Выбрать главу

Сваю новую хату Тамаш Вянгроўскі пачаў будаваць у вайну, пры немцах, калі ад чужых, як казаў ён, не грэх было красці драўніну. Аднойчы, падводзячы зруб пад самыя кроквы, дзядзька паслізнуўся на імху, які клалі паміж бярвеннямі, упаў і зламаў нагу. Але хату было каму закончыць; падрасталі чатыры сыны — Манюсь, Стаська, Янка і Зюнька, дзве дачкі — Гэля і Маня. Са старэйшай, пісанай прыгажуняй Гэляй, у вайну здарылася няшчасце: наліваючы ў лямпу газу, перамешаную з бензінам, яна паднесла бідон блізка да полымя; агонь апаліў твар, пакінуў чырвоныя рубцы. Але пасля вайны яна шчасліва выйшла замуж за суседа Стасюка Карабца. Маладыя доўга не аддзяляліся ад бацькоў, бо жыць было дзе, а не было куды ісці.

Новая хата Вянгроўскіх аказалася ў самым віры бурных падзей. Стась запісаўся ў «ястрабкі», стаў працаваць у краме. У Вянгроўскіх па дарозе з Дравянік часта спыняўся ўпаўнаважаны райкома Івендзікаў, а на яго цікавалі бандыты. Аднойчы яны акружылі хату і пачалі страляць праз вокны. Больш гадзіны вёў абарону бацька з сынамі, узяўшы ў рукі сякеры, паленні, чыгункі.

Калі гулялі хрэсьбіны Карабцовага сына Геніка, першага ўнука дзядзькі Тамаша, а было гота недзе ў пяцідзесятым годзе, сляды ад куль — у акяніцах, вушаках, дзвярах — былі яшчэ свежыя, непачарнелыя. У Задворніках толькі-толькі арганізаваўся калгас. Уся вёска пайшла туды за Вянгроўскімі, бо многія спачатку аднекваліся: «Як Тамаш, так і я, ён жа мацней жыве, з яго і пачынайце». На хрэсьбіны сабраліся чалавек дваццаць. Па кругу хадзіў адзін графін з «кустоўкай». У вялікіх місках стаяла вараная свініна. А да паленай з ячменю кавы быў цёмны няслоены пірог. Гаварылі ўсе пра калгасы: як яно будзе без уласнай зямліцы, без каня, без саду, які якраз аблажылі вунь якім падаткам. Цешыліся, што ў Задворнікі прыслалі трактар з плугамі, баронамі і нават з культыватарам. Толькі бяда; трактарыст яшчэ партачыць, пясок наверх выкідвае. Падцвельвалі пад кумамі, частавалі праз адчыненыя вокны суседзяў. Назаўтра ў цёткі Тамашыхі выкуплялі «петушкі» — мясцовы варыянт «бабінай кашы». А потым шчаслівых дзеда і бабу павезлі тапіць на старой «бядзе», падаслаўшы ў яе саломы. Каб падпітыя госці не павярнулі аглоблямі куды ў гразь, прыйшлося гаспадарам адкупляцца гарэлкай і закуссю, узятымі з сабой. пад палу. ІІад вечар па вёсцы пайшлі вымазаныя сажай «цыганы» — пераадзетыя жанчынамі мужчыны, пераадзетыя мужчынамі жанчыны. Каля кожнай хаты — зноў пачастунак. Танцавалі пераважна пад язык, бо суседскі хлапчук умоў толькі факстрот «Хороши весной в саду цветочки». Захмялелы дзядзька Тамаш запяваў дрыжачым басам сваю любімую:

Служыў я ў папа першае лета, Даў жа мне пап курку за гэта. Мая кура-златапюра Па падворку хадзіла, Кураняткі вадзіла І чубок надзімала, Свайго пана пацяшала: — Куд-куда-куда-куда!..

Адступаючы ўбок, трэба сказаць, што Астравеччына ўвогуле багата народнымі песнямі, асабліва жартоўнымі, жніўнымі. Многа іх запісалі тут у 1947 годзе Я. Матулойць, у 1954 годзе — М. Грынблат, у 1970–1971 гадах — Л. Салавей, Г. Барташэвіч, А. Фядосік, А. Ліс, С. Шушкевіч, С. Бахмет, В. Скідан, К. Кабашпікаў. Вазьміце акадэмічны том «Жартоўных песень», выдадзены ў 1974 годзе. Дзесятая частка іх, 35 з 365, запісана на Астравеччыне; у іх ліку — такія песні, сёння агульнавядомыя, як «Ты сказала ў панядзелак», «Пасылала мяне маць», «Касіў Ясь канюшыну», «Як паехаў мой міленькі». Некаторыя з прыведзеных у зборніку песень («А дзе ж ты была, Міхалінка мая», «Сядзелі мужчыначкі на страсе», «Прыйдзі, прыйдзі, Яначка») сустракаюцца толькі на шматмоўнай Астравеччыне. Многія з іх спяваліся ў хаце дзядзькі Тамаша. Але, паўтараю, любімай у яго была песня пра курку, да якой потым дабаўляліся качка, гуска, індык, козачка і кароўка, і ўсё гэта падавала свой голас…

І вось паступова вялікая хата Тамаша Вянгроўскага пачала пусцець. Першым яе пакінуў Мар’ян. Выехаўшы ў Польшчу, ён ажаніўся на немцы, якая яго ратавала ў няшчасці, стаў шахцёрам. Па малапісьменнасці дапусціў растрату ў краме Стась. Пасля колькіх год турмы ён асеў па Поўначы, пілаваў карэльскі лес. Ажаніўся і аддзяліўся, збудаваўшы сваю хату, Іван; з Задворнік гэту хату ён перавёз у Астравец, стаў механізатарам па асушцы балот. Да тэхнікі пацягнула і малодшага Іосіфа — цяпер ён зкскаватаршчыкам у Маладзечне. Марыя выйшла замуж у Ліпнішкі, за Браніслава Козіча, і стала хадзіць з ім на ферму: ён механікам, а яна даяркай. У Задворніках засталася адна Галіна, якая працавала звеннявой па льну. Яе Генік, вярнуўшыся з арміі, падаўся ў Вільнюс у слесары. Старыя Вянгроўскія, пакуль маглі, хадзілі ў калгас, затым жылі з пенсіі і сотак. Вядома, і дзеці памагалі. Потым занядужала цётка Стася. Пахаваўшы яе, дзядзька Тамаш пераехаў да сына ў Маладзечна, цешыўся там цяплом, ваннай ды тэлевізарам. Але на вясну ўсё роўна прыязджаў у Задворнікі: пасадзіць бульбу, дагледзець яблыні, падперці плот. Раскіданыя па свету, усе разам Вянгроўскія збіраліся цяпер рэдка. Хіба што чыё вяселле, хрэсьбіны (ад Янкавай дачкі дзядзька Тамаш дачакаўся першага праўнука) або прыедзе з Польшчы Мар’ян ці з Поўначы Стась. Тады ўжо збяруцца сваякі і ў першай, і ў другой, і ў трэцяй «стрэчы»; беларусы і «ліцвіны», рускія і палякі.