— Мне паведамілі, што ты маеш падарунак асабіста ад яе вялікасці Кацярыны!
Светлыя вочы князя, здавалася, засвяціліся, як у вупыра ад жадання запусціць іклы ў шыю ахвяры. «Ды ён жа раўнуе! — дайшло да Вырвіча. — Раўнуе да шаленства!» Князь што толькі не вырабляў, абы прыцягнуць увагу Кацярыны, у Санкт-Пецярбурзе месяцамі жыў, на флейце перад тады яшчэ жонкай спадчынніка трону мелодыйкі наігрываў, паркет капелюшом падмятаў, кампліментамі сыпаў, як дзядоўнік калючкамі… Кукарэцыямі займаўся, як называлі залёты студыёзусы Віленскай акадэміі. Гатовы быў дзеля дамы самую рэдкую рэліківію здабыць ды аддаць. І дасюль надзей не страціў, медальён з пасмачкай валасоў ды партрэцікам царыцы на шыі носіць, падарункі пасылае, лісты кранальныя сачыняе. І ўсё дарэмна. Магчыма, таму, што не любіць царыца нерашучых ды мягкіх мужчынаў, а Мікалай Рапнін нездарма называў свайго сябра Багінскага мокрай курыцай.
Але такія, як магнат Багінскі, заўсёды перакананыя ў сваёй прыгажосці ды неадольнасці ўласных чараў. Таму й цяпер пазіраў князь на дзюбаносага доктара, якога памятаў яшчэ бяспраўным рабом, як індык на чырвонае, і, напэўна ж, не мог уцяміць, чым гэты прасталюдзец змог зваяваць увагу царыцы, што ў ім ёсць такога, чаго няма ў магутным прыгожым князі. Затое ўвага царыцы да доктара, відаць, падняла таго ў вачах князя настолькі, што не палічыў за ганьбу сам да яго прыехаць. Раней толькі наймітаў слаў.
— Прадай мне гэтую рэч!
Доктар ветліва пакланіўся.
— Выбачайце, ваша мосць, але хіба годна прадаваць падарункі венцаносных асобаў? Гэта абраза каралеўскай улады!
Ватман скептычна пасміхнуўся, а Багінскі злосна раздзьмуў ноздры трохі кірпатага носу.
— Я лепей за цябе ведаю, што такое годнасць і павага да трону! Забыўся, што гэта я цябе з няволі выкупіў, а, доктар?
Пранціш пачырванеў — бо князь Багінскі выкупіў Лёдніка менавіта ў яго, Пранціша Вырвіча, якому ўздумалася са злосці на ганарыстага раба прыкінуцца, што яго прадае. А давялося і прадаць. Лёднік яшчэ раз пакланіўся.
— Павек удзячны вам, ваша мосць. Але прыпамінаецца мне, што выкупілі вы мяне з умовай, каб я спусціўся ў полацкія сутарэнні за рэліквіяй, а за мной вы паслалі Германа Ватмана з загадам па вяртанні мяне забіць.
Пранціш ледзь не стукнуў доктара ў бок, каб зменшыў з’едлівасць, бо так з магнатамі не размаўляюць. Але Багінскаму нават трохі стала няёмка.
— Ну, не варта варушыць даўнія падзеі. Важна тое, што адбываецца цяпер. А цяпер, Баўтрамей, ты ў становішчы незайздросным.
— Я б на ягоным месцы адразу ў труну паклаўся і цвікамі забіўся, — дадаў Ватман. — Столькі ворагаў адразу нажылося з усіх бакоў.
— Затое мы татку любім! — выкрыкнуў Алесь і ступіў наперад з сапраўды годнай шляхецкай паставай. — Мой пан-бацька людзей ратуе! Ён доктар! А ў двубоі перад ім ніхто не выстаіць!
Саламея адразу ж адцягнула сына назад, а князь Багінскі ад здзіўлення трохі супакоіўся і адвёў вочы, памаўчаў і працягнуў больш лагодным тонам:
— Я хачу прапанаваць табе, Бутрым, месца свайго асабістага доктара. З добрай аплатай. І падару табе дом у Слоніме. І дом у Варшаве.
Гэта была шчодрая прапанова… Але Баўтрамей толькі пахітаў галавою.
— Дзякую, ваша мосць. Мне не хочацца пераязджаць у Варшаву. Дый вам было б непрыемна лячыцца ў чалавека, які вам… несімпатычны.
Багінскі ад нецярплівасці парваў карункавую манжэту. Гадзіннік на каміне адбіў час — пяшчотныя званочкі прайгралі некалькі тактаў Гайдна, і накрыўка на бела-сіняй вазе з масянжовай стрэлкай павярнулася на адно дзяленне.
— Тады скажы сам, што ты хочаш за падарунак царыцы! Нашто ён табе, што ты будзеш рабіць з каронай святога Альфрэда? На карнавал адзяваць?
— Дазвольце, ваша мосць, мы пагутарым з ім па-свойску, па— вайсковаму… — лена сказаў Ватман. — Думаю, абшукаўшы гэтую халупу, знойдзем, што трэба…
Пранціш крадма адыйшоўся і ўзяў з падстаўкі шаблі, сваю і Лёдніка… Разумеючы, што справа безнадзейная. Хай бы Лёднік лепей аддаў той кавалак золата, сам жа сказаў, што не ведае, што з ім рабіць.
Але князь Багінскі найміта супыніў.
— Такія падарункі не аднімаюць. Бо гэта абражае таго, хто дарыў. А я глыбока паважаю кожнае волевыяўленне яе вялікасці Кацярыны.
Багінскі кінуў тужлівы позірк на змрочнага доктара. Падобна, ён усё яшчэ верыў, што якая-небудзь цудоўная рэліквія альбо шчаслівы выпадак усё пераменяць і зробяць яго ўладаром над уладарамі і падораць каханне імператрыцы.