Выбрать главу

Але найвялікшай трагедыяй была адсутнасць зямлі. Дзядзька Юзук за галаву хапаўся, як яму падзяліць чатыры гектары пяску на дзевяцера дзяцей. Работу — дзе ты яе знойдзеш. Дарогі ў свет — ніякай. Немаведама, чым усё гэта скончылася б, калі б не верасень 1939-га і не калектывізацыя. Вызваленыя ад улады зямлі, лішкі рабочых рук спатрэбіліся ў іншых месцах. Юзуковы дзеці жывуць цяпер у розных кутках краіны — ад Літвы да Поўначы. У Расолах засталіся толькі двое — малодшы Юлюк і Лёнька. Лёнька выйшла замуж за Верам’я, таго самага, які так доўга супраціўляўся калгасу. Пасля смерці старой Міхаліны ён нарэшце падаў заяву, але толку з яго ў калгасе было мала: то жыта пакрадзе, то каню вока выб’е, то знахарствам зоймецца. Прыедзе да яго жанчына здалёк, з-пад Міхалішак, паскардзіцца на «памутненне ў вачах», паставіць ён яе на калені пад абразам, скруціць руку жгутам і пытае: «Ну як, божанька дваіцца ў вачах?» Пачуўшы, што божанька сапраўды дваіцца, адпусціць жгут і пакладзе на ложак адпачыць на дзве гадзіны. А сам возьме тым часам яе каня і вывезе гной на свае соткі. Пасля адпачынку жанчыне, вядома, палягчэе, і яна аддзячыць якой дзесяткай… Свае знахарскія здольнасці Верамей расхвальваў незнаёмым людзям, ездзячы на паяздах. Бо аднавяскоўцы нізавошта да яго не ішлі.

Цяпер Верам’і жывуць у «фейчаравай» хаце, адкупленай, кажуць, за Міхалініны залатнікі. Жывуць па-рознаму, бо паўтарылася тая ж сітуацыя, што ў «Пясках» Серафімовіча. Іншы час крышку паабчасаў уласніцкую натуру Верам’я. Здаецца, ён кінуў свае штучкі і ездзіць, пасівелы, але з моцнымі, маладымі зубамі, кудысьці на работу ў Вільнюс. Верам’ёвы дочкі закончылі дзесяцігодку і глядзяць на жыццё ўжо зусім іншымі вачыма, чым бацька. Такая няўмольная хада гісторыі!

Тым часам з-за асенніх хмар выглянула няяркае сонца, пасерабрыла пакрытае кроплямі расы павуцінне «бабінага лета». У гэтай празрыстасці Расолы здаліся яшчэ больш утульнымі. Але як ні хораша тут, трэба далей у дарогу. Сашчыкнуўшы з яблыні пару чырвоных дзічак і напіўшыся са студні вады, знайшоў лясную дарогу, што праз Рудпік вяла на Лошу. Ранейшы чыгуначны пераезд цяпер за непатрэбнасцю закрыты, але людзі ўсё роўна ідуць нацянькі. Каля капліцы, дзе шукальнікі скарбаў нядаўна раскрылі магілу генерала Дабжынскага, зварочваю на Чорны тракт, на Лошу. Ды пад самай вёскай сустрэчная жанчына паведаміла, што сакратара калгаснай партарганізацыі, Івана Іванавіча Лавора, у канторы няма, што ён, відаць, у школе, дзе яго асноўная работа. Вось ужо сем гадоў ён дырэктарам у Дайноўскай васьмігодцы.

З Горкі, дзе ў былым панскім доме месціцца школа, відаць далёка. Злева, па Чорнаму тракту — Дайноўка, за ёй — Міндзяны, калісьці цэнтр Міндзянскага стараства, Байканы; правей, уздоўж ракі — Лоша. Палі ляжаць пераважна на схілах узгоркаў, апаэтызаваных на палотнах лашанскага мастака Льва Дабжынскага (у 1938 годзе ў Вільні адбылася яго пасмяротная выстаўка). Калісьці гэта была, калі не лічыць ваколіц Клюшчан, самая бедная і цёмная, самая «беларуская» частка Астравеччыны. А як цяпер?

У Дайноўскай школе — ідэальны парадак. За старымі прысадамі з лістоўніц і блакітнай елкі — дагледжаны школьны ўчастак. Каля ганка мноства кветак. У калідоры развешаны розныя граматы і дыпломы (у тым ліку — дыплом удзельніка ВДНГ), схемы турысцкіх паходаў на Нарач, у багушэвічаўскія Кушляны, на фабрыку «Альхоўка». У адрозненне ад некаторых дзесяцігодак раёна, у беларускіх тэкстах не відаць ніводнай памылкі ці апіскі. Хоць на вуліцы гразь, у школе чыста, бо ў бытавым кутку ляжаць розныя шчоткі, ёсць і чым залапіць выпадковую дзірку.

Разам з Іванам Іванавічам Лаворам, невысокім паўнаватым мужчынам, якога акуляры не стараць, а, наадварот — маладзяць, аглядаю ягоную асабістую бібліятэку. Поўны збор твораў Леніна. Метадычная літаратура па гісторыі. Даведнікі па сельскай гаспадарцы. Дапаможнікі лектара. І мастацкія творы: Пушкін, Блок, Ман, Купала, Гарэцкі, Дубоўка, Караткевіч, Маўр, розная перыёдыка.

— А як жа інакш! — каменціруе Іван Іванавіч. — Каб быць сакратаром партарганізацыі, каб добра выкладаць гісторыю, трэба многа ведаць самому.

Расказвае Іван Іванавіч Лавор:

— Адкуль я родам? З Плябаніі, што пад Радашковічамі. У бацькі была вялікая сям’я, ажно шаснаццаць чалавек. Калі мне было два гады, мы паехалі на заработкі ў Рыгу. Але ў трыццаць восьмым мне трэба было ісці ў школу. Латышскай мовы я не ведаў, а беларускія школы ў Рызе к таму часу, пасля смерці Райніса, ужо закрылі. Таму бацька рашыў вярнуцца на радзіму. Яго не раз прымушалі запісацца калі не палякам, то хоць католікам. Але ён ніяк не згаджаўся. У вайну наша сям’я была звязана з партызанамі. Мне самому не раз даводзілася раскідваць лістоўкі.