Выбрать главу

I невядома, чым бы гэта завяршылася, але з’явілася яшчэ адна карэта — каралеўская пошта... Няўжо з Варшавы? Калі паспелі каралю паведаміць? I хто?

Потым Вырвіч успомніў, што цесць казаў нешта пра намер караля Стася адправіцца ў Паставы, праінспектаваць спадчыну былога падскарбія Антонія Тызенгаўза. Там жа і палац, і цагельны завод, і фабрыка паясоў, і фабрыка папяровая, і мануфактур да халеры, і цэлы гарадок запрошаных з Еўропы майстроў — не ўсе разбегліся... Мусіць, і пляменнік дзядзьку суправаджаў, бо дужа захапляўся прагрэсіўным гаспадараннем... А да Паставаў сто вёрстаў, якраз за некалькі дзён можна інтрыгу закруціць.

З карэты выскачыў кур’ер і падаў літоўскаму падскарбію пасланне, запячатанае сургучом. Мяркуючы па пераможнай усмешцы Разанцава, пасланне ад караля не было для яго нечаканасцю.

Спадчыннік польскага трона нецярпліва сарваў пячатку, разгарнуў ліст. Прачытаў, пазмрачнеў... Кабета пад вэлюмам, што шылася каля яго, схітрылася таксама зазірнуць у паперу краем вока... Панятоўскі толькі яшчэ больш выпрастаўся і збляднеў, а кабета замахала рукамі, нібыта хацела ўчапіцца сабе ў валасы, потым, пакульгваючы, адышлася — Вырвіч мог прысягнуць, што чуе нейкі горкі вар’яцкі рогат. Расшытыя паўлінавымі пёрамі па зялёным аксаміце спадніцы пані, здавалася, падміргваюць тысячай вачэй Аргуса... Менавіта вочы гэтага волата, свайго няўдалага слугі, багіня Гера некалі размясціла на паўлінавых пёрах. «Служы пану верна, пан табе перне», — казала, злуючыся, Пранцішава нянька Агата. А каралеўскі пляменнік з належнай годнасцю, вельмі добра схаваўшы расчараванне, абвясціў, што ягоная каралеўская вялікасць кароль Станіслаў Панятоўскі з усёй пачцівасцю просіць перадаць расейскай гасударыні, што ў выпадку, калі ў Полацку будзе знойдзены прадмет, які ўяўляе вялікую каштоўнасць для кожнага хрысціяніна, ён, кароль польскі, з радасцю дорыць яго імператрыцы на знак свайго вечнага сяброўства.

Разанцаў толькі вусны пакрывіў пагардліва. Бач, як Цялок павярнуў, нібы сваю ўласнасць дорыць, ласку робіць. Скарыстаў магчымасць не проста паддобрыцца, а як бы імператрыцу абавязанай яму зрабіць.

Але што ж, галоўнае, бойкі не будзе.

Крылатыя гусары паныла з’ехалі, кідаючы непрыязныя пагляды на жаўнераў полацкага гарнізона. Куфэрак быў неадкладна адпраўлены з яшчэ адной кур’ерскай карэтай. Трэба разумець, у Паўночную Пальміру. Сярод тых, хто суправаджаў святыню, Вырвіч заўважыў спадара з незапамінальным тварам, іх нядаўняга вартаўніка. Ну, наўрад даедзе рэліквія да Санкт-Пецярбурга.

Станіслаў Панятоўскі (ідзе — яйка з галавы не зваліцца) рэціраваўся разам з гусарскай харугвай.

Ваявода Тадэвуш Жаба тужліва паглядзеў услед карэце, у якой намеснік генерал-губернатара адправіўся да новых узнагарод разам з дзівосным падарункам для імператрыцы, і нарэшце звярнуў увагу на нядаўніх вязняў. Адагнаў рухам рукі жаўнераў, падышоў бліжэй да падазронай кампаніі, загаварыў сцішана, з добрай дабаўкай бяссілай злосці:

— З задавальненнем адправіў бы паноў надоўга туды, дзе яны ночылі, але яго светласць граф Разанцаў і яго княская мосць Станіслаў Панятоўскі лічаць, што на прыкрыя ўчынкі паноў трэба забыцца. Гэтак жа, як i ўвогуле на падзеі апошніх дзён. Спадзяюся, ясна? Не балбатаць. Простыя людзі мала што скемілі, пра святыню ніхто толкам нічога не ведае. Калі паны прысягнуць не распаўсюджваць чуткі — яны вольныя.

Разумнае рашэнне... I нечаканае. Пан Тадэвуш адправіўся запіваць мітрэнгі вадой, падфарбаванай віном.

На развітанне зіркнуў на Лёдніка:

— Дом твой. Пашанцавала.

Таксама дзіўна... Мо Цялок не забыўся пра сваю віну перад Лёднічанкай ды заступіўся?

Нарэшце ім вярнулі зброю. Вырвіч багавейліва пацалаваў клінок Гіпацэнтаўра, родавай шаблі, з якой яшчэ дзед пад Хоцімскам подзвігі ўчыняў. А добра было б і папалуднаваць... Агалінскія ўжо зніклі не развітаўшыся, у паветры раставала рэха лаянкі Паланэйкі з Рэгінкай. Алесь з Сафійкай і Карусём чакалі наводдаль, пра нешта перагаворваючыся.

Раптам нейкі лёкай у дыхтоўным строі з галунамі — гаспадар ягоны нябедны — пачціва папрасіў пана доктара Лёдніка падысці вунь да той карэты... Той, на якой прыскала кульгавая спадарожніца маладога Панятоўскага.

Зразумела, Вырвіч і Меланхолія аднаго доктара не адпусцілі. Сталі побач з карэтай, куды залез з візітам доктар. Непачціва? Вой, панове, не смяшыце мае боты. Меланхолія кінула ваўкалацкім вокам на фурмана ды лёкая, і тыя ціхенька адышліся, навучаныя пазнаваць небяспечных паноў. Пранціш бессаромна зазіраў праз прыадчыненую фіранку. Пані ў багатым уборы, расшытым паўлінавымі пёрамі, нейкі час моўчкі глядзела на доктара, потым адкінула вэлюм. Тэрэза Радзівіл!