Выбрать главу

Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў і крыўду. Фактычна, яму ветліва паведамлялі, што могуць адправіць у адстаўку. Але — на каго крыўдаваць? Пан Малішэўскі да яго па-добраму, ратуе ад непрыемнасцяў. Сябе самога трэба вінаваціць. Упадабаў расцвельваць невукаў псеўдафіласофскімі гутаркамі… Самому весела, а дурні ўсё ўсур’ёз прымаюць. І кот з вусамі, а ганяецца за мышамі.

Пранціш ганарыста выпрастаўся, усміхнуўся зухавата.

— Няхай пан паручнік не сумняецца, выканаю як найлепей! А каму перадаць ліст?

— Ягонай мосці, пану суддзі Міхалу Юдыцкаму, асабіста ў рукі.

Пан паручнік пасля нейкі час гадаў, ці яму падалося, ці ягоны падначалены, бясстрашны пан Вырвіч сапраўды збялеў і разгубіўся, калі пачуў адказ на зусім простае пытанне? Але на вуліцы завішчэла нейкая дзеўка, зараўлі п’яныя галасы… І чарадзейны падхаружы вылецеў у пана Малішэўскага з галавы, як злятаюць воляю першага ж ветрыка пухнатыя парушынкі з лысай галавы дзьмухаўца.

Раздзел першы

ДАКЛАД ПРАФЕСАРА ЛЁДНІКА

Зала Віленскай акадэміі была напоўненая вучонымі людзямі, бы куфэрак ліхвяра — чужымі манетамі. Здавалася, ад назапашанай тут мудрасці багавейліва трымціць нават паветра. Праўда, чамусьці да багавейлівасці адчуваўся ладны дамешак зусім іншага пачуцця. Праз высокія вокны шчодра прасявалася святло сонца, не ў змозе пазалаціць строгую вопратку, драўляныя лаўкі ды насцярожаныя позіркі.

— Такім чынам, той шлях, які пазначыў Вязалій, аддаючы перавагу досведу і практычнаму спазнанню анатоміі, аказаўся куды больш плённым, чым шлях Галена, які вывучаў анатомію чалавека на трупах жывёлаў, што не ёсць ідэнтычным.

Голас дакладчыка, высокага фанабэрыстага пана ў чорнай прафесарскай мантыі і акуратным белым парыку, з драпежным носам, цёмнымі пранізлівымі вачыма і пагардлівымі вуснамі, гучаў упэўнена, як у пераможнага вайскаводцы. Хаця слухачы — шмат хто ў чорных сутанах — пазіралі на пана за кафедрай хто з жахам, хто з гневам, хто са шчырым здзіўленнем, як на жаўнера, які адзін бяжыць супраць цэлай арміі, узброены нават не вогненным мячом, а звычайнай шабелькай. Ад некаторых імёнаў, якія называліся, прысутных ажно перасмыкала. Той-сёй дык і жагнаўся. Дакладчык жа захоўваў непарушны спакой. Не звярнуў аніякае ўвагі, і калі цяжкія дубовыя дзверы прыадчыніліся, і ў залу асцярожна ўвайшоў малады драгун, чый русявы чуб зухавата выбіваўся з-пад шапкі, пры левым баку пагрозна паблісквала шабля, а чырвоныя боты нахабна рыпелі і цокалі па каменнай падлозе падкоўкамі. Іншыя вучоныя мужы незадаволена заазіраліся на прыпозненага наведніка, якога аніяк нельга было западозрыць у любові да прыродазнаўчых навук, хутчэй у тым, што зараз утворыць шляхецкага шуму. Але малады чалавек сціпла прысеў на апошнюю лаўку аўдыторыі, каля таксама нечаканых слухачоў — кабеты ў кунтушыку з цёмна-зялёнага шоўку, уздетым на светлую сукню, у парыку, прыкрашаным толькі зялёнай стужкай, і цемнавокага хлопчыка гадоў пяці ў нямецкім касцюмчыку, страшэнна важнага і сур’ёзнага. Па-праўдзе, кабета ў сціплым, але густоўным уборы магла апрануць радно альбо сает з залатой парчы, і аднолькава падавалася б казачнай каралевай. Такую велічную прыгажосць не псавалі нават гады — слухачка была не юнай, але час ад часу на яе тонкі профіль, дасканалыя ружовыя вусны, чорныя бровы, якія ганарыста ўзляталі над нясцерпна сінімі вачыма, аглядаліся і студэнты, і старыя прафесары. Але сінія вочы былі скіраваныя толькі на змрочнага дзюбаносага дакладчыка, які працягваў цвеліць аўдыторыю.

— A posteriori[2], гэтыя вынікі, якія дапамогуць пазбегнуць завялікіх стратаў крыві пацыентамі падчас аперацый у брушыне і нават на сэрцы, можна было б атрымаць хутчэй, калі б у нашай паважанай навуковай установе меўся свой анатамічны тэатр. Яшчэ Уільям Гарвей пісаў, што анатамы павінны вучыцца і вучыць не па кнігах, а прэпараваннем, не з дагматаў вучонасці, але ў майстэрні прыроды. Спадзяюся, панове пераканаліся, што вынікі маіх эксперыментаў пацверджваюць схему цыркулявання крыві ў арганізме, якую вызначыў Гарвей. Магу спаслацца таксама на працу «Элементы фізіялогіі чалавечага цела» фон Галера, а таксама даследванні Герарда Ван-Світэна і Антона Гаена з Венскай Академіі навук. Задумайцеся, панове — на двары другая палова васемнаццатага стагоддзя, ваду пампуюць з дапамогай пары, тканіны ткуць машыны, а вы ўсё яшчэ верыце, што жоўтыя рэчывы дапамагаюць ад жаўтухі, таму што колеры супадаюць, плады ў форме сэрца — ад сардэчных хваробаў, а кроў соўгаецца па артэрыях туды-сюды, як чаўнок у кроснах.

вернуться

2

A posteriori (лат. букв. «из последующего») — знание, полученное из опыта. Противопоставляется априори — доопытному знанию.