вайны. Але яны не там, дзе стаялі хлявы, а далёка ў лесе, каля дарожкі на Анелін.

Ад маёнтка Анелін таксама ўжо амаль нічога не засталося. Двухпавярховы дом пана Доўнара-Запольскага, які жорстка караў нават тых, хто выпадкам заблудзіць у яго лес, у саракавым годзе перавезлі ў Астравец. Старая афіцына з доўгімі верандамі перавандравала ў Гудагай. Хатка, дзе жыў на беразе Лошы (вясной — па лавы ў вадзе) пастух Касінскі, ад часу, мусіць, збуцвела. Стаяць толькі векавыя дрэвы, чырванее ягадамі шыпшына. І яшчэ на скрыжаванні дарог (адна — з Анеліна на Расолы, другая — гасцінец з Палушаў на Лошу, Шумск і Вільнюс) пахіліўся пачарнелы дубовы крыж, пастаўлены ў гонар паўстанцаў 1863 года, на памяць пра Кастуся Каліноўскага.

Легенду пра Анелін і пра гэты крыж я пачуў яшчэ ў дзяцінстве ад старога Грывы. Жыў ён у Палушах. Не ведаю, ці мог нават распісацца. Але з неймавернай лёгкасцю ўсё рыфмаваў. Як калісьці Ян Баршчэўскі, хадзіў ад хаты да хаты, на вяселлях і хрэсьбінах, і за пачастунак расказваў вершыкі аб мясцовых здарэннях. Але аднойчы нехта пачаставаў Грыву чаркай не пасля канцэрта, а да яго, і ён пусціў са сцэны такога «пеўня», што ва ўсіх абвялі вушы. Болей яго ў Астравец ніхто не запрашаў.

І вось неяк нядзеляй Грыва заходзіць да нас і гэтак складна ўсіх віншуе. Потым пачынае расказваць, адкуль пайшла назва той ці іншай вёскі. Этымалогія ў яго была свая. Расолы — таму што тут карчмар зліваў у рэчку расол ад агуркоў, і людзі прыходзілі з пахмелля, нагіналіся да вады і пілі. Палушы — таму што там людзі па вушы пагразлі ў грахах. Дайноўка — бо там раней жылі адны жабракі; бегучы за карэтамі, што ехалі па Чорнаму тракту, яны ўвесь час крычалі: «Дай зноўку!» Іншыя назвы выходзілі ўжо зусім непрыстойна.

— А Анелін? — спыталі мы.

— Анелін? Тут проста. Ад анёла, анёлка. Гадоў сто назад, яшчэ да Дэйнараў, да Пілятовічаў, жыла тут паненка. На імя Марыся мела. Прыязджаў да яе тайком з Вільні нарачоны яе, адзін дзяцюк, што проціў цара ішоў. Яго схапілі, пачалі здзекавацца. А тут і яе паклікалі на следства. Яна маладая была, дурная яшчэ, таму і сказала, дзе і што было. Яго павесілі тады, пры вялікім сцячэнні народу павесілі. А яна ўзяла сабо гэта ў галаву, што выдала яго, і ўжо нікуды адсюль не выязджала, да старасці ў дзеўках застаўшыся была. Каб той грэх зняць, ахвяравалася дабро людзям рабіць. Вучыла мужыцкіх дзяцей, лячыла зёлкамі. Калі смерць пачула, той крыж на растаях дарог паставіла за яго душачку. Анёлкам пры жыцці была, анёлкам, пэўна, у рай пайшла, таму і называлі Анелінам.

Адкрыта кажучы, уся гэта гісторыя доўгі час мне здавалася чыстай фантазіяй. Праўда, Уладзімір Караткевіч, пабываўшы ў Анеліне і выслухаўшы легенду, сказаў, што ў гэтым нешта ёсць, і нават напісаў апавяданне «Крыж Анеліна». Але вось у Вроцлаве, у бібліятэцы «Асалінэум», я напаткаў рукапіс Людвікі Радзевіч родам з Ямантаў «Горстка ўспамінаў з 63 г.». Аўтарка піша, што яе сястра Марыя «была нявестай Кастуся Каліноўскага»… З даследаванняў Генадзя Кісялёва цяпер стала вядома, што Марыя Ямант па нявопытнасці адмоўна паўплывала на ход следства. Грыва не мог усяго гэтага чытаць, і тым не менш яго расказ блізкі да гістарычнай праўды. Супадзенне? Наўрад. Значыць, трэба шукаць дакумент, які засведчыў бы, што Яманты неяк маёмасна былі звязаны з тым жа Анелінам…