Выбрать главу

А мусіць жа, і на тое, што іх усіх адпусцілі, паўплывала пані Тэрка. Грахі замольвае.

Але барані нас, Божа, ад такой любові.

Калі прамінулі Верхні замак і выйшлі на плошчу, аб’явіўся Давыд:

— Ну, дзякуй богу, абышлося... А я ўжо думаў, паб’юцца... Ці то вас сілай адбіваць давядзецца.

Лёднік абняў старога сябра.

— Тонкая праца. Толькі як жа ты паспеў, як схітрыўся? За нейкія хвілі?

Аптэкар шырока ўсміхнуўся, яго касцюм на гэты раз складалі жоўтыя скураныя кюлоты і такі самы жоўты каптан з зялёнымі галунамі.

— Та-ак, давялося ўсё на хуткую руку... Скарысталі тое, што патрапілася. Ясюк, ваш слуга, якраз матэрыял прадаставіў.

— Што за матэрыял? — спытаў Вырвіч. Надта ж было цікава, якую штуковіну адправілі ў карэце да імператарскага двара.

— А вы яго спытайце...

А вось прыдыбаў Ясючок. Аж ззяе, як белая парэчка на сонцы.

— Няхай ахоўваюць вас Прасвятая Багародзіца і ўсе святыя, мае паночкі. Прыдалася сёння дзеля вашага вызвалення адна магутная рэч, якую меў пры сабе. Памятаеце, пан Вырвіч, як вы рыбу вялізную купілі? Ну, касцяк ейны?

Яшчэ б не памятаць таго клятага кіта,

— Дык вось, у мяне аскалёпак косткі той цуд-рыбы застаўся. I па памеры падыходзіў, і востранькі...

— Чакай... Дык вы рамфею з кітовай косткі зварганілі? — Вырвіч не мог ачомацца.

— Ну так... — сціпла прызнаўся Давыд. — Не было калі шукаць што прыдатнае з металу... Раз-два, падтачыў, пафарбаваў, яна цяжкая... Куфэрак нейкі знайшоў у каморы, з-пад цвікоў... Пакуль разбяруцца, думаў, ды ці разбяруцца... А вас трэба было выручаць. Даў добра на кішэню аднаму з тых, каго ваявода паслаў куфэрак шукаць. Ну i...

Вырвіч не ўтрымаўся ад рогату. Прабач, Госпадзе! Значыць, недарэмна ён тады ў Вільні ледзь не купіў кіта.

Што ж, вось і ўтварылася новае кола захавальнікаў полацкай таямніцы, тых, хто ведае, дзе рамфея.

* * *

У старым доме Рэнічаў нарэшце зноў не было ціха.

Але Вырвіч заявіў, што мусіць падрамаць, бо ноч выдалася вераб’іная. Знайшоў пакой з лавай, на якой ляжаў невядома чый падраны кажух. Вось i добра для воя... Нарэшце, здаецца, і гэтая эпапея скончаная.Толькі задрамаў...

— Ды адчапіся, Бутрым... Падумаеш, нешта не тое з’ела, ну ванітуе. Перажыву.

— Дай хоць соды намяшаю...

— Тата, не трэба ёй соды. Пані Галена, можна з вамі перагаварыць сам-насам? Пойдземце туды, у дальні пакой...

Пранціш уздыхнуў і перавярнуўся на лаве тварам да сцяны, на якой калісьці віселі, наколькі ён памятаў, дзве карціны — адна з выявай Арыстоцеля, другая — Платона. Ну, прынамсі, так яны былі падпісаныя. Абодва палотны маляваны мясцовым геніем па замове занадта разумнага кнігара Івана Рэніча.

Цікава, хто прыўлашчыў гэтыя карціны і што з імі зрабіў? Спаліў паганскую спакусу альбо павесіў на сцяну i выдае за сваіх продкаў са світы Палямона?

— Ты ўпэўненая, Сафійка? Я ж... Я ж не думала, што Гасподзь пашле мне такое шчасце... Была перакананая, што гэта не для мяне... Што ніколі не змагу, не спазнаю... З маім ладам жыцця — дзе ўжо...

— Не хвалюйцеся, пані Галена, я маю досвед... Прыгледжу за вамі...

— Дзіця ты маё светлае, ты ж сабе дапамажы!..

Галасы аддаліліся, Вырвіч зноў закруціўся, накрыў галаву крысом кажуха, хоць і смярдзючым.

— Я падумаў, тата. Я застануся. Буду з Тадэвушам чакаць, калі яму дадуць пасаду ў войску. Тады і я — з ім... На радзіме. Ён ведаеш, што мне сказаў, як я ў яго ў Сяхновічах быў? «За шляхту ваяваць не буду, за народ буду».

Брындаюць, як запазычыўшы ды не аддаўшы. Госпадзе, ну калі яны ўгамоняцца? Колькі яшчэ сямейных таямніцаў давядзецца падслухаць? А Вырвічу хутчэй бы да сваёй сямейкі вярнуцца... Занадта доўга яна была за кулісамі падзеяў.

Старажытны Полацак гасіў агні, Дзвіна бегла i бегла ў мора, але ўсё заставалася каля Сафіі — бо куды збяжыш ад уласнага сэрца. І зямля на скрыжаванні дарог і стагоддзяў, чужацкіх інтарэсаў і ўласнае трываласці ўсё яшчэ жыла і рыхтавалася сустрэць наступнае стагоддзе, да якога заставалася зусім няшмат. I гучала над усім гэтым музыка сфераў, пад якую, як скажа паэт стагоддзе пасля, усе мы разам ляцім да зор.

ЭПІЛОГ

Па вялікім трохкутніку Кеплера — гэта такі мудрагелісты чарцёж з мноствам ліній — можна прасачыць, у які час злучаюцца планеты Юпітэр і Сатурн. Праўда, не насамрэч яны злучаюцца, а толькі калі глядзець на іх з Зямлі.

А так лятуць кожная ў сваёй прасторы і ведаць не ведаюць, што нейкія там мізэрныя істоты пра іх баюць.