У фурманцы Пранціш, тулячы да сябе Міхалішыўну, падняў на Лёдніка шчаслівы твар.
— Ты ж з самага пачатку гэта задумаў, Бутрым! Яшчэ ў Вільні! Грошы ўзяў, карону… Выпрабаваць мяне вырашыў?
Аблічча Лёдніка было задаволеным, як пасля дыспуту, на якім удалося ўсіх апанентаў абвергнуць.
— З табою нешта задумаеш… Хіба я мог уявіць, што ты ў вакно станеш з дзеўкай сігаць? А з’ясаваць трэба было. Ты сам мне казаў, што не ведаеш, чаго хочаш. І заставаўся варыянт, што высакародны пан Вырвіч выбера не прыгонную актрысу, а панну Макавецкую.
— І што тады? — насцярожана папытаўся Пранціш.
— Тады я проста выкупіў бы ў Батысты панну Раіну і ўладкаваў яе дзесь згодна ейнаму жаданню. На такіх актрыс у Еўропе попыт вялікі.
— Дзякую, пан Лёднік… — ціха прагаварыла Міхалішыўна, у яе вачах было столькі ўдзячнасці, што доктару стала няёмка.
— Мяне самога куплялі і прадавалі, — нагадаў ён.
Вырвіч крануў вуснамі фарбаваныя басмай валасы каханай, якім абавязкова павінен вярнуцца першапачатковы русявы колер:
— Я не буду замыкаць яе ў хаце. Яна зможа выступаць на сцэне…
Лёднік скептычна паглядзеў на маладзейшага сябра.
— Я таксама лічыў, што змагу дапусціць, каб Саламея мела медычную практыку. Паглядзім, як складзецца ваша сямейнае жыццё, пан Вырвіч. З такой легкадумнай асобай, як ты, нічога не сплануеш. Гэта ж адурэць, павалок нявесту на сцюжу, у адной сукенцы, акно выбіў, калі дзверы маюцца…
— А дзе ты столькі грошай узяў?
Лёднік адвёў вочы.
— Прафесарскі аклад за год, плюс прадаў спадчыну Разанцава, пару грашовых пацыентаў наведаў, тое-сёе ж адкладзена было, ну і набралася. Якая табе розніца?
Доктар пабуркатаў яшчэ, а пасля далікатна зрабіў выгляд, што задрамаў. Для маладой пары вельмі дарэчы.
— Я не была з Панятоўскім, — прашаптала ў перапынках паміж пацалункамі Раіна. — На Пісанні магу прысягнуць. Спявала для яго, таньчыла… Але ў яго каралеўскай мосці зараз вельмі раўнівая каханка, так што далей, дзякуй Богу, ён зайсці не наважыўся, а я вельмі старалася трымаць бяспечную адлегласць.
Вырвіч пацалаваў яе бровы, вочы і сказаў тое, што думаў.
— Мне ўсё роўна, з кім ты была… Мінулае — страшны сон, а ты са мной ад сёння і да веку…
А над горадам велічна плыў-скакаў алень Святога Губерта, пагружаючы капыты ў сінія хмары, і залаты крыж паміж ягонымі рогамі некаторыя прымалі за месяц, некаторыя — за веер з мануфактуры пана Тызенгаўза, закінуты ветрам на дрэва, а некаторыя — за наступствы добрай медавухі, толькі што выпітай у гасціннай карчомцы…
І калі і было што пэўнае ў гэтым свеце, дык гэта словы і пацалункі між двума, якія ледзь не страцілі адзін аднаго.
Раздзел трынаццаты
АПОШНІ НАЕЗД ГЕРМАНА ВАТМАНА
Калі чалавека гоніць па свеце, як сарваны ліст, неадменна ў ягонай хаце пасялілася Бадзюля, страшная істота, якая змушае чалавека падарожнічаць і шукаць краіну, дзе, вядома, лепей, чым тут…
Прагнаць Бадзюлю проста: падмесці хату, вымыць падлогу чысцютка, і ўвесь бруд выліць на заход сонца. Тады й выскачыць следам Бадзюля, нечасаная, струплівая, апранутая ў адну посцілку…
Вось, здаецца, пані Саламея Лёднік хату трымае ў чысціні, а мужа ейнага час ад часу гоніць па белым свеце, так, што невядома, ці вернецца… А як атрымаецца ў Пранціша і Раіны? Дзе будзе іхні дом, і куды панясе абаіх суворы Похвіст, зімовая завіруха?
Яны прыехалі ў Вільню яшчэ засветла, калі сінія цені дрэў клаліся на заснежаную брукаванку амаль незаўважна, а шэрае неба яшчэ не набыло колеру дыму… Пранціш даўно распавёў Раіне пра гасцінны дом з зялёнымі аканіцамі, пра пані Саламею Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, прыгожую, як Сільфіда, пра маленькага Алеся, нават пра Піфагора і Хвельку. Як жа хацелася апынуцца там, у бяспецы ды ўтульнасці, няхай і ўяўных… Дзе з карціны паглядае Арыстоцель, вельмі падобны да Лёдніка ў старасці, на каміне пакручваецца сіня-белы гадзіннік-ваза, а ў лабараторыі, умацаванай, як маленькая крэпасць, узіраецца шэрымі шклянымі вачыма ў ангельскую далеч, за мора і дзюны, васковая лялька-аўтамат Пандора…
Калі знаёмы дах яшчэ толькі паказаўся з-за заснежаных дрэў, з таго боку пачуўся стрэл і сярдзітыя крыкі… Яшчэ стрэл… А вось, здаецца, жанчына крычыць…
Лёднік высунуўся з фурманкі, выхапіў з рук наёмнага фурмана пугу і сцебануў коней.
Дом з зялёнымі аканіцамі трымаў сапраўдную аблогу. Ля яго стаяла дзясяткі два асёдланых коней, на двары, хаваючыся за дрэвы, бегалі людзі са стрэльбамі і шаблямі. Не ў мундзірах, а, відаць, найміты, бо добра ўзброеныя і з фізіяноміямі, шмат разоў залатанымі… А вось ляжыць штосьці рудое, калматае… Піфагор! Загінуў, верны абаронца…