Выбрать главу

— Прабач, пан Пранціш. Я сапраўды вінаваты перад паннай Ганулькай. За паўгады шмат што магло з ёй здарыцца. Разумееш, Саламея пра яе лёс нічога не ведала — жонку трымалі асобна ад другіх манашак. Нам і ў галаву не прыходзіла, што твая Чароўная Дама можа так абысціся з вернай кампаньёнкай. Таму, як вырашыш справы з Юдыцкім, паеду з табою ў Гутаўскі кляштар. Слова даю.

Вырвіч сурова кіўнуў, хаваючы радасць: як ён засумаваў па прыгодах на пару з Лёднікам!

— Ну што, пайшлі вячэраць? А пасля пакажаш мне сваё фехтавальнае майстэрства… драгун, — звыкла з’едліва сказаў доктар.

— Думаеш, ты такі непераможны, Бутрым? — не менш з’едліва адказаў Пранціш. — Змірыся — у баявых майстэрствах патрэбныя маладыя цягліцы! Маладая жарсць! Вайсковы досвед!

Лёднік нічога не адказаў, толькі бровамі скептычна варухнуў.

А потым Пранцішу давялося стукацца сваймі «маладымі цягліцамі» аб сцены пакоя, дзе Лёднік зладзіў трэніровачную залу. Таму што доктар увесь час зухаватага драгуна да тых сценак змушаў прыціскацца. І нават — гэта было з боку прафесара чыстае хлапецтва, — прадэманстраваў скачок, які сапраўды можна ў балагане паказваць. Пранціш нават не ўцяміў, як гэта ў Бутрыма атрымалася — вось ён перад табой, а вось адштурхнуўся нагой ад сцяны — і прыстаўляе шаблю табе між лапатак.

— Ты мяне такому не вучыў! — абурыўся Пранціш. — Гэта чараўніцтва нейкае! Несумленна!

— Не чараўніцтва, — павучальна сказаў Лёднік, у душы, па ўсім відаць, страшэнна задаволены сабой, — а добрае веданне анатоміі і механікі цела. Ну і трэнінг, трэнінг, Вырвіч! Арганізм чалавека здатны на такое, што можа падацца магіяй, а гэта проста звычайныя, але забытыя веды.

Пранціш паспрабаваў таксама скочыць на сцяну, але ледзь не паваліўся, і выйшаў з пакою злосны, як выкураная з вулею пчала.

Цікава, адкуль сам Лёднік здабыў тыя «забытыя веды»? Хіба рукапіс які старажытны адкапаў?

Лёдніка перастрэла пані Саламея, нейкая вінавата-збянтэжаная:

— Там жанчына прыйшла… Цяжарная… Просіць, каб яе паглядзела менавіта я.

Доктар нахмурыўся.

— Я ж табе казаў… Не прываджвай іх. І выкінь з галавы глупства пра ўласную практыку. Не хапала яшчэ, каб за цябе зноў узяліся, — паглядзеў на засмучоны твар Саламеі, якая, здавалася, ледзь змушала сябе не пярэчыць. — Добра, раз прыйшла кабета — паглядзі яе. Выконваючы хрысціянскі доўг. Але — ні слова лішняга! І каб нічога ў аплату табе не сунула!

Пані Лёднік апусціла вочы, у якіх згаслі, не паспеўшы бліснуць, гнеўныя маланкі, і пайшла.

Пранціш утаропіўся на доктара, які стамлёна ўсеўся ў фатэль ля каміну — сын адразу падбег да таткі і расставіў на парэнчах фатэлю сваіх жаўнерчыкаў.

— Ты што гэта, Бутрым, не толькі мяне на лейцах спрабуеш вадзіць? Дзе ж твае прагрэсіўныя ідэі наконт жаночай адукацыі?

Лёднік адкінуў чарнавалосую галаву на спінку фатэлю, пад заплюшчанымі вачыма былі цені стомы.

— Мая галоўная ідэя — зберагчы сваю сям’ю. Высакароднага пана Вырвіча, так ужо сталася, запісваю таксама ў катэгорыю сямейнікаў, калі ён не грэбуе. Саламеі заманулася стацца доктарам, — Лёднік пакрывіў вусны. — Паказвае як прыклад на нейкую шалберку Русецкую-Пільштынову, якая па свеце швэндае ды лечыць то жонак турэцкага султана, то расейскую царыцу, то Радзівілаў, ну і каханкаў па дарозе мяняе. Але хто ж такую ўсур’ёз прыме? Таксама мужа-лекара мела, ад яго і навучылася. А Саламея — жанчына сур’ёзная, самавітая. Яе баяцца стануць. У вядзьмарстве ўжо абвінавачвалі — забыўся, як мы ледзь яе адбілі? У мяне рэпутацыя таксама сумніўная, не абараню. Падай мне з паліцы тую таміну, у рудой вокладцы.

Пранціш здабыў Лёдніку вялізны фаліянт. Папера яго шаргатала, нібыта абуралася, што яе нарэшце патрывожылі.

— О, для прыкладу… Выпіскі з працэсу пінскага гродскага суда 1630 года, — торкнуў пальцам у старонку Лёднік, як у выкрытага шпега. — Жонка пінскага вознага Вячоркі Высоцкага Федзя звяла са свету жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага. Адкапала на могілках чалавечую костку, жалезныя цвікі ад труны і трохі пяску і загадала сваёй пляменніцы Сазонаўне, якая прыслужвала ў жонкі Ельскага, тры разы паскрэбці костку, змяшаць з пяском і ўсыпаць ва ўлюбёны ранішні напой пані, а менавіта цёплае піва з маслам. А костку з цвікамі і пяском пакласці, абысці тры разы супраць сонца са словамі: «Як тая косць мёртва, як тая косць анямела, так і пані маёй няхай то будзе». Самае цікавае, што праклён павінен быў здзейсніцца толькі на чацвёртым годзе. Жонка вознага памерла, і чарадзейства выявілася.