Выбрать главу

Тут нашу «філасофію», як выразілася гаспадыня дома, перапыніла з’яўленне гасцей. Перад адыходам пытаюся:

— Калісьці тут, у навакольных вёсках, было развіта мастацкае ткацтва. Уручную ткалі дываны, посцілкі, ручнікі. Потым везлі на «Казюкі», на віленскі кірмаш. А камерсанты перапрадавалі гэта хараство ў Заходнюю Еўропу. Як цяпер — ткуць?

— Бліжай да чыгункі то не надта. Пасля вайны ўвайшло ў моду крамнае. Сваё, ручное перастала лічыцца каштоўнасцю. Некаторыя нават саромеюцца даматканага, ганяюцца за польскімі капамі. Замест дываноў у Дайноўцы, у калгаснай арцелі, разам з ланцугамі для навязвання кароў робяць безгустоўныя пластмасавыя ўпрыгожанні «пад бурштын». Калі хочаце знайсці народнае мастацтва, то едзьце ў Чэрнішкі. Або ў Дравянікі. Там санітарка Сташкевіч тчэ.

— А наогул-то ў апошнія гады народныя промыслы ажывіліся. Вакол старога разьбяра па дрэву Вікенція Францавіча Ягелы ў Страчы і Сенюцях стварылася цэлая школа. Выточваюць з чачоткі вазы для алоўкаў, попельніцы. Бярозавыя пацеркі не адрозніш ад бурштыну. Усё гэта закупляецца, ідзе і на экспарт. Вырабы Ягелы атрымалі на ВДНГ у Маскве бронзавы медаль.

— Так, Астравеччына славіцца народнымі ўмельцамі, — рэзюміраваў гаспадар дома. — Пачалося з Ванды Кулды, што з калгаса імя Янкі Купалы. За свой рушнік яна калісьці стала лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі ў Маскве. Баляслаў Францавіч Сымановіч з Руднішак праславіўся разьбой па дрэву. Выстаўляліся яго барэльеф Леніна, бюст Міцкевіча, з аднаго кавалка дрэва выразаў паўтараметровую сялянку, прыгожую і гордую. А ў Міхалішках жыве майстар на ўсе рукі Леанід Маўчан. Добра ставіць абеліскі, рэжа па дрэву, робіць музычныя інструменты, іграе на скрыпцы, малюе. Такіх многа. Вунь у Астраўцы ганчар чарапічнага завода Уладзімір Кардзіс здымае дакладныя копіі з карцін, інжынер Павел Жугалёў займаецца чаканкай па металу. Вучацца ў Мінску будучыя графікі і скульптары — Александровіч, Драбышэўскі… Блізкасць да прыроды заўсёды добра ўплывала на эстэтычныя густы, паэтычнае ўяўленне.

…Марыю Уладзіміраўну Сташкевіч дома я не застаў. Дзеці праводзілі мяне праз агароды ў вялікую і чыстую лазню. Праз маленькія вокны прабіваліся промні асенняга сонца, залацілі шматколерную аснову, што ішла ад навоя да нічальніцаў і бёрдаў. Не прыкмячаючы мяне, Марыя Уладзіміраўна раз-пораз націскала на панажы. Куляй лётаў у яе руках чаўнок з утокам. І там, дзе ўточную нітку прыбівала набільніца, паўставаў непаўторны беларуска-літоўскі ўзор. Раней ткалі ў два колеры: чорны і белы, чорны і жоўты, чорны і чырвоны, белы і чырвоны. Тут жа я, не лічачы адценняў, прыкмеціў сем: на зеленавата-блакітным фоне выступалі белыя, чорныя, чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя квадрацікі і лініі, тканыя дымкай.

— Гэта я на выстаўку падгатаўліваю, — з гордасцю сказала ткалля. — Ужо тры дываны ў мяне з музеяў купілі. Тку і на прадажу, для людзей, каторы закажа. З воўны, з шоўку, хочаце — пакажу.

— І ад каго вы навучыліся так? — захацелася спытацца, калі мы ішлі праз гародчык.

— Ад маці. І троху вот ад іх! — Марыя Уладзіміраўна паказала рукой на кветнік, у якім дацвіталі крыху пачарнелыя ад марозу вяргіні, мальвы і астры.

Але ў доме мяне чакала расчараванне. Тыя, на продаж, як неба ад зямлі, адрозніваліся ад прызначанага на выстаўку. Буйныя кветкі былі скапіраваны з польскіх кап. Крыклівыя колеры. Вычварныя лініі…

І зноў — у дарогу. На готы раз — у Задворнікі. Стары шлях вёў каля дравяніцкай гары-гарадзішча, якую, кажуць старыя, у светлае падвор’е відаць аж з-пад самага Вільнюса, каля густых прысад колішняга дравянінкага двара. Задворнікі — хутчэй за ўсё таму, што ўзніклі яны якраз за дваром, у доўгай лагчыне. З поўначы, за раскапанымі тарфянішчамі, — лагодныя ўзгоркі. З поўдня — сасновыя бары, узвышша з цвінтарнымі крыжамі. За апошнія гады Задворнікі разрасліся аж пад Палушы. З’явіўся магазін, аўтобусны прыпынак. Калісьці падслепаватыя хаты стаялі па-жабрацку — бокам да вуліцы. Маладыя сяліліся пад адным дахам або будаваліся на загуменні. Цяпер крытыя шыферам і пашаляваныя дамы павярнуліся да вуліцы тварам, глядзяць на яе трыма-чатырма вокнамі.

Першым у Задворніках паставіў хату ганкам да вуліцы дзядзька Тамаш Вянгроўскі, муж адной з чатырох маміных сясцёр. Ён лічыўся ва ўсёй сям’і ды і ў наваколлі вялікім аўтарытэтам, бо без суда справядліва разбіраў спрэчкі і крыўды, мірыў ворагаў.