Выбрать главу

— Ды ўсё праз пастанаўленне пра рамеснікаў... — паморшчыўся Давыд. — З чаго фармацэўтаў прыроўніваюць да злотнікаў ды гарбароў? Падаткі нявыгадныя... I не разумею: чаму мы павінны імператарскіх указаў пільнавацца? Яшчэ ж не ў Расійскай імперыі

— Не спяшайся, Давыд, — супакоіў Вырвіч. — Кожны закон як дом: ёсць дзверы, ёсць вокны, якімі можна, як дзвярыма, скарыстацца, калі спрытны... Пагавару пра тваю аптэку... Ты вось распавядзі, як там старэйшыя Лёднікі? Ад Бутрыма месяц ні вестачкі, ні цыдулачкі.

Давыд смешна зморшчыў доўгі нос.

— Пан Баўтрамей мудры. Такі мудры, што заўсёды знойдзе сабе праблемаў. У Віленскай школе зноў дыспут збіралі наконт прапанаваных ім рэформаў у практыцы будучых медыкусаў. Адзін прафесар проста пасярод слоўнай баталіі з сардэчным прыступам зваліўся, пан Баўтрамей яго ратаваў. Адратаваў, а потым зноў дыскусію працягнуў. Паны прафесары здаліся, бо зразумелі, што, пакуль не пагодзяцца, да стала і цёплых ложкаў не дабяруцца.

Вырвіч засмяяўся... Чорны Доктар — ён такі. У Віленскай акадэміі, ператворанай у галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага, Бутрым зноў ачоліў медычны факультэт, а таксама шпіталь пры ім. Прыдумаў новы спосаб літатаміі (выдалення камянёў, што ўтвараюцца ў арганізме чалавека) і зрабіў ужо некалькі ўдалых аперацый пад няспыннае абвінавачванне калегамі ў шалберстве — усе ж ведаюць, што камяні тыя трэба лячыць не рэжучы, а праграваючы пацыента ды спадзеючыся на дапамогу святога Ліборыюса фон Падэрборна, а не схізматыка Чорнага Доктара...

А яшчэ прафесар Лёднік аб’явіў сапраўдную вайну моднаму сродку — дыяскарыдыуму, які нават немаўлятам прапісваюць для супакаення... А сродак гэты, між іншым, самім Хіеронімусам Фраскаторыюсам з Вероны прыдуманы, усе інгрэдыенты правераныя: опіум, гуміярабік, белая гліна. камедзь, карыца, белы перац... «Не, — кажа Чорны Доктар, — шкодна!» Блюзнер... Ну і багіні са страшным імем Гігіена працягваў упарта служыць, і ўсё новыя і новыя ахвяры ёй прыцягваў... Уздумаў корчмы інспектаваць, каб посуд быў памыты, каб ложкі персідскім парашком перасыпалі... Добра, што сам па корчмах не блытаўся — далібог, падлілі б дзе-небудзь атруту ў піва. Ці ў які квас, бо доктар жа прыемных шляхецкіх напояў не ўжывае.

Але і мніхам яму стаць не лёс у бліжэйшыя гады, як высветлілася.

Пакаёўка Адэлька прынесла на падносе кубачкі і імбрык з сапраўдным чаем, з Кітая прывезеным. Зачапілася зацікаўленым позіркам за Давыдавы камізэлькі, хвастаты камзол і за самога Давыда, чарнавокага ды ўсмешлівага. Аптэкар падміргнуў, дзеўка зачырванелася і збегла, дробненька пастукваючы абцасікамі. Дамініка дакорліва паківала галавой — нашто дзяўчыну збянтэжыў? — і пацікавілася:

— А як пан Баўтрамей перажывае з’яўленне яшчэ аднаго спадчынніка?

Давыд зноў усміхнуўся:

— Вы часта бачылі, каб доктар Баўтрамей Лёднік чырванеў ды губляўся, як студэнт на нявывучаным іспыце? Ніколі не бачылі? А мне вось давялося. I рады, і вінаваты, і баіцца, і шчаслівы... Вакол пані Галены круціўся ўвесь час, як навязаны, і быццам першы раз з цяжарнымі, парадзіхамі і немаўлятамі справу мае... Аж рукі трасуцца. Сафійка ўсё на сябе ўзяла.

Дамініка ўхвальна паківала: так і трэба, калі мужчыны губляюцца — заўсёды знойдзецца кабета, якая ўсё і зробіць.

— Ну а Чорная Меланхолія як пачуваецца ў новай ролі?

— Ды прыблізна як Бутрым. Шчаслівая, свеціцца, хоць свечкі ад яе запальвай, і ўсё баіцца, што з яе не выйдзе добрай маці для Кастуська Ледніковіча-малодшага. Лаецца з Бутрымам, калі той спрабуе ёй чагось самой зрабіць не даць. Разам на тое немаўля лупяцца, ад замілавання плачучы. Дабраная пара, — полацкі аптэкар адсёрбнуў апошні глыток кітайскага напою і паставіў парцалянавую пералівістую філіжанку на столік чырвонага дрэва з выгінастымі ножкамі, якія, здавалася, ледзь не ўзбрыквалі ад абурэння. Ну што за гасцяванне! Хоць бы графінчык анісаўкі гаспадары паставілі...

Дамініка строга зірнула на Вырвіча, нібыта прачытаўшы ягоныя думкі, і Пранціш надаў твару належную замілаванасць. «Ну што ты, любачка, мне і з вадою падфарбаванай весела!»

Анісаўка павінна стаяць у пакоі цесця. Трэба пасля наведаць пана Гараўскага, сам ён амаль не ўстае, зусім раматуз скруціў... Папытацца, як прывезеныя Давыдам лекі дапамагаюць, ну і... глыкнуць з жончыным бацькам за ўдалае лячэнне.

— А вось пра старэйшага сына нічога не расказаў пан Баўтрамей...