— Ваша мосць граф, ваявода... — пляменнік караля толькі ледзь нахіліў галаву (ён з маленства навучыўся трымацца па-каралеўску, некаторыя нават лічылі, з большая годнасцю, чым каранаваны дзядзька). — Да мяне дайшлі чуткі, што нейкія асобы збіраюцца завалодаць рэліквіяй, якая належыць польскаму трону.
Разанцаў і Жаба перазірнуліся і пачціва схіліліся, пастараўшыся прыхаваць сваю незадаволенасць.
I зноў пачаўся стары танец... Дзе рамфея, каму яна мусіць належаць, дзе чыя зямля... Сонейка гладзіла пабеленыя сцены Сафійскага сабора, не здагадваючыся, колькі агідных жарсцяў закруцілася ля яго падмуркаў. Што ж, той, хто цалуе пялёсткі кветкі, наўрад гэтак жа пацалуе ейныя выпацканыя ў зямлі і гноі карані, бо толькі мудрэц разумее, наколькі з’яднаныя жыццё і смерць, квецень і тло...
— Вашая мосць ваявода, знайшлі!
Крык спадара ў ваяводскім мундзіры перарваў небяспечны дыспут, які пагражаў перайсці ў нежартоўную бойку і зноў пазаліваць крывёй вуліцы Полацка.
Некалькі радасна ўзбуджаных жаўнераў саскочылі з узмыленых коней, адзін з іх, ззяючы на рэдкасць крывазубай усмешкай, кінуўся перад ваяводам на калені, працягваючы драўляны куфэрак...
— У сутарэнні адкапалі, ля самага выхаду! Як вы і загадалі, адразу вам дакладваем!
Радасны твар ганца выпраменьваў спадзяванні на шчодрую ўзнагароду.
— Гэта я знайшоў, вашая мосць! — пляснуўся побач на калені ў вільготную глебу, з якой толькі пачала прадзёўбвацца кволая траўка, гайдук з абвіслымі пшанічнымі вусамі і галодным паглядам запалых вачэй...
Крывазубы зіркнуў на канкурэнта з нянавісцю, але змушаны быў пацвердзіць:
— Ён адкапаў, Халімон Петрукоў... Але пад маім кіраўніцтвам, вашая мосць!
Як ні былі ўзлаваныя намеснік генерал-губернатара і полацкі ваявода тым, што знаходка жаданай рэліквіі адбылася на нежаданых вачах каралеўскага пляменніка, учыняць дурным пасланцам гвалт не сталі. Абодва шчасліўчыкі атрымалі па важкім мяшэчку з талерамі, і тым, каму пашчасціла прысуседзіцца да іх, таксама трошкі перапала.
— Каб цябе перакуліла, доктар, я так і думала, што ты нас падмануў! — Багінскую ажно калаціла ад нянавісці.
Агалінскі паклаў цяжкую руку ёй на плячо.
— Золатка маё, проста памаўчы.
Важка так сказаў. Паланэйка заторкнулася, здаецца, пачала нешта кеміць.
Куфэрак аказаўся ў руках намесніка генерал-губернатара. Разанцаў няспешна адчыніў накрыўку...
Ну, у прынцыпе, гэтая штуковіна была падобная да рамфеі. Дзве паловы дзіды, скручаныя срэбным дроцікам. I выглядала яна вельмі, вельмі старой... Разанцаў пачціва перахрысціўся, прысутныя таксама ўсе зажагналіся, сёй-той і на калені ўпаў...
Намеснік генерал-губернатара асцярожна зачыніў куфэрак са старога пашарэлага дрэва...
I зноў пачалося, ды яшчэ вуглі сваркі добра раздзьмулі.
Станіслаў Панятоўскі непахісна настойваў, каб пераправіць рэліквію ў Варшаву. Граф Разанцаў пасміхаўся і казаў пра яе вялікасць імператрыцу... Гусары, драгуны і гайдукі, не ведаючы да канца, з якой прычыны гармідар, хваляваліся, хапаліся за шаблі і палашы...
Вырвічу зрабілася брыдка і тужліва. Ён успомніў колішнія словы Радзівіла Рыбанькі пра тое, што няхай рамфея застаецца дзе была, пакуль людзі на гэтай зямлі не паразумнеюць.
Не паразумнелі.
Сонца ўзнялося ўжо даволі высока, чальцы банды Чорнага Доктара пераміналіся з нагі на нагу... Агалінскія кідалі абураныя пагляды на дачку, якая церлася не каля ix, а каля дактаровіча. Меланхолія ўхапіла пад руку сужэнца і неяк нязвыкла слабка на яго абаперлася. Вырвіч думаў пра верны Гіпацэнтаўр і як бы яго назад здабыць. Карусь стаў за спінай Сафійкі надзейнай скалой, і дзеўка час ад часу кідала праз плячо на свайго рыцара ўдавана сарамлівы позірк... Дзякуй богу, на нядаўніх вязняў усе забыліся. Галасы важных паноў мацнелі. Пасля асабліва высокай ноты з карэты, якая прыехала разам з Панятоўскім, вывалілася нейкая пані ў цёмным строі, з захінутым вэлюмам тварам, пакульгваючы, але рашуча, наблізілася да каралеўскага пляменніка і нешта прашаптала яму, відавочна падтрымліваючы ў змаганні.