Выбрать главу

Паненку занеслі ў іх камеру двое, і з вялікай цяжкасцю. У аднаго крывавіў укушаны нос. У другога праз усю шчаку ішло пяць паралельных драпінаў. Як пад лінейку роблена. Вострыя кіпцюркі ў Агалінскіх жаночага полу.

— Ваш хлапец? — пракрычаў адзін з варты, спрабуючы перасіліць паненчын лямант.

А адкульсці даносіліся праклёны і пагрозы сужэнцаў Агалінскіх, якія пазналі голас свайго дзіцятка.

— Наш! — асуджана пагадзіўся Лёднік. — Але ён ні пры чым... Проста хацеў сваякоў адведаць. Адпусціце дзіця, Бог вам залічыць...

— Выдраць паскудніка, каб на дупу не сеў! — прахрыпеў вартаўнік з укушаным носам і выпусціў паненку на падлогу.

Тая, аднак, не ўпала кулём, а спрытна ўскочыла на ногі і схавалася за Ледніковіча, які ўжо кінуўся яе абараняць.

— За дратаванне шляхцянкі васпан адкажа! Я яго нявеста! — тыцнула Рэгінка пальцам у знямелага ад ейнага нахабства Алеся. — Я маю права са сваім жаніхом зняволеным перамовіцца! Вы што, сэрца не маеце? А гонар маеце? Я пад абаронай маіх бацькоў, паноў Агалінскіх, майго дзядзькі, вялікага гетмана, і майго жаніха, палкоўніка Аляксандра Лёдніка! Не смейце нават дакранацца да мяне! Усе пад бізуны ляжаце!

Ашалелыя ад віскату нахабнага хлапца, які аказаўся паненкай, вартавыя проста ляснулі дзвярыма, не забыўшыся іх добра замкнуць. Хай раніцай вялікія паны з усёй гэтай кодлай разбіраюцца. Тут бы дапільнаваць іх...

Саломы ў пакоі хапіла на ўсіх.

Пранціш нат не пераняўся, што паненка засталася ночыць у кампаніі чатырох чужых мужчын. Для іншай, пачцівай шляхцянкі — ганьба, замуж не возьмуць, плёткамі замучаюць... А гэтая... Не для такіх законы пачцівых паненак. Ейная матка калісь таксама з імі ў кампаніі ў Ангельшчыну ехала ў мужчынскім адзенні, разам біліся, разам у карчме прыдарожнай сядзелі, дзе ў адрыне заначуюць, дзе ў стозе сена... Ніколі не скардзілася і замінішчам не была. I ў крыўду сябе не давала. I дачку такую ж вырасціла.

Вырвіч заснуў пад Лёднікава бубненне малітваў і Рэгінкін гуллівы шэпт, як у мех з вугалем упаў. Нават сноў не бачыў. Толькі, здаецца, зноў некуды поўз, поўз, караскаўся...

Так што, калі раскатурхалі яго раніцой, усё ў маршалка балела. Як праз малатарню прапусцілі.

А на двары свяціла здзеклівае сонейка. Пяшчотнае такое, наіўна-радаснае, падымала круглы твар над чарапічнымі і гонтавымі дахамі старажытнага Палатэска, цікаўна кранала пальчыкамі-промнямі пабеленыя вежы Сафіі, скакала на яшчэ халодных, але ўрачыста-вольных хвалях Дзвіны...

Міхайла Разанцаў незадаволена жмурыўся ад веснавых промняў, ягонае шырокае аблічча зразалі зморшчыны, быццам патрэсканую пад азіяцкім палючым сонцам гліну.

— Што ж ты хітрыў, Варфаламей? У Полацак ірваўся... Не сказаў нашто. Няўжо думаў, мы не даведаемся? Не дуркуй болей, мала табе па спіне праз чужыя інтарэсы перапала? Вяртай рамфею гасударыні і жыві спакойна... Займайся лекарскай навукай, у царкве маліся...

— Рамфея ў полацкай зямлі. Яна не з’яўляецца чыёйсьці ўласнасцю. Не ў чалавечай моцы яе дастаць, — механічна паўтарыў Бутрым у соты раз за апошнія содні, гледзячы ў даль далёкую, на пазалочаныя сонцам дахі. Меланхолія за ягоным плячом абдымала Сафійку, якая старалася мець такі ж незалежны выгляд, як ейныя сямейнікі.

— Пры сабе ў іх няма, мы абшукалі... — паведаміў заспаны ваявода, ягоная мосць Тадэвуш Жаба. — Мае людзі сутарэнні правяраюць, загадаў ім ні вяршка не прапускаць, дакуль можна прайсці — хай кожны грудок хоць праз сіта прасейваюць... Неадменна там схавалі рэліквію прайдзісветы, вашая светласць...

На Сафіі зазванілі званы... Цікава, тыя самыя, што калісь князь Усяслаў з Ноўгарада вярнуў, ці зусім іншыя, адлітыя на грошы новых мецэнатаў?

— Што з гэтай бандаю рабіцьмем, граф? Сярод іх сястра і зяць вялікага гетмана Багінскага... — ціха прагаварыў Жаба. Мяркуючы па ягонай раздражнёнай фізіяноміі, сам ён далікатнічаць не стаў бы.

— Бач, і Багінскі сястру паслаў па рэліквію. Улады хоча. Магчыма, тут можна ўгледзець закалот... I варта адправіць некаторых з кампаніі ў Санкт-Пецярбург... — задумліва разважаў Разанцаў.

Спадзявацца на старую дружбу там, дзе царадворац хоча выслужыцца, было б дурноццем.

Пранціш успомніў, што перанёс Бутрым у засценках, куды яго адправіў граф Міхайла, i падалося, быццам за каўнер снегу насыпала...

Але вырашыць лёс здабывальнікаў рамфеі граф не паспеў: да Святой Сафіі неслася яшчэ адно войска... Гуў вецер у пер’ях на драцяных крылах, чырванелі вылогі... Каралеўскія войскі, крылатыя гусары! За гусарамі імчалі дзве карэты. Адна, пазалочаная, з распісанымі італьянскімі пейзажамі эмалевымі накладкамі і дужа знаёмым гербам, спынілася проста перад Разанцавым, Другая, без гербаў і з захінутымі фіранкамі вокнамі, — наводдаль. Жаўнеры Разанцава з расейскага гарнізона і ваяводскія гайдукі напружыліся, пахапаліся за зброю. А з гербавай карэты няспешна, пачакаўшы, пакуль лёкай падставіць абабітую чырвоным аксамітам лесвічку, выйшаў высокі бялявы малады чалавек з адсланёным меланхалічным абліччам... Станіслаў Панятоўскі. Толькі не кароль, а ягоны цёзка, пляменнік, якога манарх прызначыў сваім пераемцам, даў яму пасаду вялікага скарбніка літоўскага і нацкоўваў на нябожчыка Антонія Тызенгаўза. Маладзён прагрэсіўных паглядаў, фізіякрат, але цверды ў пытаннях умацавання ўлады. А паколькі трон, на які яму прызначана сесці, усё болей хістаецца, рамфея ўлады, дзіда імператара Канстанціна, яму вой як патрэбная...