Выбрать главу

Але і перашкодзіць людзям нешта лічыць наконт іх не могуць.

Пранціш Вырвіч лічыў, што новая французская мода — ганьба для шляхціца. I хай яны там, у Парыжы, колькі заўгодна нахвальваюць гэнае... з двума хвастамі на агузку і кароткае спераду... фрак, разумееш. Нездарма за Давыдам капаніцкія дзеці праз увесь двор беглі ды кнігаўкай дражнілi, а Паўлючок з Касечкай вунь i цяпер хаваюцца за пані маці ды смехам душацца.

А Давыд — нічога сабе, рукі за спіну заклаў, ад чаго хвасты блюзнерскага фрака яшчэ больш адтапырыліся, нагадаўшы падвоены птушыны хвост. Птушка была экзатычнай, бо яшчэ і некалькі рознакаляровых камізэлек спадар начапіў.

— Вы ўпэўнены, пан Вырвіч, што гэта добрая прыкраса вашага саду?

Полацкі аптэкар пазбягаў глядзець менскаму маршалку ў вочы і падазрона кусаў вусны, нібыта каб стрымаць рогат. Пранціш абапёрся аб мармуровыя парэнчы веранды, нядаўна аздобленай на рымскі манер, нават з чатырма калонамі, i яшчэ раз з гонарам агледзеў прадмет, які выклікаў непаважлівую заўвагу госця. На раўнютка падстрыжанай траўцы бялела дзіўнаватая канструкцыя з паўдугаў, замацаваных на рабрыстым касцяку... Так і мрояцца салёныя хвалі, гайданка і напнуты ветразь...

Цалкам здабыць кіта не атрымалася, але Пранціш Вырвіч герба Гіпацэнтаўр ніколі не змірыцца з прыкрай паразай і невыкананнем шляхецкага слова. Пастараўся — і вось, з Рыгі прывезлі. Скабы і частка хрыбетніка. Хвост і галаву, мусіць, увішныя купцы прадалі яшчэ якім аматарам дзівосаў. А Вырвіч, калі ўжо дакляраваў у Вільні, што дзеці ягоныя будуць коўзацца ля дома на кітовых костках, значыць хоць трэсне, а спраўдзіць.

Дзеткі, праўда, неяк не дужа ацанілі... Падзівіліся, памацалі... Паўлючок і праўда палазіў, паскакаў па костках цуд-рыбы, а Касечка адмовілася. Шкада дачушцы стала той безгаловай і бясхвостай рыбіны. Нічога, старэйшы, Яначка, на вакацыі вернецца — дакладна ўзрадуецца...

— Мо і праўда прыбраць? — асцярожна спытала Дамініка, беручы мужа пад руку і тулячыся да ягонага надзейнага пляча. — Прыслуга дасюль лякаецца... А Ясючок паціху па кавалачку адпілоўвае ды нешта майструе... Пакаёўка грабеньчык, падораны ім, паказала, ад якога нібыта валасы гусцеюць.

Добра, што падробных рамфеяў змагар з нечысцю не нарабіў.

Пранціш абняў жонку, не адводзячы гордага пагляду ад кіта: шляхціц сказаў — шляхціц зрабіў!

— А ў каго ў павеце яшчэ такая прыкраса ёсць? Ды ва ўсёй Беларусі ні ў кога няма! Ну хіба... пазалаціць гэтыя скабы, каб не так страшна выглядала? Ці... срэбнай фарбай прайсціся?

Давыд побач заперхаўся, а Дамініка ласкава, але цвёрда пацягнула Вырвіча ў дом:

— Hi залаціць, ні серабрыць мы гэты шкілет не будзем, Франця. I хопіць на сёння, налюбаваліся, яшчэ прысніцца, барані божа. Пайшлі гарбату піць. Дзеці, за мной!

У гасцёўні звыкла пахла свежай фарбай — зноў Дамініка нешта малявала. Хаця чаму нешта — сцэну з новага рамана Пранціша Вырвіча! Ну, па праўдзе, новага і пакуль адзінага. Дамініка чытала рукапіс i плакала. Двойчы. Адзін раз, здаецца, ад смеху.

Потым хадзіла засмучоная, думала... А калі спаць клаліся, пасля вячэрніх малітваў, прызналася:

— Ці такая табе жонка патрэбная была, Пранціш? Я ж у вашых прыгодах аніяк не задзейнічаная... Сяджу, Пенелопа такая, чакаю авантурніка свайго са смяротна небяспечных вандровак... Вунь і ў нашага доктара жонка з ім небяспекі падзяляе, і ў пана Агалінскага сужэнка, калі што, з’явіцца выручаць яго верхам на кані і з шабляю ў руках... У Кунігундах і Клітэмнестрах твайго рамана я ix якраз пазнаю. А мяне і ў раман не ўставіш.

У Вырвіча тады ажно сэрца зайшлося ад пяшчоты і віны. Перацалаваў тонкія пальчыкі, з якіх сям-там не адмылася фарба, пагладзіў цёмны шоўк валасоў, запэўніў, што ў чалавека павінна быць у жыцці нешта такое дарагое, што належыць толькі яму... Што ён не пажадае аддаваць чужым вачам і чужым меркаванням. Любая жоначка — не раман, а ягонае жыццё... Ну нешта такое наплёў. Здаецца, супакоіў.

Бо ў рамане сапраўды хапала жарсцяў. Вырвіч сваіх герояў не шкадаваў: то ў бойку іх, то ў вязніцу... Хіба з уласнай жоначкай-разумніцай так можна?

Яна ж нават шкілет кіта пад вокнамі яму даравала. Дзе яшчэ такую знойдзеш...

Давыд асцярожна ўсеўся на венецыянскае крэсла, расправіўшы фалды фрака... Гэтак хутка давядзецца яшчэ і адмысловыя крэслы купляць, са спінкай наперадзе, каб хвастам навамоднай адзежы зручна было.

— Думаю аптэку ў Менску зачыніць, — меланхалічна паведаміў Давыд.

— Гэта яшчэ чаму? — здзівіўся Пранціш.

Хоць з ваяводам менскім панам Адамам Хмарам адносіны ў маршалка так і не наладзіліся, на месца кашталяна прыйшоў малады Шыман Забэла — ягоны дзядзька, цёзка Шыман Забэла, страціўшы зрок, перадаў пляменніку пасаду. З тым малодшым Забэлам Пранціш не раз і чарку куляў, і ў валцы пару разоў побач шаблямі махалі... Праўдзівы шляхцюк.