Ну дык вось, прыкраса будучага Вырвічавага рамана — сцэна, у якой герой, каб паказаць, што вяртае давер чалавеку, з якім быў пасварыўся, дазваляе яму сябе пагаліць. Падстаўляе шыю пад лязо.
Дамініка мае рацыю: трэба адыходзіць ад велягурыстых апісанняў, хопіць апяваць рыцара Плексігласа, харобрага пераможцу цмокаў. Час вучыцца паказваць выразнымі словамі звычайныя, побытавыя рэчы... Усю праўдачку жыцця, хай яна гарам гарыць. Вось, прыкладам, вытанчаная маладая жанчына з белымі валасамі беражліва водзіць вострым лязом па шчоках суровага немаладога мужчыны, і зразаюцца чорна-сівыя валасы. Як пражытыя цяжкія дні.
— Нашто я табе, Гальшка? — ціха прамовіў доктар, пакуль брытва паласкалася ў мыльнай вадзе. — Ты не павінна быць прывязанай да старога дурня, які не можа табе даць спакою і абароны.
— Надта добра пра сябе думаеш, — Меланхолія звыкла прыкрывала насмешкаю пяшчоту і тугу. — Не нарадзіўся яшчэ мужчына, які можа мяне прывязаць... — Упэўнена зрэзала яшчэ палосу чорна-сівога шчэцця з падбароддзя. — Толькі сама сябе магу. А ўсё, што я раблю, раблю грунтоўна. Чаго з вяроўкай вошкацца? Адразу — на ланцуг. Не разарвеш. Так што не тузайся, доктар, ніякім чынам ты мяне не пазбавішся. Не захочаш бачыць — не пакажуся, але я заўсёды буду побач.
За бадзёра-з’едлівым тонам хавалася столькі...
Ат, вечна праз Лёдніка гожыя жанчыны сэрца сваё рвуць. Стары ўжо, вунь барада амаль сівая. А ў тую ж каляіну.
Уздыхаюць абое, сапуць ад перапаўнення пачуццяў... Маўчаць. Ганарлівыя ёлупні.
Пранціш закруціўся на ложку, уяўляючы, дзе б лацвей выкарыстаць сцэну з галеннем: вось мужны шляхціц Плексігласіч, які біўся на баку канфедэратаў пад Сталовічамі і пасля трапіў у расейскі палон, вяртаецца ў родную сядзібу. А дома чакае жонка... Але зусім не Пранцішава верная Дамініка. А, скажам, быў у той кабеты бацька, які займаў бок Панятоўскага і расейцаў... I тая жонка — ну, хай завуць яе Плагіятаўна — выдала бацьку намеры мужа далучыцца да барскіх канфедэратаў. Яго арыштавалі, ён уцёк, потым — бойка і палон... I вось ён вяртаецца, а яна такая вінаватая. А ён аброслы такі. Змучаны. Даруе, а сказаць не можа. I тут з’яўляецца брытва. I міса. I мыла. I вяроўка.
Не. Вяроўка нашто?
Гэта ж ён задрамаў. А пабудзіў яго стук брытвы, кінутай у місу. Пранціш прыадплюшчыў вочы і скасавурыўся на сцэну рэальную.
Гальшка беражліва выцірала паголены твар сужэнца льняным рушніком, вышытым валошкамі. Потым кранула суровае аблічча кончыкамі пальцаў... Як раз там, дзе ружавеў след ад яе гожанькае далані. Доктар таксама працягнуў руку, правёў па шчацэ жонкі.
— Не памятаю ў цябе гэтага шнара. Нядаўні. Як ты жыла гэты час?
Нават вінавата пытаецца. Меланхолія хмыкнула — пані не з тых, хто сябе шкадуе.
— Замовы брала. Праз старыя сувязі. Не, не. Не на забойствы. Да гэтага вяртання не будзе. Так, ліст важны адвезці, закладніка непрыкметна вызваліць...
Вядома, ганарліўка ні шэлега не ўзяла з мужніных зберажэнняў.
— Здымі шкельцы. Даўно не бачыў тваіх сапраўдных вачэй.
Чорная Меланхолія, не перапытваючы, нагнулася да люстэрка, адцягнула павека... I вось у цёмныя вочы нядаўняга вязня манастырскае пячоры паглядаюць ваўкалацкія вочы былой забойцы. То бяздонна-чорныя, то амаль белыя, як ейныя ж нефарбаваныя вейкі, бровы і валасы. I скура як парцалянавая, ніякая пудра не патрэбна. Шыя доўгая, ганарыстая, вусны ружовыя, фанабэрыстыя... Вырвічу ўспомніўся галантны веер са сталёвымі спіцамі.
Лёднік уздыхнуў, нібы перад нырцом, і прытуліў да сябе сваю маладую жонку, непачцівую кабету, непакорлівую, ад якой турботы адныя...
Ну вось, даўно б так.
Зноў мільганула думка: ці не ўспомніць палітэс ды выйсці, даць парачцы нагаварыцца-наабдымацца...
А, лянота. Пранціш ужо не юнак, каб праз далікатнасць выскокваць за дзверы, як паджэглены. Павярнуўся да сценкі, нацягнуў на галаву коўдру... Ну і хопіць.
Побач усхвалявана шапталіся... А Вырвіч салодка задрамаў, уяўляючы авантуры мужнага шляхціча Плексігласіча і ягонай каханай Плагіятаўны.
Ясючок глядзеў шчырымі, як прадзёрты чаравік, вачыма на нядаўняга мніха і ледзь не плакаў. Учора такі духоўны чалавек да іхняй падазронай банды далучыўся. Відаць, што поснік ды малелец, далёкі ад распусты панскай — не будзе піва, як прорва, жлукціць, шабляй махаць ды чарнакніжныя байкі баяць, хай даруе Прасвятая Багародзіца за ўсё вышэйзгаданае пану Вырвічу... Ды пярэваратнем аказаўся поснік. У самага страшнага чарадзея ператварыўся. Паголены твар з рэзкімі рысамі, пранізлівыя вочы, як вуглі чорныя, пякельныя, доўгія чорна-сівыя патлы завязаў на патыліцы ў хвост. У чорнай панскай адзежы, у высокіх ботах. Ды яшчэ і шаблю ўзяў! I дзеўка страшная каля яго ўецца-абціраецца без сораму. Не, з твару дык прыгожая... А вочы як у ваўка! I колер мяняюць.