Выбрать главу

— Пан Рысь, гэта ж адбудзецца па дамове з Расеяй… — дакорліва сказала Раіна Міхалішыўна. — Расейцы ў нашых рэформах не зацікаўленыя, і паабяцалі князю Радзівілу вярнуць сканфіскаваныя маёнткі, калі ён правядзе сойм, на якім усе рэформы скасуюцца.

Пан Рысь разадзьмуў ноздры.

— Каб не дзеўка была, на двубой выклікаў бы!

Раіна смела пасміхнулася.

— І не абавязкова, што перамаглі б! На пісталетах пан са мной не зладзіць!

Альбанчык фыркнуў, злосць ягоная трохі суцішылася.

— Ну чыста мая Магдуля! Шкада, яна прыехаць не змагла. Зноў занядужала… Не забудзься, доктар, лекаў для яе нарыхтаваць з запасам… Не, наш правадыр не здраднік! Мы яшчэ пакажам гэтым канфедэратам! Сваю канфедэрацыю створым! А можа вы, пан Пранціш, далучыцеся да нашага гурту?

Вырвіч задумліва глядзеў блакітнымі вачыма ў блакітнае полацкае неба.

— Не хачу скрыжоўваць шаблі са сваймі ж ліцвінамі. Хапіла з нас інтрыгаў ды наездаў… Паеду з Бутрымам у Ліён, толькі ўжо не лектарам, а вярнуся ў студэнцкі статус. Французская паэтыка таксама вартая ўважлівага вывучання. Яшчэ адзін дыплом не зашкодзіць. І Раіна нарэшце душу адвядзе… Доктар кажа, у Ліёне тэатр добры. Пан Антоній Тызенгаўз хоча ў Гародні такі ж зрабіць, каб Раіна была там першай зоркай, ды каб паставіць п’есу мясцовага аўтара… Ужо мне п’есу і замовіў.

— Перастаньце згадваць гэтага нягодніка Тызенгаўза, кашалёк Цялка! — угневаўся пан Рысь. — Калі вы вернецеся, на троне, можа быць, будзе ўжо іншы кароль!

— Усё можа быць… — згадзіўся Пранціш. — Галоўнае, каб Вялікае княства было.

— А куды яно падзенецца? — усміхнуўся Лёднік. — Нават калі яго пачнуць па-новаму называць, застануцца яго лясы і балаты, трыпутнік і дзядоўнік, і ўжо, напэўна, ніяк не зменіцца ліцвінскі характар, які змушае нас сядзець на цвіку і казаць, што, магчыма, так і трэба.

— Затое, калі даціснуць нас да нейкай мяжы, мы такі адпор даем, што лятуць нахабы з нашай зямлі, як кроплі з распаленай бляхі! — ваяўніча заявіў пан Рысь. — Мае прадзеды біліся на Сініх Водах, пад Воршай, пад Хоцінам! Ліцвінская шабля не затупіцца, панства!

І тут заплакала маленькая Сафійка, яе тварык смешна зморшчыўся, бяззубы раток патрабавальна адкрыўся…

Тут жа падбег Алесь, які займаўся плённай справай лоўлі ўсялякай жыўнасці з наступным знявольваннем здабычы ў слоіках. Навуковыя схільнасці паніча праяўляліся, як і баявіты характар.

— Хто скрыўдзіў маю панну-сястрычку?

Саламея запэўніла, што ўсё добра, і пайшла ў бацькоўскі дом, карміць немаўля. Лёднік цяжка ўздыхнуў і апусціў чарнавалосую галаву, у якой там-сям паблісквалі срэбныя ніты.

— Ніяк не магу дараваць сабе, што з’язджаю.

— Я таксама з’язджаю да Пане Каханку, пакідаючы дома жонку і малое дзіця, — паціснуў плячыма пан Рысь. — І не ведаю, ці вярнуся. Такі наш шлях. Кожны павінен рабіць тое, што яму належыць, не чакаючы за гэта ўдзячнасці.

— Што ж, тады будзем рабіць, што павінны. Ну і… часам тое, што дае чыстае задавальненне…

І Лёднік дастаў з-пад стала непачатую бутэльку з сінім лікворам, на святаянніку настоеным, і пан Рысь узрадваўся, як радуецца пісец, выводзячы апошнюю літару кнігі.

— Ну, за тое, каб усе ліцвіны ўрэшце вярнуліся дадому. Будзем жыць мы, будзе жыць Вялікае княства!

2012