Падскарбій проста прапанаваў Лёдніку, без усялякіх нюансаў ды ўгавораў, скласці праект стварэння ў Гародні вышэйшай медычнай школы. Якія мусяць быць кафедры, якое абсталяванне, колькі студэнтаў, каго браць на вучобу… Ну і хто мог бы там выкладаць. Зразумела, Лёднік быў адным з галоўных кандыдатаў.
Бутрым дапамагчы згадзіўся, і адразу параіў запрасіць прафесара медыцыны з Каралеўскага Ліёнскага каледжу Жана Жылібера, з якім меў ліставанне і агульныя погляды на тое, якім мусіць быць медычнае навучанне і шпіталі, а ў іх не павінны хворыя валяцца на саломе, ці па трое на адным ложку, як паўсюдна здаралася.
Вырвічу нават прыйшло ў галаву, ці не лёс ім цяпер надоўга затрымацца ў Гародні?
Так што калі Батыста разлічваў уразіць фанабэрыстага доктара новымі штукарствамі, яму гэта не ўдалося, бо Лёднік прадстаўленне глядзеў у паўвока, адцягнуты сур’ёзнымі дзяржаўнымі размовамі. Толькі тады, як Міхалішыўна заспявала арыю Дыдоны, нават Тызенгаўз змоўк і ўтаропіўся на сцэну праз павелічальнае шкельца на ручцы са слановай косткі.
— Вось бы такую актрысу для майго тэатру… — прамармытаў ён, а гэта быў ужо амаль план дзеянняў.
А Вырвіча ажно да душы кожная нотка спеваў даставала… Гэх, нашто такі талент на фокусы траціць — няхай бы Раіна Міхалішыўна іграла проста ў оперы ці ў п’есе, гэта было б самае ўражлівае… Гэта было б мастацтва… А так — балаган, дзіцячы бой на палках-пальцатах, у якім змусілі браць удзел дарослага і знакамітага вайскаводцу.
Між тым прадстаўленне падыходзіла да канца. Хто хацеў, атрымалі прагнозы на паспяховую будучыню. Хто хацеў, налюбаваўся егіпецкай прынцэсай… Магі раскланяліся, і Вырвіч ажно падскокваў, каб хутчэй адправіцца з імі на спатканне. Дакладней, пабачыць Міхалішыўну. Ледзь дачакаўся, пакуль скончыцца цырымонія развітання з ягонай мосцю падскарбіем.
Цяпер з віленскім прафесарам раскланьваліся асабліва ветліва ўсе, хто бачыў, што ён сядзеў у адной ложы з гэткай важнай персонай і меў з ёй доўгую і змястоўную гутарку. Той-сёй, праўда, пазіраў зверавата, бо рэформы Тызенгаўза пачыналі выклікаць і сапраўднае шаленства, асабліва ягоныя рэвізіі каралеўскіх уладанняў ды правядзенне добрых дарог, якія часцяком праставалі праз шляхецкія землі, што лічыліся непарушнымі.
Пара Пфальцманаў расчынілася ў натоўпе, як цукар у кіпні. Асцярожлівы Якуб добра памятаў, чым заканчваюцца спатканні з былым аднакурснікам.
Але і тут для Вырвіча выпрабаванні не скончыліся. Лёднік, замест таго, каб нарэшце пайсці сустракацца з Батыстай, моцна ўхапіў Вырвіча пад руку і павалок некуды ў другую частку залы, спрытна слізгаючы між прыбраных гасцей, занятых свецкай гаворкай. І вось — невысокая пані ў старасвецкім багатым каптуры і строгай чорнай сукенцы, а побач з ёю танклявая дзяўчына з вялізнымі цёмнымі вачыма, рахманымі да наіўнасці. Ганулька Макавецкая з цёткай! Вось што Лёднік, апякун клапатлівы, утварыў…
Шчокі Пранціша запалалі, але чамусьці не ад радасці. Між тым пані Гартэнзія расцалавалася з Лёднікам, і драгуна доўга туліла да грудзей, той аж ледзь не зачхаўся ад моцнай саладкаватай парфумы з прысмакам лекаў. А Ганулька зачырванелася амаль да слёзаў, калі Пранціш пацалаваў яе халодную, як пралеска, ручку…
— Дай вам Бог здароўя, пан доктар, так вы мяне палекавалі, такія парады далі! Год таму я б да Гародні не дабралася.
Пані Гартэнзія падала знак, і лёкай спрытна паднёс ёй сінюю шкляніцу з нюхацельнай соллю. Пані некалькі разоў удыхнула пах лекаў, адкашлялася, прыкрываючы рот хустачкай.
— Але не, ваша мосць Лёднік, больш я на такія вядзьмарскія вечарыны не пайду! — рашуча заявіла пані. — Зусім свет сапсаваўся… Змеяў, гадаў сатанінскіх, абдымаць! А гэтая распусніца з голымі нагамі! Чаму ёй толькі пяты не падсмаліла?
Вырвіч ледзь стрымаўся, каб не заступіцца за Міхалішыўну.
— Але добра, хоць нагода надарылася дачушку ў свет вывезці. Мы спыніліся ў камяніцы насупраць Новага замку. Заўтра сходзім на імшу ў Фарны, а тады чакаем вас з панам Пранцішам, і разам адправімся ў Ляшчыны.
Пані Гартэнзія азірнулася на Пранціша і Ганульку, якія, здавалася, вялі ветлівую размову, і нейкі сумніў адбіўся на яе твары.
— Часам мая Ганулька нагадвае мне слуцкую князёўну, Сафію Алелькавіч, — прамовіла да Лёдніка пані Гартэнзія. — І абліччам, і рахманасцю сваёю, і дабрадзейнасцю… Княжна Сафія стала жонкай Януша Радзівіла, і напакутвалася, бедная. Бо хоць муж яе і кахаў напачатку, але ён быў ваяр, буяш, любіў тлум ды небяспечныя забавы. Нічога добрага не атрымліваецца, калі такія розныя натуры з’яднаць.