Выбрать главу

Тут ужо Пранціш мог дадаць.

— Алесь і Тадэвуш Касцюшка разам на Варшаўскі сойм спадзяюцца. Мы ж там прынялі ўжо пастанову аб стварэнні незалежнай Ваеннай камісіі... Збіраемся да ста тысячаў павялічыць армію. Касцюшку абяцалі чын генерала... Ну і Аляксандр будзе найменш палкоўнікам. Толькі пан Тадэвуш дамагаецца, каб менавіта ў войску Вялікага Княства Літоўскага служыць, а паны патрыёты вяліка-польскія баяцца таго, кажуць, у кароннае яго трэба. Не могуць прызнаць, што мы маем права на асобны дом у гэтым свеце. Мне, дарэчы, хутка на чарговае пасяджэнне ехаць... Будзем дамагацца свайго — праваслаўных ураўняць у правох з каталікамі, мяшчан — са шляхтай... — На гэтай рэпліцы Вырвіч ажно па лбе сабе стукнуў. — Госпадзе, даруй, але, каб хто сказаў мне дваццаць год таму, што я буду за правы мешчукоў змагацца, — на двубой выклікаў бы. Ну i важнае пытанне — габрэям правы даць нароўні з іншымі... Зрэшты, мы з табой, Давыд, пра гэта колькі ўжо гаварылі... Спадзяюся, прывёз мне прапановы ад суродзічаў?

Аптэкар пасур’ёзнеў:

— Прывёз, а як жа... Спрачаліся, прыдумлялі, разоў сорак цара Саламона згадвалі ды ўсіх святых прарокаў... Ясючок у кабінет васпана мусіў тэчку занесці. Дай Гасподзь, каб гэты праект здзейсніўся, каб і для габрэяў знайшлася справядлівасць. — Уздыхнуў, відаць не надта ў тое верачы. — А што ў пана Аляксандра Лёдніка з паненкай Агалінскай? Ці атрымаецца што? А то як успомню, што яна для яго ў полацкай вязніцы санеты складала...

Вырвіч толькі рукамі развёў:

— Пра гэта, Давыдзе, нават я не вазьмуся пісаць... Hi санет, ні паэму, ні раман. Паненка ў Амерыцы, Аляксандр тут і, мяркуючы па ўсім, збіраецца захоўваць вернасць сваёй даме... Той, якой няма, ды і не была яна ягонай па праўдзе...

— Гэта ты пра Праксэду? Асістэнтку пана Лёдніка, якую ў Менску застрэлілі?

— Пра яе... Дзіва што Бутрым няёмка пачуваецца. У адрозненне ад сына, i на новы шлюб наважыўся, і маладым бацькам раней за яго стаў.

— Можна падумаць, гэта выключны прэцэдэнт! — абурылася вучоная пані Дамініка Вырвічава маршалкова. — Каралю Ягайлу ледзь не восемдзесят было, калі Соф’я Гальшанская яму першага сына нарадзіла. А потым — яшчэ дваіх!

Пранціш нахмурыўся:

— Параўнала... Дынастычныя справы — гэта адно... Там свае законы...

— Законы для ўсіх людзей павінны быць адныя, сам казаў.

Часам, размаўляючы з разумнай жоначкай, хочацца, каб яна была зрэдку... ну, трохі менш разумнай.

— Тата, пан інжынер вярнуўся! — гэта ўсхваляваны Паўлючок прыбег.

Вочы ў сярэдняга нашчадка былі матчыны, цёмныя. А чуб Вырвічаўскі, бялявы. I дыбарам стаіць.

Пачуліся ўпэўненыя крокі кагосьці моцнага і важкага... Карусь пачціва пакланіўся гаспадарам і іх госцю. Мабыць, пан інжынер паспеў пераапрануцца і памыцца — камзол навюткі, чысценькі, парык з акуратна павязаным бантам, каўнер галандскай кашулі распраўлены, як пад лінейку. А лазіў сёння па самых багністых месцах дакладна.

— Ваша балота асушыць можна, пан Вырвіч, — інжынер і гаварыў важка, без вензеляў. — Я зрабіў план на мясцовасці, мне трэба два дні. Накрэслю схему каналаў, разлічу ўсё... Калі да канца лета пачаць, да маразоў палова справы зробіцца. Увесну, як зямля растане, завершым. Трубы трэба гліняныя замовіць... Напішу якія і колькі. На наступны год можна i дарогу пачаць...

Трэба ж, як вылюднеў! Ці даўно ў бок кабетаў з дэкальтэ пляваўся ды за стол з панамі садзіцца адмаўляўся, бо там шатанскія напоі і шатанскія размовы?

— Прысаджвайцеся, Карусь, папіце з намі гарбаты, — Дамініка ніколі не звяртала ўвагі на чыны і колькасць продкаў у радаводзе гасцей.

Хлопец упарта пахітаў галавой:

— Прашу прабачэння, пані, але працы зашмат. А мне трэба да панядзелка паспець у Пінск.

Карусь працаваў у якасці інжынера на Мацея Бутрымовіча, падстаросту пінскага. Taro самага, што збудаваў Мухавецкі і Целяханаўскі каналы, а цяпер узводзіць палац на беразе Піны. Здольнага хлапца рэкамендаваў Бутрымовічу сам рэктар Віленскай галоўнай школы, матэматык і астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі. Глядзіш, разбагацее, яшчэ i шляхецтва здабудзе...

Пранціш зайздросліва ўздыхнуў: сам ён столькі гадоў вучыўся, столькі часу страціў на асліных лаўках розных універсітэтаў... А пушчанскі дзікун вось за год экстэрнам здаў усе іспыты ў Віленскай школе, здзівіўшы прафесуру дасканалымі ведамі і ўменнем імгненна рабіць у розуме найскладанейшыя вылічэнні, і зараз дыпламаваны інжынер.

Вырвіч падазраваў, чаго хлопец са скуры лузаецца... Хоча быць годным сваёй Чароўнай Дамы. Каб не прымаком увайсці ў дом свайго дабрадзея, а для Сафійкі палац збудаваць. Ці хоць сціплы, але ўласны дом набыць. I даб’ецца ж, далібог... Калі не пасварыцца з начальствам за сваё занадта беражлівае стаўленне да рабочых. Якога лянівага гарбара на ягоных вачах цівун пачне сцябаць — таго цівуна вузлом завяжа. А Бутрымовіч да людзей, як калісь і падскарбій Тызенгаўз, — быццам да простых інструментаў, якія можна ўжываць, пакуль не зламаюцца, а потым новыя набываць.