Выбрать главу

— У кітайскай кухні спалучаюцца неспалучальныя элементы, — адкашляўшыся і тыцнуўшы лыжкай у варанае вока, пачаў лекцыю прафесар. — Напрыклад, у страве «Буда пералятае праз сцяну» у адным гаршку знаходзяцца плаўнік акулы, кальмар, качаціна, кураціна, свіная нага, бараніна, парасткі бамбука, грыбы і яшчэ немаведама што. Паводле легенды, адзін падарожны гэткім чынам схаваў у гаршку ўсе свае прыпасы, і атрымалася такая смачная страва, што на яе пах з бліжэйшага кляштара палезлі праз сцяну манахі, апраўдваючыся, што гэтак зрабіў бы і сам Буда.

— Я не хачу гэта… з вачыма… есці! — рашуча заявіў Алесік. — Я бліноў хачу!

— Колькі галодных людзей былі б шчаслівыя мець такі пачастунак на стале! — строга сказаў Лёднік, які сам, аднак, не спяшаўся несці лыжку ў рот. — І спадар Лі пакрыўдзіцца… Кулінарыя — таксама від мастацтва!

— Усё, заканчвайце дзівіцца! — рашуча заявіла Саламея. — Спадар Лі — жартаўнік, ён спецыяльна прысылае такія… спецыфічныя стравы. Помніш, Бутрым, як ты мінулы раз соду глытаў пасля ягоных прыправаў? Маіх бліноў хопіць на ўсіх.

Палачанка ўзяла рушніком са стала цёплы гаршчок і паставіла на падлогу.

— Піфагор, любіш кітайскую кухню?

Руды сабака падсунуўся да гаршчка, прынюхаўся, падціснуў хвост, пакрыўджана гаўкнуў і выбег з пакою. Пранціш не стрымаў смеху.

— Гэтую страву трэба назваць не «Буда пералазіць праз сцяну», а «Піфагор уцякае на двор».

Куды ўрэшце адправіліся кітайскія далікатэсы, Вырвіч не высвятляў.

Гасіў уночы прафесар свечку кулаком на адлегласці ці не, невядома, але наўрад. Таму што, калі ў горадзе зніклі агні самым звычайным спосабам, у дом з зялёнымі аканіцамі прыбеглі ад чарговага пацыента, якому стала кепска, і Лёднік, сабраўшы доктарскую валізку і прачытаўшы кароткую малітву святому Панцеляймону-ацаляльніку, адправіўся ратаваць яшчэ адно чалавечае жыццё, і, пэўне ж, начхаць няшчаснаму хвораму было на ўсе гумаральныя і магнетычныя тэорыі, на вучоныя дыспуты і на блюзнерствы ягонага лекара.

Але калі драгун Вырвіч прадраў нараніцу свае блакітныя сумленныя вочы, гаспадар з дому ўжо сышоў. Пані Саламея патлумачыла — выклікалі ў дэканат. Трохі трывожна, вядома, але ж вось-вось пачатак навучальнага году, у прафесуры справаў шмат. Вырвіч хадзіў па доме, пазяхаючы, і падумваў, ці не падацца ў карчомку…

І тут вярнуўся гаспадар. Прайшоў хуткім крокам праз вітальню, здымаючы на хаду капялюш і перавязь з шабляй.

— Вырвіч, у кабінет!

Да бабкі не хадзі — здарылася нешта паганае.

Прафесар глядзеў на свайго былога ўладальніка, як бацька кінутай нявесты на здрадлівага жаніха.

— Калі я прысягаў вашай мосці, што паеду з вамі ў Гутаўскі кляштар, я не думаў, што патрапляю ў такую пастку. За трыста дукатаў мяне Юдыцкаму запрадаў? Мая цана ўзрасла за апошнія гады?

Вырвіч разгубіўся. Ён жа долю доктара не ўзяў… За ім пакінуў права вырашаць. У чым драгун горача і паспрабаваў пераканаць Лёдніка. Прафесар махнуў рукой.

— Ну, усё роўна позна на малако дзьмуць, калі кіпнем апёкся… Мне даюць адпачынак на месяц. Каб я мог выканаць богаўгодны ўчынак, суправадзіць хворага ў паломніцтва, за што мне абяцана, аказваецца, трыста дукатаў. Калі я не еду — маю кафедру закрываюць. Зусім. Яшчэ і студэнтаў, з якімі я індывідуальна займаўся — каторыя з бедных — вытураць з Акадэміі.

Пранціш унурыўся. Падобна, што ў хітрамудрай навуцы дыпламатыі ён яшчэ навіцыянт, і заслугоўвае не дукатаў, а галавы казла, якую цар Іван Жахлівы паслаў старасце Аршанскаму Філону Кміце-Чарнабыльскаму за правал «выбарчай кампаніі», што мусіла ўзвесці маскоўскага ўладара на трон Рэчы Паспалітай.

— Ясна, Юдыцкі да езуітаў звярнуўся…

— Не Юдыцкі, а тыя, чыю волю выконвае суддзя, — строга сказаў Лёднік. — І цяпер у мяне выбар — альбо ўсё кінуць, забіраць сям’ю і з’язджаць — але тут могуць пацярпець бязвінныя людзі, альбо… ехаць з табою суправаджаць хворага пана да святых мясцінаў.

— Як жа, хворага… — скептычна прабурчэў Вырвіч, хаваючы няёмкасць. — Будзе такі ж маскарад, што калісьці ўчыніла нам панна Багінская. Памятаеш, пераапранулася ў мужчынскі касцюм і ўвязалася за кампаніяй?

Лёднік, аднак, нават не ўсміхнуўся.

— Не забывай, што я — спрактыкаваны лекар. І калі патрабуюцца мае паслугі, значыць, ёсць што лячыць — думаеш, я не адрозню таго, хто прыкідваецца, ад сапраўды хворага? Рэктар прасіў, каб я ўзяў у дарогу як мага больш лекаў, асабліва ад запаленчых працэсаў.

Пранціш зразумеў, што Лёднік у душы пагадзіўся з тым, што давядзецца адпраўляцца ў падарожжа. І — насуперак усяму — у душы драгуна, як бурбалкі ў шампанскім, узвіхурыла радаснае прадчуванне новых прыгодаў.

І ўжо зусім не здзівіла, калі тым жа вечарам падхаружаму Вырвічу прынеслі ліст ад паручніка Малішэўскага з дазволам працягнуць адпачынак, каб суправаджаць хворага шляхціца Якуба Шрэдэра.

Дык, можа, і няма нічога падступнага ў гэтым даручэнні? Можа, дарэмна прафесар пераймаецца і Пранціша палохае?

Пані Саламея так і разважала, праз два тыдні рыхтуючы мужчын у дарогу, жартавала, напявала… Але Пранціш бачыў у яе сініх вачах тугу і спалох.

Вырвіч не паленаваўся схадзіць да банкіра Мамоніча, спраўдзіць, што належыць перадаць Ганульцы. Куфэрачак з каштоўнасцямі, упрыгожаны срэбнымі налепкамі з выявай герба Агінец, Пранціш перабіраць не стаў, але здагадваўся, што пасаг у цемнавокай сціплай паненкі Макавецкай цяпер немалы.

Куфлі ў апошні вечар перад выправай у дарогу прыгожанькая Рыўка налівала Пранцішу Вырвічу з верхам, а ўсміхалася з абяцаннем… Зоры над Вільняй былі буйнымі, як залатыя яблыкі, здавалася, іх можна стрэсці з нябёснага дрэва, варта толькі знайсці, дзе звісаюць ягоныя галінкі, каб ухапіцца… І няхай дзесьці за акіянам пані Паланэя гушкае рудавалосага сынка, знойдзецца вялікае каханне для пана Вырвіча і на Беларусі…

Хто бярэцца з намі піці, Той нясумна будзе жыці. У забавах гора гіне, Зноў лье піва гаспадыня. Захлябнецца гора півам, Грукнуць келіхі шчасліва. Будзем піці, жартаваці, Будзем славіць Вакха, браце. Першы тост звычайна п’ецца За ўсіх тых, хто тут збярэцца. П’ем, другі, каб волю меці, За жыццё падымем трэці. Чацьвёрты за Царкву Хрыстову, Пяты за моц князёву. Шосты за людзей вольных, А потым п’е хто здольны.

А раніца нагадвала стол, накрыты па старажытным звычаі, калі мяса абавязкова падавалася пад чатырма падліўкамі: жоўтай, з шафранам — гэтак выглядаў таненькі пасак аблокаў, пазалочаны сонцам; чырвонай, з вішнямі — бо вышэй неба чырванела; чорнай, з працёртымі слівамі — цямнелі абрысы вострашпілевых віленскіх будынкаў на фоне золку; і шэрай, з варанай цыбулі. Шэрага было больш за ўсё, бо халодны туман адступаў неахвотна, быццам начны драпежнік, які не паспеў загнаць кіпцюры ў здабычу, пакуль не развіднела, і цяпер змушаны сыходзіць у логвішча галодным.

Маўклівы Лёднік, захутаны ў чорны дарожны плашч, ад чаго страшэнна прыпадабняўся змерзламу крумкачу, пахмура пазіраў на брукаванку, аб якую нетаропка пацоквалі капыты ягонага каня, гэткага ж пахмурага. На брукаванцы не валялася нічога цікавага, акрамя разбітых надзеяў. Змястоўная карэта са шчыльна заторгнутымі чорнымі фіранкамі, якую належала суправаджаць да Гуты, была вельмі звычайнай. Без гербаў, без асаблівых аздобаў. Колькі такіх трасецца на дарогах краю, везучы падарожных па слядах няўлоўнай Фартуны! Але Пранцішу Вырвічу гэтая карэта чамусьці нагадвала пахавальную. Можа, таму, што ў ёй было ціха, як у труне, і яна гэтак жа захоўвала страшную таямніцу. А што, калі і праўда там нябожчык? Той пан Якуб Шрэдэр ні разу не высунуўся, голасу не падаў. Толькі ягоны суправаджаючы, ён жа — галоўны ў іхнім падарожжы, які прадставіўся панам Зыгмунтам Гросам, паказаўся быў з вакна карэты, каб прывітаць Баўтрамея і Пранціша, але Вырвіч у прыцемку толкам яго і не разгледзеў. Фурман маўклівы, як брукаванка, ды й моцны, як камень: вунь якія плечы, і два пісталеты за поясам…