Ясючок перабіраў у галаве надзейныя сродкі абароны ад гэнага злыдня... А іх нямала, спадарове, мудрыя людзі прыдумалі, у якіх Ясючок вучыўся. Гэта дзядзька Хвэлька, які гэнаму ваўкалаку служыў, быў ім зачараваны ды хваліць бясконца свайго добрага гаспадара... А Ясючку вочы не адвядзеш! Не ведаюць неразумны пан Пранціш і сямейка ягоная, хто ўвесь гэты час быў іхнім ахоўнікам ад сілы нячыстае, падступнае, што прабіраецца ў розных абліччах да чалавека, праз шчыліну ўплішчваецца, з ценю вылазіць, на павуцінцы бабінага лета прылятае... Менавіта Ясючок крадма і з малітвачкай падкладаў пад кожны ганак у Капанічах закручаны ў белую хустачку кавалачак прасвіркі і сарваны паміж другім і трэцім крыкам пеўня каласок, перавязаны пасмачкаю кужалю, на Грамніцы свянцонага... Хіба не Ясючок абараняў маленькую панну Кацярыну ад начніц-крыксаў, навязваючы свянцоную жычку на калыску? А калі панна пачала гуляцца з вялізным чорным катом, толькі Ясючок скеміў, што гэта сапраўдны Варгун, каціны цар, умясцілішча д’ябальскае, ад чыйго вуркатання ў галаве заводзіцца жамяра. Той Варгун усе рукі здрапаў Ясючку, калі той яго ў мех засоўваў... Затое з кавалкам старых жорнаў не ўсплыве нячысцік з ракі. I толькі малітва Ясючка дапамагла прагнаць дамавіка з пакоя маёнтка Капанічы, дзе захоўваюцца кнігі, бог ведае з якімі гератычнымі аповедамі. He дзіва, што нячысцік там атабарыўся! Магутная тая малітвачка, першая, якую Ясючок вывучыў ад бабулі Параскі: «Госпаду памолімся і Мацеры Божай паклонімся! Адступіцеся, бесы праклятыя, ды не рабіце ні адзінае шкоды! Тут жывуць анёлы ды арханёлы, харувімы ды сарахвімы і чатыры вангелістыя: Мацвей, і Марка, і Лука, і Іван Багаслоў»...
Памятаецца, як толькі прамовіў Ясючок пачатак тае малітвы, у пакоі, кнігамі ды нейкімі жалязякамі бліскучымі застаўленым, так і заварушылася нешта па кутах, так і заскрыгатаў вялізны гадзіннік, падобны да чорнага слупа, у якім жывуць жалезныя пчолы... Але Ясючок да канца малітву дачытаў, вочы заплюшчыўшы, хоць і пачаў гадзіннік бомкаць, як рыдлёўка аб жалезную труну...
А Сцяцко, няўдзячны, увесь час вытрэсвае са сваіх кішэняў сухі святаяннік, які адганяе злога духа Апіўня, што змушае чалавека да граху п’янства. Ды лаецца на Ясючка.
Няхай лічаць недарэкам — прасцей будзе! Бо Ясюк — змагар, жаўнер войска нябеснага... Ён пераможа ваўкалака і ягоную спадручную!
Дзесь тут Ясючок бачыў зарасці дзядоўніку... Дзядоўнік і крапіва — лепшыя сродкі ад нячыстае сілы! У спалучэнні з правільнымі малітвачкамі, вядома, і здабытымі ў кляштары воскам, прасвіркамі і дзіравым скураным поршнем святога старца Анфімія, прададзеным Ясючку адным паслушнікам за мядзяны шэлег.
Трэба той поршань на тонкія стужачкі парэзаць, каб надоўга хапіла падкладаць у абярэгі.
Ясючок азірнуўся, перахрысціўся і знік у хмызняках.
Маршалак менскі салодка пазяхнуў, стоячы на ганку чужога дома пасярод палескае глушмені, пацягнуўся... Пад абцасам чырвонага саф’янавага бота храбуснула нешта. Двайны арэх-лузгун. Вядома, пан маршалак не заўважыў гэтае падзеі (і тым больш старанна выдрапанага на арэху крыжа) і не западозрыў, што раздушыў магутны абярэг ад вужалак, русалак ды ведзьмаў.
Раздзел другі
ЯК ВЫРВІЧ I ЛЁДНІК У СЛОНІМ
АДПРАВІЛІСЯ
Каб пазбавіцца начніцаў, разумныя людзі вешаюць на дзверы кашулю каўняром уніз.
Хоць халера яго ведае, чаму дзеўкі, ператвораныя ў прывідаў праз тое, што пры жыцці не займелі ўласных дзяцей, баяцца кашуляў. Кашлатыя, голыя, мокрыя, бо ў балотах жывуць, — наадварот, мусілі б хапацца за любую анучу, каб прыкрыцца.
Невядома, ці прыходзілі начніцы ў гэты дом з шыльдай «Аптэка» — першы паверх каменны, другі драўляны, — але скамечаная кашуля з каруначкамі павісла каўняром уніз, зачапіўшыся манжэтам за дзвярную клямку, быццам трымала дзверы ад захопнікаў...
Вось калі б вакол быў лес, дык з лесавіком якраз можна было б пагаварыць — ён засімпатызуе толькі таму, хто ў вывернутай кашулі, а яшчэ лепей, калі яна задам наперад апранутая.
Мусіць, лясны дух, такое пабачыўшы, думае: «Глузды і так з’ехалі ў небаракі, які сэнс яго па карчах ганяць? Можна і пагутарыць для смеху».
Але вакол быў не лес, а маленькае беларускае мястэчка пад назваю Жвірблі Вялікія, напоўненае пакорай, зайздрасцю i трывогай у роўных алхімічных прапорцыях.
Зрэшты, адзення валялася на падлозе на тузін моднікаў. Дыхтоўнага, незвычайнага... Кюлоты, кашулі з карункамі-блондамі, камізэлькі, расшытыя ў персіянскім стылі, камзолы... Пакамечанае, патаптанае — але новае, толькі дурныя начніцы маглі не скарыстацца, не прыўлашчыць хоць камізэльку...