Выбрать главу

— З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.

— Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! — гнеўна сказала Саламея. — Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?

— Я абараню цябе, тата! — важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.

— Вось, дзіця напалохаў… — з дакорам прагаварыла пані Саламея.

Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў — што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.

— Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!

Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў усмешку — характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.

Побач завёў песеньку лірнік:

Ой я, малада, дзе розум падзела? За жаўнера, за зладзея сама захацела,

І ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў. Надтрэснуты голас жаласна выводзіў:

Ой, пайду я ў поле: жыта палавее. Добра мая галованька, што не акалее.

Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.

Услед зараз жа панеслася «баявітае», на заказ:

Збройныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса. Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам Бачылі землі Барэя і месца паўночнае — Рыга, З імем адным — ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога…

Пранціш ажно спатыкнуўся… Жабрак выпяваў «Караламахію» Хрыстафора Завішы, ды яшчэ ў перакладзе з лаціны! Трэба вярнуцца…

Драгун са скрухай углядаўся ў спаласаваны шнарамі і зморшчынамі твар лірніка, паўз якога нядаўна прайшоў з няўважнай пагардай. Гэта не быў твар неадукаванага палахлівага мужыка… Вочы выхоплівалі падрабязнасці, з якіх складаўся партрэт горкага лёсу: мыліца, прыхінутая да ліпы, пад якой прыладзіўся спявак, шнар ад шаблі праз увесь твар, старая жаўнерская дзяга, што сцягвала лахманы…

— Ваяваў, васпан? — ціха спытаўся Пранціш.

Сляпыя вочы лірніка былі паўпрыкрытыя, і ўсе аблічча здавалася «сляпым», невыразным. Адно што — адчувалася за гэтай невыразнасцю застарэлая пагарда, амаль інстынктыўная нянавісць да тых, ад чыёй літасці ён зараз залежыць.

— Так, ваяваў, літасцівы пане, з туркамі біўся, са шведамі, з маскоўцамі. У войску слаўнага караля нашага Жыгімонта, няхай уладзяць яго светлыя янголі ў нябёсным палацы, — голас гучэў, як бы чалавек столькі разоў паўтараў сваю гісторыю, што смяротна стаміўся, і абрыдлі яму чуллівыя падрабязнасці, бо не расчульваюць яны сэрцы.

— А вучыўся дзе?

— У піяраў, ваша мосць, у Зэльвенскім калегіюме.

Вырвіч абшарыў кішэні і высыпаў у шапку, зараз жа падстаўленую мурзатым хлапчыскам, усё да грошыка.

— А гэта ад нас! — важна прамовіў дзіцячы голас, і пан Алесь Лёднік, відаць, пасланы бацькамі, таксама кінуў манеты.

Няўжо няма справядлівасці ў гэтым свеце нават для тых, хто праліваў кроў за Айчыну? Няўжо яна — таксама бязлітасная дама, якая прымушае за сябе паміраць, але ўдзячнасці ад якой не дачакаешся? І ці не здарыцца так, што калісь Пранціш Вырвіч, стары, скалечаны, аслеплы, будзе вось так соўгацца, выпрошваючы на хлеб і ціха ненавідзячы фанабэрыстых абыякавых багацеяў?

У доме з зялёнымі аканіцамі іх чакала вячэра, радасны брэх рудога калматага сабакі па мянушцы Піфагор, прыгаворванні таўсманнага гультаяватага слугі Хвелькі і стройныя шэрагі кніг, якія мелі ўласцівасць разрастацца ў гэтым доме, як апенькі на збуцвелым пні, так што не было ніводнай сцяны, дзе калі не стаяла самавітая шафа — дык вісела паліца з папяровымі ці пергаментнымі суразмоўцамі. Шмат кніг прыбавілася пасля таго, як у мінулым годзе памёр Лёднікаў настаўнік і дарагі яму чалавек, полацкі аптэкар дзядзька Лейба, і адпісаў Бутрыму ўсю сваю бібліятэку.

Вырвіч так і не пераняў палкую любоў свайго ментара да навуковых трактатаў, але кнігі з выдумкамі, усялякімі фантастыкамі ды пра высокую навуку вершаскладання былі яму даражэй цяпер за келіх добрага віна. Драгун зняў з паліцы патрапаны томік: «Лапатачнік». Што за прыпавесць? Пагартаў… Дапаможнік па варажбе на авечай лапатцы, перакладзены з трактату Пятра Егіпцяніна… Чаго толькі ў дзядзькі Лейбы не захоўвалася! А вось табе «Таямніца таямніцаў, Арыстоцелева брама», больш вядомы ды самавіты твор, праўда, як запэўніваў Лёднік, да Арыстоцеля ніякіх адносінаў не мае. Том з «осьмі главізнаў», у якіх і «о поведаніі ваёўным», і «о прамудрасці парсуннай, яко заховаці цару жывот свой, піціем, і ядзеніем, і спаніем, і порты», і пра куплю рабоў і рабыняў, а таксама — самае Лёдніку цікавае — лекавыя парады.