— Пазнаю пана Вырвіча. Ні плана ніякага, ні разумных дзеянняў… Выбухнуць, кінуць, рынуць, і хоць трава не расці… Пайшлі ў залу, дамовімся па-даросламу. Слова даю, трымаць вас больш не стану, захочаце — сыдзеце. Acta est fabula.[17]
Вырвіч змрочна паглядзеў на Лёдніка, але шаблю хаваць не стаў, абняў левай рукой Раіну і павёў услед за доктарам і Батыстам.
Свечы свяцілі яшчэ больш цьмяна, быццам іх абразіла магічнае загашэнне.
— Ну што, пан егіпецкі жрэц, колькі вы хочаце за вашу асістэнтку? — стамлёна прагаварыў Лёднік.
Батыста раззлаваўся.
— Ды я за яе ў свой час пяцьсот дукатаў адваліў! А колькі ўклаў у ейнае навучанне, каб адшліфаваць гэты талент! Ды цана найменш удвая ўзрасла!
— Значыць, тысяча дукатаў… — задумліва прамовіў Лёднік, адчыніў валізу і раптам кінуў на стол цяжкі мяшок.
— Пералічыце і давайце сюды паперы…
Пранціш разгубіўся: адкуль у доктара з сабою такое багацце?
А Батысту як вада з гусі.
— Грошы немалыя… Але з дапамогай графіні Батысты я магу зарабіць яшчэ больш. Да таго ж, пан Лёднік, вы не думаеце, што ў мяне могуць быць свае сардэчныя схільнасці? Я ажаніцца са сваёй прыгажунькай сабраўся… Ужо столькі гадоў разам, у адным ложку, пачуцці правераныя… Лепшую наўрад знайду.
— Знайдзі хаця б тую, якую ванітаваць ад тваіх дотыкаў не будзе! — выкрыкнула Міхалішыўна, і Батыста злосна прыжмурыўся.
Цяпер ясна, калі Раіна застанецца ў гэтым доме, яе чакае самае суровае пакаранне. І Пранціш вырашыў біцца да апошняга…
— Значыць, тысячы дукатаў пану за ягоную асістэнтку мала… — задумліва прагаварыў Лёднік.
— Запэўніваю, у вас ніякіх грошай не хопіць! — насмешна пацвердзіў Батыста. — А паводле закону, калі звезяце маю маёмасць, я заўтра ж падам у суд, і дзеўку мне вернуць з жаўнерамі, а вы сядзеце ў вязніцу.
Лёднік на насмешкі італьянца ўвагі не звярнуў, зноў палез у валізу і дастаў знаёмы квадратны куфэрак, абцягнуты пунсовым аксамітам, адчыніў.
— Карона вульгарыс, звычайная, трохі памятая, але пазнавальная, арнамент друідычны…
Пакуль Лёднік блазнаваў, Батыста ажно ўсякую раўнавагу страціў, ягоны рот ледзь сліну не пускаў, а рукі самі цягнуліся да рэліквіі, як у прапойцы да кварты.
— Адкуль… — прахрыпеў ён.
— Шпегі вашы слаба працуць, — усміхнуўся Лёднік. — Усё законна, падарунак яе вялікасці імператрыцы.
— А, — саркастычная здагадка з дамешкам зайздрасці мільганула ў шэрых, шырока расстаўленых вачах мага. — Плата за палкую ноч… А я думаю, чаму ваша мосць дасюль не генерал і не ўладальнік вялікіх маёнткаў, яе вялікасць шчодрая да фаварытаў. А вы вось што атрымалі…
— А пан Манчыні, трэба разумець, са свечкай каля мяне ў тую ноч стаяў, каб у фаварыты запісаць. У любым выпадку, я не бяру платы за каханне, — халодна прагаварыў Лёднік. — А гэта — так, сувенір, забаўка напамяць… Магу прапанаваць як дадатак за выкуп вашай асістэнткі.
Батыста перавёў позірк на Міхалішыўну, якая ўхапілася за Пранціша, як той, хто патанае, за човен.
— Жанчын час ад часу трэба мяняць… Тым болей такіх, якія могуць цябе нажом пырнуць. Не паверыце, пан Пранціш — спрабавала, і не раз. Добра, пан Лёднік, пагодзімся…
Папера на куплю-продаж актрысы Раіны Міхалішыўны была падпісаная ў прысутнасці сведкаў, прыведзеных прыслугай з бліжэйшай карчмы, дзе заўсёды аціраліся «юрысты з палестры». Потым Пранціш Вырвіч засведчыў, што адпускае сваю набытую кметку Міхалішыўну на волю, на што таксама была складзеная адпаведная папера.
— Калі яшчэ адзін чалавек у гэтым свеце выходзіць са стану рабства, свет робіцца на прыступку вышэй да неба, — задаволена прамовіў Лёднік. — Бывайце, пан Батыста! Паслухайцеся маёй парады: едзьце ў Ангельшчыну! Карона святога Альфрэда — рэч не простая, бачыце, як гаспадароў мяняе… Проста як валан у гульні. Магчыма, сапраўднае месца ёй толькі на радзіме, у скарбніцы ангельскіх каралёў. Да таго ж, там вам заплоцяць даражэй за ўсё. Кароль Георг неадменна захоча пакрасавацца перад сваім бунтоўным народам у кароне, якую насіў святы Эдуард Спаведнік, ды ўцерці нос вігам.
— Слушная парада, прафесар, — усміхнуўся маг, прыціскаючы абедзьвума рукамі да сябе куфэрак, як вясельны каравай. — Шчыра спадзяюся больш з вамі не сустрэцца.
Перавёў позірк на Міхалішыўну.
— А ты, мія кара, заўсёды можаш вярнуцца, калі надакучыць засцянковае жыццё і засумуеш па вялікіх сцэнах ды ўвазе каранаваных асобаў.
— Хутчэй памру! — з нянавісцю прамовіла Раіна, і госці сышлі з дому, асветленага чужым золатам і цьмянымі свечкамі.