Выбрать главу

У гэтым месцы расповеду Лёднік і Вырвіч перазірнуліся... Дзіўнае супадзенне: калісьці Францам Магнусам назваў сябе Пранціш, калі ў Слуцкім замку выдаваў сябе за немца. Было яму васямнаццаць, розуму з жабіныя прыгаршчы, прыдумаў мянушку пагучней, павелічней: Магнус — «вялікі». Яшчэ б Цэзарам назваўся, штудзіраваў жа тады Святонія ды Плутарха. Наўрад i тут сапраўднае прозвішча, мусіць, такі ж амбітны боўдзіла...

Дык вось, адправіў Ляйбовіч пяць скрыняў сваёй вохкай прадукцыі, а праз дзень прыскакалі з палаца пасланцы пана Магнуса. Маўляў, ад Давыдавых парфумаў-пудраў артысты расхварэліся... Падрабязнасцяў Шмуйла не ведаў, але ўрачыстая сустрэча гетмана зрывалася, як каранаванне князя Вітаўта пасля выкрадання палякамі ягонай кароны. Так што распраўляліся з атручвальнікам сапраўды жаўнеры — людзі Багінскага. А заадно жыхары слаўнага мястэчка Жвірблі Вялікія, якія даўно з падазрэннем паглядалі на сумніўную ўстанову пад назвай «Аптэка», з імпэтам кінуліся вынішчаць іншаверных ведзьмакоў, нягледзячы на тое што шмат хто з тых месцічаў яшчэ нядаўна набываў тут мікстуру ад кашлю, мазь ад прастрэлу ды парашок ад пякучкі. Давыда скруцілі і звезлі ў Слонім, дзе суровы пан Франц Магнус учыніць яму справядлівы, вядома ж, суд. А няшчаснаму Шмуйлу давялося прыняць на сябе гнеў жвірблеўцаў, дакладней жвірблеўцаў-вялікіх. Добра, што ягоная жонка сёння ў аптэку дапамагаць па гаспадарцы не прыходзіла.

— Колькі жыву — ніяк не перастану здзіўляцца. Як проста нашыя добрыя ліцвіны, якія ўчора суседу шчыра ўсміхаліся, назаўтра гэтак жа шчыра здзекуюцца з яго, як з дзікага звера, — зноў завёў свае змрочна-праведныя сентэнцыі Лёднік.

Меланхолія хмыкнула, падбіваючы мыском бота спустошаную бутэльку, якая аказалася занадта таўстабокай, каб разбіцца, толькі трэснула. Знайшоў эскулапе чаму дзівіцца... Мала добрыя суседзі вокнаў яму пабілі, а зычлівыя калегі на допыты адпраўлялі?

Дарэчы, доктар быў занадта раззлаваны для спадара, які шчэ пару тыдняў таму шчыра намерваўся стаць прыстойным, рахманым мніхам.

Аптэкар кінуў на яго насцярожаны позірк з-пад кусцістых броваў:

— А вы, мабыць, пан Баўтрамей Лёднік? — Павярнуў галаву, змерыў маршалка менскага гэткім жа насцярожаным позіркам: — А вы ці не ягоная мосць пан Франтасій Вырвіч? — Атрымаўшы пацверджанне, не павесялеў. — Давыд казаў, калі вы з’явіцеся ці людзі ад вас, пусціць без роспытаў і спрыяць ва ўсім, што панам зажадаецца.

Мусіць, для аптэкара рэпутацыя найбліжэйшых сяброў «шлімазла» не дужа спрыяла павазе да іх. Шмуйла прыгладзіў дрыготкімі рукамі кудзеры, падцягнуў адарваны рукаў, каб не матляўся, і ўстаў з крэсла.

— Ну, дзякую, што дапамаглі, паны дабрадзеі, але, Бог бачыць, хачу толькі аднаго: ціхенька сысці дадому, забраць сям’ю і з’ехаць... Другога цэбара вады мне не выпіць.

Ясна было, што выручаць свайго гаспадара Шмуйла не збіраецца і ўгаворваць яго на гэта — што спрабаваць кулю раскусіць. Толькі дзверы чорнага хода грукнулі.

Чальцы банды Чорнага Доктара абмяняліся сумнымі позіркамі. Затрымлівацца не выпадае, бо і так зацягнулі з выратавальнай экспедыцыяй... Што з Сафійкаю робяць і ці жывы яшчэ бедны ейны рыцар Карусь? Але кінуць сябра ў небяспечнай сітуацыі? Лёднік кусаў тонкія вусны... I Пранціш не сумняваўся: цяпер, калі пакаянне з адсланеннем ад юдолі зямной скончылася, Бутрым не зможа проста адвярнуцца і з’ехаць...

I Гальшка тое разумела — падышла, нерашуча, як быццам баялася апячыся, паклала руку на плячо сужэнца:

— Пайшлі, па дарозе штось прыдумаем.

Але прыдумшчыка лепшага за лёс няма.

Толькі ступілі за дзверы — а там такая сабе самавітая грамада, ці не палова мястэчка сабралася... I не за пігулкамі ад кашлю. Вочы злыя, у руках — рагаціны-калаціны... А хтось і стрэльбаю ўзброіўся. Дзесь за спінамі натоўпу гарлаў праклёны Сцяцко, які трапіўся паляўнічым на ведзьмаў першым і, мяркуючы па ягоных выкрыках: «Развяжыце, бісовы дзеці!» — вольна перасоўвацца больш не мог.