Выбрать главу

У мінулым годзе іх харугва выпадкова натрапіла на дарозе на даўжэзную калону — на вазах сядзелі старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, з хатулямі, са спехам прыхопленым з родных хатаў дабром. Хтось змрочна маўчаў, хтось плакаў, хтось маліўся, а хто і стагнаў, бязлітасна збіты. Вазы суправаджалі расейцы — аказалася, гэта высяляюць з Веткі ў Сібір старавераў, якія колісь збеглі ад пераследаў з Расіі ў Вялікае Княства Літоўскае, у якім стагоддзямі ўжываліся розныя канфесіі. Вазоў былі тысячы… Казакі зацята лупілі ерэтыкоў нагайкамі, асабліва шкада было тых, хто ішоў. Ясна — не дойдуць. Ляжа такі небарака рана ці позна проста на дарозе, у бруд, пыл ці снег, або скурчыцца ў куце прыдарожнага астрогу, і нават азвярэлыя ўдары па збітым да чарнаты целе не змусяць варухнуцца… Пранціш тады кінуўся на аднаго такога, з нагайкай, які лупіў кабету, што прыціскала да сябе немаўля… Але свае ж начальнікі — не далі заступіцца, адцягнулі… Маўляў, дамова ёсць, справа расейцаў… Ды калі такое было — каб іншаземныя войскі гулялі па краіне, як хацелі! Суд вяршылі, у працу соймаў умешваліся… Войска ж Вялікага княства ды Кароны скарацілі да смешнага, да адчэпнага… У магнатаў маюцца большыя! У таго ж Пане Каханку цэлая армія была. Вось і біўся пан за шляхецкую волю, за права «ліберум вета», пакуль не апынуўся ў эміграцыі, дзе дзівіць італійцаў ды французаў тлустай да нястраўнасці ежай ды дажджом дукатаў… Як кажуць, трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл з мушкетам. А Лёднік неяк распавёў Пранцішу, што ёсць таемная дамова паміж расейскай імператрыцай і прускім імператарам, каб не даваць у Рэчы Паспалітай тое ліберум вета скасаваць: пакуль любы шляхціц мае права сарваць сойм, пакуль у краіне няма цвёрдай рукі — яна бяспечная для ворагаў. А для падобных Вырвічу ўвогуле што за карысць біцца на баку ўлады, якая твае храмы зачыняе ды ў здраднікі цябе запісвае толькі за тое, што ты іначай жагнаешся? Да таго ж, пасля ўцаравання Кацярыны Пане Каханку паслаў ёй ліст з прапановай вернасці ўзамен за пратэкцыю ў здабыцці кароны… Але атрымаў гарбуза — царыца даўно паставіла на Панятоўскага. А каб атрымаў Радзівіл ласку расейцаў, невядома, як бы цяпер на шахматнай дошцы Еўропы фігуры расставіліся…

Пранцішу давялося быць у Варшаве, на каранацыі Панятоўскага. Цялок прывёў усю сваю радзіну, для якой дабіўся званняў прынцаў і прынцэс. А шляхта, нават прыхільнікі, стаяла і пасміхалася: многія лічылі сябе больш радавітымі, чым Панятоўскія, дый спаконвек прынцаў тут не было — хіба што князі Вялікай Рымскай імперыі, як Радзівілы. А цяперашнія тытулы — граф’я ды бароны — праўдзівае плюгаўства! Шляхціц на загродзе — роўны ваяводзе. Кароль усяго толькі першы сярод роўных, такі ж пан-брат.

Панятоўскія слых пусцілі, што паходзяць з Італіі, са старажытнай сям’і Тарэлі, што перакладаецца як Цялок, таму і ўзнік у іх герб з выявай бычка. Але ж людзей не падманеш — досыць было тых, хто памятаў, што продкі новага караля з дробнага маёнтка Панятовы ў Люблінскім ваяводстве, а першым з роду быў Марцін Цёлак Мацяёўскі, ніякі не князь, шляхцюк сярэдняй рукі, які магнатаў у ручку цалаваў.

Асабліва пасміхаліся над малым пляменнікам Цялка, цёзкам караля — Станіславам Панятоўскім, сынам праслаўленага бессаромнымі паводзінамі падкаморыя Юзафа. Хлопчык, бледны, з выцягнутым надзьмутым тварам, быў не па гадах фанабэрысты, і ўсе ведалі, што кароль прыгледзеў яго ў свае спадчыннікі — бо нібыта ўзамен за трон Кацярына Другая ўзяла з былога каханка слова не жаніцца і не мець законных дзяцей. Казалі, царыца нарадзіла ад яго дачку Ганну — яшчэ ў замужстве, і Цялок марыў, каб Кацярына развялася і выйшла замуж за яго… Але былая прынцэса Ангальд-Цэрбская цвёрда разлічвала на той трон, на прыступках якога стаяла, да таго ж Ганна памерла маленькай, і Станіслаў Панятоўскі дужа з гэтае прычыны журыўся.

Многае можна было закінуць каралю, але ягоную агіду да п’яных баляванняў, улагоджванняў дэлегатаў падарункамі, пацалункамі ды сумесным асушваннем чараў Пранціш ніяк не мог лічыць заганай. Гэтак жа, як і тое, што кароль перакладаў Шэкспіра.

Пан Вырвіч і сам папісваў вершы… Часцей, праўда, яны сканчалі свой век, як іспанскія ерэтыкі: у ачышчальным агні. І прысвячаць іх па праўдзе не было каму.

Ластаўкі крэслілі на небе складаныя руны, па якіх можна было гадаць на жыццё і смерць, але насамрэч канец яны прадвяшчалі толькі машкаце. Драгун сумна пасміхнуўся. Ці не памыліўся ён, абраўшы вайсковую кар’еру? А якім гонарам напаўнялі калісьці словы з працы пана Шымона Старавольскага, напісанай больш за сто год таму: