Выбрать главу

З узгорка, ад крыжавых дарог добра ўжо відаць Расолы — маленькая вёсачка ў абрамленні лясоў і кустоў. Да болю знаёмая і адначасна ўжо незнаёмая. Зніклі многія хаты, а тыя, што засталіся, папрыгажэлі, абшаляваныя, памаляваныя. Хоць вёсачка прызначана на знос, да кожнай хаты бягуць слупы электралініі, над стрэхамі выцягнуліся жэрдкі з тэлеантэнамі. Змяніўся і сам краявід. Замест пярэстых лапікаў — суцэльныя дагледжаныя палі. Высечаны адны сасоннікі і альшэўнікі, затое падраслі другія. Пераараны старыя дарогі і сцежкі, затое па цаліку пракладзены новыя. Гэты краявід быў маім, тым — з дзяцінства, і адначасна ўжо не маім, а вунь тых, незнаёмых хлапчукоў, што галёкаюць над Расалоўкай. І з шкадаваннем падумалася, што тая блізкасць да прыроды, тая арганічная еднасць з ёю і вастрыня ўспрыняцця, калі ведаеш час цвіцення кожнай лугавой траўкі, час выспявання кожнай ягады і час высыпання кожнага грыба, калі пазнаеш па голасе кожную птушку і можаш гадзінамі нерухома любавацца хараством, — усё гэта беззваротна адышло ў мінулае, усё гэта не вернецца, нават калі б адарваўся ад старадаўніх рукапісаў і кніг і зноў пасяліўся ў хаце, знаёмай да драбніц, але цяпер ужо нікому непатрэбнай. Здаецца, зменшылася яна, усохлася і спіць, прыкрыўшы дзеля спакою вачаніцы вокнаў пальцамі дошак. Здзічэлі яблыні, заплыла студня. А калісьці ж усё гэта было цэлым светам, агромністым і непаўторным. Вярнуць яго ці вярнуцца ў яго нельга. Можна толькі ўзнавіць у памяці.

У 1861 годзе ў Расолах былі ўсяго тры рэвізскія душы. Усе Мальдзісы. Адкуль яны прыйшлі, невядома.

Можа, з літоўскай вёскі Гіры. Ва ўсякім разе ў гірскім інвентары 1703 г. мне трапіўся прыгонны Кшыштаф Мальдзіс, які меў чвэрць валокі падзелу, хадзіў пяць дзён у тыдзень на паншчыну і плаціў 13 злотых чыншу.

Нядаўна, на творчым вечары Дануты Бічэль-Загнетавай, злавіў сябе на зайздроснай думцы, што вось яна ведае сваю прабабку, а я нават свайго дзеда зусім не ведаю. Якім ён быў? Колькі меў зямлі? Мусіць, мала, калі маю маці ніяк не хацелі аддаць за бацьку, у якога, «акрамя скрыпкі за душой, нічога не было». А ў матчыных жа бацькоў, Вянгроўскіх з Задворнік, таксама не густа было: на пяць дачок — паўвалокі зямлі і шнурок лесу. Не дачакаўшыся благаславення, маладыя крадком уцяклі ў Пецярбург і пажаніліся там.

Так, генеалогія сялянскага роду — не тое што шляхецкага. Яе не прасочыш па гербоўніках, па дагератыпных здымках. Сяляне адыходзілі бясследна і натуральна, як натуральна адмірае восенню прырода.

Але як бы там ні было, Расолы ў пачатку XX стагоддзя разрасліся. З’явіліся Грамашэўскія, потым купілі зямлю Урлікі. Усе яны перажаніліся, перарадніліся. На ўзгорках, дзе раней быў лес, з’явіліся хутары — Горныя Расолы або Козы. Паступова вёска расслаівалася, абрастала супярэчнасцямі. Антон Урлік па мянушцы «кайць нітым» меў пяцьдзесят гектараў зямлі, але напрадвесні аб’язджаў суседзяў, просячы даць што на пасеў. А яго браты на такіх жа надзелах заклалі моцныя гаспадаркі. Уладзімір Грамашэўскі з бядоты і няшчасцяў прапіваў апошні пуд жыта, набіваючы — дзеля жонкі — пусты мяшок анучамі. А яго суседка праз плот Міхаліна Грамашэўская збірала залатнікі, спраўляла гучнае вяселле з Верам’ём. Юзук Мальдзіс, у якога было дзяцей, як бобу (яго так і празвалі — «боб», а яшчэ — «гопала», бо вечна з гора «гопаў» па сваю замучаную жонку), вясной карміўся адным шчаўем, крапівой і лебядой. А яго стрыечны брат, родны брат майго бацькі, узвёў дом з двума ганкамі, збіраў грошы. Грошы былі ўсё людскія, бо Ян Мальдзіс, будучы санітарам на імперыялістычнай вайне троху падвучыўся «правіць косці», і да яго — як да «фейчара» — прыязджалі здалёк, таму што сапраўдных дактароў тады было мала. Ламіў «фейчар» не меней, чым дыпламаваны лекар. Але потым усё багацце пайшло марна. Неяк у белы дзень загарэўся хлеў, у якім пад страхой ляжалі схаваныя грошы, і ад перажыванняў дзядзька скора памёр. Сярэдняя яго дачка таксама ўзяла сабе ў галаву, што згарэў яе пасаг. Застаўшыся ў дзеўках, пачала страшэнна баяцца попелу. Калі пабачыць дзе попел, мусіць усё дома і самую сябе вымыць у дванаццаці водах. Тыднямі не дазваляла маці паліць у печы. Мы, малыя, не разумелі ўсёй трагічнасці сітуацыі і часта падсыпалі попелу пад брамку, каб пасмяяцца, як немаладая жанчына няўмела пералазіць праз плот.