Выбрать главу

— Я, напэўна, таксама павінен быць рады, што не памёр, — глуха адказаў Лёднік. — Хаця мая наяўнасць у свеце жывых усё ўскладняе.

— Не гавары так, Варфаламей! — Разанцаў падняў на сябра змучаныя вочы. — Усё ўскладняе толькі твая ўпартасць. Ведаеш… — павагаўся ён. — У Санкт-Пецярбурзе ёсць магутныя людзі, якія даўно ненавідзяць Георгія Арлова… Ён дурны, нахабны, і царыца ад яго ўжо стамілася. Часам дазваляе сабе проста неналежнае — сам бачыў… Гэтыя людзі маглі б зрабіць стаўку на цябе, Варфаламей…

— Калі б былі ўпэўненыя ў маёй вернасці, і калі б я пагадзіўся кінуць жонку і жыць у граху, загубіўшы душу. Не, запэўніваю цябе, нічога б не атрымалася. Я не Геркулес і не Апалон. І тым болей не палацавы шваркун. Я ліцвін і люблю сваю радзіму.

— Я ведаю… — пасміхнуўся Разанцаў. — Мы і самі не чакалі такога… куртуазнага павароту. Арлоў цяпер са скуры лупіцца, каб яе вялікасць забаўляць ды задавольваць найлепшым чынам. Царыца зноў падпала пад ягоны ўплыў. Вось, мяне адсылаюць у Кітай…

— Значыць, я і табе жыццё паламаў… — задумліва прамовіў Лёднік, аднак без раскайвання. Разанцаў паціснуў плячыма.

— Гэта не такое благое месца, Варфаламей. Калі вярнуся, змагу заняць яшчэ больш высокую пасаду, чым тут.

Сябры — былыя, ці не — не разабраць, ізноў памаўчалі.

— Ведаеш, хачу сказаць, як бы цябе ні цкавалі, штосьці кепскае рабіць цяпер пабаяцца. Яе вялікасць не забываецца на тых, з кім была хоць аднойчы. Ты заўсёды можаш ёй напісаць і папрасіць абароны.

Выразна перакрыўленая фізіяномія Лёдніка сведчыла, што аніколі ў жыцці такога пісьма ён не напіша, няхай бы зноў на кавалачкі дзёрлі.

— З’язджай у Вену, Баўтрамей… — ціха прагаварыў Разанцаў. — Ва ўніверсітэце цябе добра ведаюць. Альбо ў Прагу, у Лейпцыг. І там палітычныя мітрэнгі, але там ты чужы, цябе ў інтрыгі не ўцягнуць, а добрыя дактары патрэбныя ўсім аднолькава. Ты вялікі вучоны. А тут хутка будзе горача. Ведаеш, царыца перапісваецца з магілёўскім біскупам Георгіем Каніскім, пра тое, як абараніць тут праваслаўную царкву. Хутка праваслаўная і пратэстанцкая шляхта збярэцца, падпішуць зварот да імператрыцы, каб заступілася. Пачнецца вайна. Гэтыя землі ўсё роўна ўвойдуць у склад Расіі. Ты не зможаш застацца ўбаку, а куды цябе занясе пры тваім характары — не ведаю…

Прафесар правёў рукой па худым твары.

— Дзякуй за клопат. Я падумаю.

Разанцаў уздыхнуў.

— Пакідаю табе ўсё, што магу… Вось купчая на дом, коней у стайні забярэш… Усё, што ў доме — мэбля, карціны. Мне — навошта… Няма куды цягнуць.

— Не вазьму, — зацяўся Лёднік.

— А я не табе пакідаю. А твайму сыну. Можаш зладзіць тут шпіталь, як марыў… Але найлепей — з’язджай…

Памаўчаў.

— Вось жа, і браты мы па веры, і аднадумцы ў навуцы, а так атрымалася… Спадзяюся, нам не давядзецца адзін аднаго забіваць.

— Кожны павінен выканаць свой доўг перад Айчынай, — ціха прамовіў Лёднік. — Проста Айчына ў нас розная. Ведаеш, я — просты паходжаннем чалавек, але я палачанін… У 1605 годзе ў маім горадзе быў прыняты маніфест, у якім «рыцарства і абывацельства Полацкага ваяводства» заяўлялі, што «ніякія кошты, цяжары і бяспека не такія важныя, як свабода. Яна наймілейшая і найудзячнейшая, пад ёй мы нарадзіліся, жывём і хочам яе цэлую, непарушаную нашчадкам нашым пакінуць…»

На развітанне яны пастаялі моўчкі, хаваючы вочы, а потым усё-ткі рыўком абняліся.

Назад доктар з драгунам ехалі, не размаўляючы, падаў снег, мядзяна-залацісты ў святле ліхтароў, і можна было не азірацца, каб упэўніцца, што сляды твае замяло.

Гэтак жа, як і кафедру прафесара Лёдніка ў Віленскай акадэміі.

Рэктар быў з калегам выключна ветлівы, і выдаў гадавую аплату, але — паколькі лекцый прафесар з пачатку навучальнага году не чытаў, студэнты з сярэдзіны сяместру не могуць жа ўзяцца за вывучэнне прадмету… Так што пагуляйце да наступнага верасня, прафесар. У вас багатая медычная практыка, можаце чытаць факультатыўныя лекцыі… Аптэка акадэмічная зноў жа пад вашай рукою застаецца.

Але на прыём да доктара Лёдніка запрасіліся адразу ўсе… Нават той жа рэктар пачаў жаліцца, што ў спіне штось страляе, быццам фартэцыя абараняецца ад злога войска, і добра было б, каб шаноўны калега ўлучыў часу на кансультацыю, а яшчэ лепей — на свой цудадзейны масаж…

Рэшту дня прафесар правёў у лабараторыі, рыхтучы лекі — мікстуры, адвары, мазі, нават памочнікаў не папрасіў. Вырвіч ведаў, што доктар такім чынам змагаецца з моцнымі перажываннямі. Альбо фехтаваннем, альбо зельніцтвам. Але як прыехаў, за шаблю яшчэ не браўся. Відаць, хапіла пакуль з яго збройных подзьвігаў.