Але гаварыць прыйшлося, калі развіднела і прыкідвацца, што спіш, было дурноццем.
— Нічога добрага нас усё роўна не чакае, — паныла паведаміў Бутрым. — Езуітаў, ясная рэч, пагоняць, але горш, што прышлюць на іх месца сваіх, расейцаў. Дарэчы, мне ўжо прапанавалі ў недалёкім будучым стаць рэктарам… Калі, вядома, я прыму прысягу, давяду сваю лаяльнасць і гэтак далей. З Акадэміі выключаць усіх нядобранадзейных…
— А ты што? — захваляваўся Пранціш.
— Адмовіўся. Адгаварыўся, што заняты навуковымі доследамі, не хачу лезці ў палітыку… І ў адсутнасць змовы не надта паверылі, нягледзячы на мой спектакль. Зжаруць краіну, не задушацца.
Лёднік сумна ўздыхнуў.
— Паўстануць лепшыя, загінуць… А яе вялікасць запэўніла, што Пане Каханку з ёй перапісваецца, намякае, што гатовы папрасіць прабачэння… Магнаты заўсёды сваё месца знойдуць. Вунь Аляксандр Сапега пра каралеўскую карону марыў, потым Пане Каханку горача падтрымліваў… А цяпер перад Панятоўскім прагінаецца, жонку сваю да яго падсылае фіглі строіць, як калісьці да маладога Бруля, сына сакратара Аўгуста. Такім месца ёсць, а нам — не. У Санкт-Пецярбурзе я таксама адмовіўся заставацца… Бо не магу даць імператрыцы слова, што ніколі не апынуся на баку ейных ворагаў. Цалкам магчыма, што і апынуся. І што далей рабіць — незразумела. Хаця адно пэўнае ёсць: цябе ажэнім.
Пранціш адвёў вочы: ясна, што ад свайго шчасця не адмаўляюцца, але ж часам яно з’яўляецца, як абухом па галаве, трэба радавацца — а ў цябе ў вушах звініць і ў вачах мухі мітусяцца… Ці нечыя празрыста-зялёныя вочы падміргваюць.
— А што яшчэ царыца паабяцала?
Лёднік паціснуў плячыма.
— Абацанка-цацанка, дурню радасць. Куфэрак нейкі перадала, зараз паглядзім…
Доктар пакруціўся, намацваючы нешта вакол сябе, і паставіў на калені квадратную скрынку, абцягнутую пунсовым аксамітам, з залатымі зашчапкамі. Трохі паваждаўшыся з зашчапкамі, доктар адкінуў накрыўку, і… На сіняй падушцы ляжаў няроўны, са шматлікімі выёмінамі, залаты абруч, прыкрашаны незвычайным арнаментам, з пустымі мацаваннямі для камянёў. Карона святога Альфрэда…
— Проста колазварот каронаў у прыродзе… — разгублена прамовіў Пранцысь. — Нібыта яна прыліпла да нас, як неразменны склют.
— Гэта ж я сказаў яе вялікасці, што людзі, якія маюць кароны, кіруюцца сваймі законамі, далёкімі ад звычайных чалавечых, і маюць між сабой асаблівыя рахункі, незразумелыя простым смяротным… Ну вось цяпер і я маю па ейнай волі карону… — прагаварыў агаломшаны Лёднік.
Пранцысь дастаў са скрынкі рэліквію, пакруціў туды-сюды і насунуў на галаву сына полацкага гарбара.
— А што, табе пасуе! Кароль — не кароль, але такі пагрозны друід, які вядзе племя зразаць амялу, не папярэджваючы, каго прынясуць у ахвяру пад дрэвам.
Лёднік з незадаволенай мінай сцягнуў з сябе карону і паклаў у куфэрак.
— Проста такія рэчы не могуць, відаць, знаходзіцца ў выпадковых руках і выпадковых месцах. Вось і шукае сабе месца рэліквія… Падумаем, што з ёй зрабіць. Глядзі толькі, нікому не разбалбачы, што яна ў нас, і тым больш, якім чынам дасталася.
— Думаеш, тое, што робіцца ў палацы, можа заставацца таямніцай? — насмешна адказаў Пранціш. — Ды аб тваю персону ў Санкт-Пецярбурзе ўжо ўсе языкі абмазолілі… Пэўна, хутка і ў Варшаве запляткараць.
— Галоўнае, каб нікога не чапалі, — прабуркатаў доктар і пазмрачнеў. — Сітуацыя дурная… Чым больш стануць пляткарыць — тым мацней мы будзем абароненыя. Але тым больш ганьбы для мяне і гора для маёй сям’і… Для Саламеі…
Пранціш скептычна хмыкнуў — шмат каму тая ганьба за найвялікшы гонар, а сам аж гарэў ад цікаўнасці: што ж здарылася з Лёднікам у палацы? Колькі праўды акажацца ў плётках? З доктара ўдалося выцягнуць толькі, што яе вялікасць пасля вячэры зажадала ўпэўніцца ў праўдзівасці сцверджання, што Разанцаў сябра не шкадаваў і следства ў дачыненні прафесара было суровым, а для гэтага ж неабходна пабачыць доказы на ўласныя вочы. Для чаго загадала даверанай фрэйліне таемна прывесці вучонага ліцвіна ў свой пакой.
А як там далей — снегам замяло. Полацкі алхімік зацяўся, як камень.
І хаця снег за вакном карэты паўсюль ляжаў аднолькава белы, неўзабаве павінны былі пачацца ліцвінскія землі.
Раздзел адзінаццаты
ЯК ЛЁДНІКА І ВЫРВІЧА ДОМА СУСТРЭЛІ
Продкі ведалі, што хату нельга ставіць на тым месцы, дзе калісьці праходзіла дарога, пралілася чыясьці кроў ці закапаныя чыісьці косткі… А што месца чыстае, пераканацца лёгка: паставіў гаршчок з мёдам, калі мурашы набягуць — усё добра…