Бо ясна, што ў доме пабывалі захопнікі. Шафы паваленыя, падлогу і аптэкарскі прылавак высцілаюць патрушчаныя шклянкі, ад смуроду змяшаных мікстураў шчыпле ў носе... А вянчае карціну аптэчнага апакаліпсісу разламанае напалам чучала кракадзіла на прылаўку — абавязковы атрыбут любога самавітага зельніка-фармацэўта, які падвешвалі пад столлю. Брунатна-жоўтыя зубы высахлай рэптылii дарэмна кусалі смуроднае паветра і цадзілі вавілонскую лаянку.
Пранціш раздражнёна крактануў... Ляснуўся спадзеў на добры начлег. А яны ж адмыслова збочылі, каб заехаць да Давыда Ляйбовіча, даўняга свайго сябра. Ён якраз аптэку нядаўна адкрыў у гэтым мястэчку ля Слоніма... Давыду калісьці дапамог атрымаць медычную адукацыю зямляк-палачанін Лёднік. I колькі разам прыгодаў перажыта!
Ляйбовіч быў спадаром прадпрымальным, аптэкаў паадчыняў акрым роднага Полацка, мусіць, у сямі месцах. Магнатаў абслугоўваў: Брастоўскіх, Багінскіх, Пацаў. Пудры, прыціранні, пахкія солі ягонага прыгатавання раскупаліся як свежыя смаргонскія абаранкі. Толькі што так і не ажаніўся, парушыў усе традыцыі — тая, каго кахаў, яму не дасталася. Які ж прыстойны габрэй аддасць дачку за блюзнера! А адзінаверцы ад юнацтва лічылі Давыда Ляйбовіча блюзнерам. Нездарма ж сябраваў з такімі, як Баўтрамей Лёднік, чужынцамі ды чарадзеямі... Доказам заганнасці для прыстойных месцічаў была і Давыдава схільнасць да модных убораў, калісьці падхопленая ў Францыі. Ён адусюль выпісваў найноўшыя прыдумкі краўцоў. Так што ў гасцей не было сумневу, каму належалі вывернутыя транты. Напрошваліся і сумныя высновы: рэчы не ўзялі, бо лічылі апаганенымі, праклятымі, як і іх гаспадара.
— Тапталіся тут звычайныя тубыльцы, але і жаўнеры былі, — Меланхолія ўважліва вывучала засмечаную падлогу. — Гэта не шараговы пагром чарадзейскага котлішча, Давыда вывелі людзі ў мундзірах і пры зброі, значыць, па нечым загадзе.
Пранціш не стаў перапытваць, адкуль кабета тое ведае, — шпяжанскія ўменні заразы сумневаў не выклікалі ні разу.
— Зноў паляванне на ведзьмаў, — змрочна заўважыў Лёднік, падымаючы з падлогі запэцканы сшытак з рэцэптамі. — Ніколі яно не скончыцца... Як толькі ў цябе выяўляецца трохі больш клёку, прагі ведаў ды сумлення, чым належыць пакорлівай адзінцы, — харты бяруць твой след.
Што ж, полацкі Фаўст на сабе тое зведаў.
Пранціш крайком вока заўважыў у паветры нейкае мільгаценне, павярнуўся... На падлогу ля дзвярэй ападалі сушаныя лісцікі нейкай зёлкі... У прыадчыненых дзвярах мільгануў збялелы ад жаху твар Ясючка. Мусіць, таксама лічыць дом юдэя страшным месцам. Але штось тлумачыць недарэку не было часу... Лёднік кінуўся чорным віхорам у пакой за гандлёвай залай, адкуль пачуўся слабы стогн.
Худы габрэй у некалі белай кашулі і калісьці чыстай чорнай камізэльцы ляжаў у смярдзючай лужыне і дрыжэў.
У хуткім часе Ясючок, змушаны гаспадаром, падтрымліваў на каленях галаву юдэя, парослую сівымі кудзеркамі — як у барана, далібог, — i ледзь не плакаў ад агіды. Пан-ваўкалак рабіў над хрыстапрадаўцам нейкія незразумелыя маніпуляцыі... Вядзьмарка яму, ясная рэч, спрытненька дапамагала.
Потым ваўкалак спытаў у юдэя, ды так ласкава, як у свайго:
— Што з вамі зрабілі, можаце сказаць?
Юдэй шкрабануў доўгімі павучынымі пальцамі па ўквэцанай падлозе і слаба прасіпеў:
— Цэбар вады змусілі выпіць... Каб яны сваімі языкамі задушыліся...
Лёднік тут жа даў аптэкару — якога, як выявілася, завуць Шмуйла, — нейкіх мікстураў і парадаў, на якія той Шмуйла адрэагаваў як лысы на падораны грабеньчык. Лаяўся адметна, толькі збольшага па-габрэйску... Кляў асабліва сваё неразважлівае рашэнне пайсці на службу да такога шлімазла, як Ляйбовіч, бо, калі той пачне шыць саваны, людзі стануць жыць вечна, а калі вырашыць рабіць свечкі, сонца ніколі не сядзе.
— Дык а дзе Ляйбовіч?
Нарэшце прагучала патрэбнае пытанне... Аптэкар, які трохі ажыў стараннямі ваўкалака і вядзьмаркі ды з іх падтрымкай усеўся ў крэсла, яшчэ дрыготка, але выразна патлумачыў, што хацеў бы ніколі не сустракаць гэтага сына граху:
— Каб я яго бачыў на адной назе, а ён мяне — адным вокам!
Ясючок між тым з палёгкай выдыхнуў і адбегся як мага далей ад габрэя, хрысцячыся і намагаючыся ні да чаго больш у паганым доме не дакранацца. Рукаў кашулі спадара Шмуйлы быў амаль ададраны і, звісаючы з проймы камізэлькі, нагадваў зламанае крыло.
З аповеду, перасыпанага стогнамі і велягурыстымі праклёнамі, з’ясавалася наступнае. Давыд, «сын граху» і ўладальнік выдатных ангельскіх кюлотаў з жоўтай ласінай скуры, прыехаў сюды, у новую аптэку, прыгледзець за справаю, праінспектаваць і выканаць чарговую буйную замову. А менавіта — забяспечыць трупу Слонімскага тэатра, учыненага ягонай княскаю мосцю вялікім гетманам Міхалам Казімірам Багінскім, найлепшымі парфумамі, а таксама бяліламі, сініламі ды чырваніламі. Трупа толькі што істотна папоўнілася — балет, опера, аркестр атрымалі выпісаных з-за мяжы навабранцаў... А ўсе марцыпаны і танцы з падкаленцамі з той прычыны, што вялікі гетман вось-вось мусіў вярнуцца са свайго доўгага падарожжа ў Галандыю і Ангельшчыну, і падданыя рыхтавалі грандыёзную сустрэчу, найперш з удзелам улюбёнага гетманаўскага тэатра. Займаўся падрыхтоўкай дзейства нейкі пан Франц Магнус, якога ўсе, ад кларнетыста да балерыны, страшэнна баяліся.