Выбрать главу

— Гэта немагчыма, пан Вырвіч. Батыста мяне не прадасць.

— Ну і кадук з ім!

Драгун азірнуўся. Магі сядзелі насупраць адно аднаго, выскаліўшыся, як два ваўкі над адным кавалкам мяса. Раптам Лёднік выкінуў руку ў бок каміну, і свечкі на ім згаслі.

Налаўчыўся ўсё-ткі, вось упарты! Саламінай сцяну прадзяўбе, калі заманецца. Батыста напружыўся…

Падобна, паны магі ў бліжэйшы час будуць грунтоўна занятыя.

Вырвіч вывеў Міхалішыўну ў калідор між жылымі пакоямі, які заканчваўся вакном-эркерам. У святле ліхтара, да якога на вуліцы падляталі снежныя пчолы, афарбоўваючыся ў мядзяны колер, Пранціш зазірнуў у зялёныя спалоханыя вочы.

— Пойдзеш са мной?

— Пайду! — дзяўчына нават на імгненне не прамарудзіла, быццам адказ быў гатовы раней, чым прагучала пытанне.

Пранціш прагна прыпаў да яе вуснаў, потым змусіў сябе адарвацца, хаця галава знаёма круцілася. Amantes sunt amentes.[16]

— Тады бяжым! Зараз жа!

І зноў яна нават не перапытала, куды бегчы, навошта… Не згадала, што трэба штосьці з сабой прыхапіць. І ён ведаў, што яна сапраўды пойдзе за ім паўсюль, і вытрымае ўсё, і нічога не папросіць… Асаблівага плану ў драгуна не было, ён ведаў адно: ён мусіць забраць гэтую дзяўчыну з сабой зараз жа і ніколі не адпускаць. Можна рушыць у Падняводдзе. Дамок там стаіць, зямлю ў арэнду здалі, а хата пустуе.

Пранціш зняў з сябе кунтуш, захутаў дачку крывіцкага паўстанца і ірвануў раму вакна… І хаця яно было зачыненае наглуха, пад націскам распаленага драгуна дасталася з праёму, як рамка з вулею.

Вырвіч ужо адной нагой стаў на падваконне, калі ў калідор забег раз’ятраны Лёднік:

— Стой, блазнюк! Што ты творыш!

— Бутрым, не мяшайся! — крыкнуў Пранціш, але Лёднік ужо агаліў шаблю і адным скачком апынуўся ля вакна.

— Пану цацак мала? — доктар быў угневаны, як ніколі. — Карчмарак паціскаў, цяпер артыстку захацелася?

Вырвіч выхапіў шаблю.

— Я з ёй ажанюся! Сёння ж абвянчаемся!

У калідоры паказаўся Батыста, які, аднак, умешвацца не стаў, бо туды, дзе блішчаць шаблі, набліжацца не любіў. Проста скрыжаваў на грудзях рукі і перадаверыў разбірацца са сваім вучнем віленскаму прафесару. Лёднік крыва пасміхнуўся.

— Жаніцца, значыць, сабраўся? А як жа Ганулька Макавецкая?

— Я яе не люблю!

Пранціш упарта нахіліў галаву, трымаючы шаблю напагатове.

— А гэтую актрысу, прыгонную, між іншым, з прыгажосці якой скарысталіся шмат разоў, хто хацеў, любіш? Прабач, не веру. Проста пабачыў чужую прыгожую забаўку і захацеў прыўлашчыць.

Міхалішыўна вінавата апусціла галаву, яе вусны дрыжэлі. Пранціш наставіў на Лёдніка лязо.

— Я яе кахаю! Яна вінаватая ў тым, што з ёй адбылося, не больш, чым ты, разумнік, калі ў рабстве быў! Яна чысцей за цябе! Дай сысці!

— А ты яе спытаўся, можа, яна проста ад гора гатовая збегчы з кім заўгодна? А актрыса яна выбітная. Сыграе любую любоўную пакуту…

Пранціш, схаладнеўшы, кінуў позірк на Раіну, у яе вачах стаялі слёзы.

— Мія кара, заканчвай з гэтым жаўтадзюбікам. Пацешылася, і хопіць, — голас Батысты быў вальяжна-насмешны. — А то зараз увесь дом выстудзіш. Не выспімся, а нам з’язджаць рана…

Лёднік выпрабавальна глядзеў на Раіну. Тая смела сустрэлася з ім вачыма.

— Я не прыкідваюся. Я гатовая быць пакаёўкай пана Вырвіча, чорную работу рабіць, абы з ім…

— Ты будзеш пані Вырвіч, альбо я ўвесь свет нашаткую! — заявіў Пранціш, і адчуваў у сабе сілы здзейсніць пагрозу. — Без цябе мне нічога не трэба, нават самога жыцця! Усё, што маю, прадам, калі спатрэбіцца, а цябе выкуплю!

— Не гаварыце так, пан Пранціш… — па шчоках Міхалішыўны каціліся слёзы ўжо ручаямі.

— Хопіць разыгрываць сцэну з Рамэа і Юліі…— незадаволена кінуў Батыста. — Доктар, ды ўтаймуйце вы ўжо свайго маладога сябра!

— І праўда, хопіць драмы… — прагаварыў Лёднік, і Пранціш ускінуў шаблю.

— І ты будзеш біцца са мной, блазнюк? За прыхамаць, якая прынясе ўсім толькі гора? — Лёднік пакруціў шабляй, як бы лёгенька, але лязо са свістам разрэзала паветра. — У цябе ўсё роўна ніякіх шанцаў супраць мяне, сам ведаеш…

— Ведаю… Але буду біцца! — Пранціш пільна сачыў за кожным рухам доктара. — І калі ты мяне не заб’еш зараз — я ўсё роўна вярнуся за Раінай!

— І пану не будзе сорамна, што ажаніўся з мужычкай? Ты ж пра князёўну, між іншым, марыў, — здзекваўся доктар.

— Вось я яе і знайшоў, — упарта прагаварыў Пранціш, не зважаючы на шчыры рогат Батысты. — Давай, Бутрым, не марудзь! Альбо адпусці нас, альбо давай біцца!

Міхалішыўна дрыжэла, пазіраючы з адчаем на адкрытае вакно… Але доктар схаваў шаблю ў ножны і пахмура кіўнуў у бок другога канца калідора.

вернуться

16

Закаханыя — гэта вар’яты (лац).