Дарэмна маршалак менскі прамаўляў урачыстыя прамовы ды страшыў... Дарэмна Лёднік спрабаваў штось тлумачыць прафесарскім гласам, а Меланхолія нешта пераканаўчае на хаду выдумляла і міла шчабятала. Чараўнікоў, саўдзельнікаў Давыда-атручвальніка, адправілі на расправу да застрашлівага пана Франца Магнуса ў Слонімскі палац.
Доктар са скуры вылузваўся, імкнучыся ўгаварыць не чапаць кабету, якая тут увогуле выпадкам — у адказ выкрыкі: «Ведаем, ведаем, хто яна! Не зацярушвай вочы, вядзьмак!» Адначасова доктар спрабаваў падаваць знакі «бязвіннай кабеце», каб паводзілася рахмана i не церабіла тут крывавую сцежку.
Пранціш азірнуўся і пабачыў, як з-за нечай спіны паказаўся бледны твар Ясючка. Добра, што хлопец ацалеў... Вось толькі нейкі выраз у яго быў незразумелы. Ну не мог жа Ясючок, якога Пранціш пры сабе паставіў, для якога доктар лекі штодзень рыхтаваў, якога Сцяцко, як малодшага брата, аберагаў, радавацца, што ягоных дабрадзеяў схапілі i валакуць на судзілішча?
Ці мог?
Шчуплая постаць недалужнага слугі схавалася ў натоўпе.
Вырвіч, якога неміласэрна штурхалі ў патрэбным нападнікам пакірунку, злавіў насмешліва-горкі пагляд Меланхоліі — яе ваўкалацкія вочы зноў былі схаваныя за сінімі венецыянскімі шкельцамі.
— Я ж казала — гнілая дошка ў мосце. Здаў нас твой пахолак. Богаўгодную справу, плюгавец, учыніў.
Ну чаму ў манастыры здрадніка не пакінулі... Але шкадаваць аб тым, што адбылося, заўсёды позна.
Сцяцка не сталі далучаць да важных вязняў, мяркуючы па крыках, дужага гайдука некуды адвялі. А Лёднік, Меланхолія і менскі маршалак мусілі адбыць пад аховай у Слонім. Добра хоць дазволілі на сваіх конях рушыць. Праўда, Гальшка страшэнна не любіла жаночае сядло, лічыла, што глупства гэта — бокам ехаць, але не паспела пераапрануцца ў мужчынскае, як спадзявалася ў бліжэйшы час, вось мусіла і надалей рабіць выгляд пачцівай пані. Зброю ў «ведзьмакоў» паадбіралі, мужчынам звязалі рукі. Не вяроўкай ад звона — дзе ж такіх вяровак на ўсіх набярэшся, — але паўзверх пянькі накруцілі кудзелі (няйначай, на Грамніцы свянцонай). Ды яшчэ панасоўвалі за каўняры, за пазухі ўсім сушанай крапівы і дзядоўніку. А на Лёдніка яшчэ і нейкіх нітак панамотвалі. Жагнаюцца, малітвы мармычуць, адзін малады бэйбус, руды, як цыбульнае шалупінне, з вырачанымі ад страху светлымі вачыма, усё выцягвае ў бок вязняў руку з заціснутым срэбным крыжам.
Меланхолія, якую вязаць не сталі, толькі святой вадою апырскалі, пад’ехала ўшчыльную да доктара і, схіліўшыся, прашаптала:
— Ахоўнікаў нашых — сем мужыкоў ды двое шарачкоў са стрэльбамі. Уцячы — раз плюнуць. Кінжальчыкі пры мне і яшчэ сёе-тое... Знак толькі падай — пакладу ўсіх.
Лёднік пахітаў галавой:
— He ўздумай! Нікога класці мы не будзем. Ды і навошта? Якраз скарыстаемся выпадкам патрапіць у Слонімскі палац і дапамагчы Давыду.
— I праўда, — пагадзіўся Вырвіч, варушачы звязанымі рукамі, каб не сцерхлі. — Нам толькі б да якога адукаванага, шляхетнага чалавека дабрацца. Ніводзін шляхціц не дапусціць, каб пана-брата напалоханыя мужыкі дратавалі. Box, даб’юся пасля, каб гэтым гіцлям скуру злупілі...
Доктар не паспеў агучыць звыклую сентэнцыю пра тое, што нельга караць простых людзей за невуцтва, бо гэта не іх віна, і ўвогуле лупцоўка — дзікунства... Адзін з варты тут жа загадаў ведзьмакам прымоўкнуць, і між ягоных таварышаў усчалася спрэчка — ці не завязаць вязням раты, якраз хтось аброчны ручнік прыхапіў, можна на палосы парваць.
Лёднік сурова зыркнуў — вартаўнікі самі змоўклі, потым устрывожана зашапталіся, відавочна, кожны ўявіў, што давядзецца дакранацца да гэтага... ваўкалака. Ой, не, барані божа. А што, калі ўкусіць ды сам у ваўкалака абернешся?
Пачуўшы спалоханыя перашэпты, Меланхолія зарагатала:
— Я ўзяла шлюб з пярэваратнем! Я так і ведала, доктар! Навучыш мяне выць на поўню, га? Даўно мы з табой разам не вылі.
Вось жа чума, якой была, такой i засталася... Пранціш з прыкрасцю адвярнуўся. Ну як мог Лёднік з ёй ажаніцца? I гэта пасля мудрай, прыўкраснай Саламеі!
А Баўтрамей на бессаромны рогат недарэчнай сужэнкі ціхутка-ласкава мовіў:
— Не пераймайся так, Галена, Гасподзь управіць, выберамся!
Гэта Чума перажывае? Каб яшчэ не парэзала каго дарогай.
Добра, да Слоніма ўсяго пара гадзінаў язды. I дарога неблагая — збудаваная пінскім падстаростам Мацеем Бутрымовічам, сябруком князя Міхала Багінскага, ад Пінска да самога Слоніма. Як мімаходзь заўважыў Бутрамей, які па-ранейшаму збіраў веды, як галодная пчала — нектар, не прамінаючы ніводнай, нават самай непагляднай кветачкі, за ўзор былі ўзятыя рымскія дарогі. Бо гэта ж Палессе, спрэс балоты. Мясцовая шляхта ажно рагатала, даведаўшыся пра намеры пінскага падстаросты: ды спакон веку тут павозкі ў дрыгве загразалі! Але Бутрымовіч, нашчадак змрочнага і страшэнна ўпартага рыцара Бутрыма з легендаў (а той, мяркуючы па характары, мог быць продкам бязроднага Баўтрамея Лёдніка) зладзіў усё дыхтоўна. Два слаі бярвенняў, далей — «дарожная адзежа» з голля і грунту, паўзверх — торф, абапал — канавы для асушэння ды пасаджаныя вербы, якія не толькі ўпрыгожвалі, але і давалі сваё галлё для будаўніцтва дарог. Паслухаўшы доктара, Вырвіч нават пачаў вымалёўваць у галаве план, як ад роднага Падняводдзя, якое ўсё-ткі выкупіў, да цесцевых Капанічаў такую дарогу пракласці. Праўда, пакуль тое настане, спіна калом стане.