Выбрать главу

I на думкі не было часу. Не паспела сцямнець — «чараўнікоў» прывялі ў кавалергардыю непадалёк ад брамы палаца. Князь Багінскі грунтоўна перабудаваў колішні замак, грувасткі, напалову драўляны, у прыемны магнацкаму воку каменны палац з вялікімі вокнамі, праз якія, напэўна ж, вечарамі так заманліва ззяюць жырандолі... Дый увогуле разбудаваўся: акрамя Камедыяхауса, тэатра не горш за сталічныя, i балетная школа ёсць, і скарбніца, дзе захоўвалася сярод іншага каштоўная бібліятэка, і аранжарэі, і флігелі...

Парк, які краем вока ўдалося пабачыць, не меў простых дарожак, стрыжаных шарамі ці кубамі кустоў і клумбаў з кветкавымі вензелямі... Дрэвы і кусты раслі нібыта абы-як, перавіваліся галінамі, утвараючы аркі. Усялякія кветкі буялі ўперамежку, сцежкі абапал цэнтральнай прысады звіваліся ў лабірынт, дзе хацелася заблукаць. Белыя мармуровыя скульптуры, згубленыя там, здаваліся прывідамі... Англійскі стыль, відаць, упадабаны Багінскім падчас падарожжа.

Што ж, радзіма ў палоне, трон заняты, але бланманжэ на залатой талерцы само сябе не з’есць, праўда?

У пакоі з голымі каменнымі сценамі, дзе замкнулі «ведзьмакоў», была ўсяго адна кароткая лаўка, а на гэткай жа каменнай падлозе валяліся раздушаныя нечымі падэшвамі ягады чарніц. Пранціш уявіў, як нейкі вязень спаталяе люты голад жменькаю ягад, перададзеных крадма міласэрнаю кабетай, а варта, тое заўважыўшы, выбівае пачастунак з ягонай далоні і раз’юшана топча...

А добра было б пад’есці. Але ў кішэнях — адна сушаная крапіва. Ну, хоць рукі развязалі.

— Ваша мосць, нам ix слуга ўсё распавёў! Чарадзеі яны, чарнакніжнікі! Неадменна з юдэямі ў змове! — нечы спалоханы голас дрыжэў ад пачцівасці.

Меланхолія падскочыла да дзвярэй, прыклалася вухам. I ледзь не сутыкнулася лбом з Вырвічам, які таксама не разявака ў такія хвілі.

— Старэйшы пан — ваўкалак ён! А жанчына ягоная — ведзьма! Далібог, пане дабрадзею! А трэці, пан вусаты, імі зачараваны, слухаецца іх! Яго б абшукаць — абавязкова мусіць быць якая рэч загавораная на ім... Мы самі пабаяліся, ваша мосць.

— Ёлупы! Дзікуны! Нічога даверыць нельга! — той, да каго звярталіся з такой пачцівасцю, гаварыў высокім раздражнёным голасам з заўважным акцэнтам. — Паказвайце вашых ведзьмакоў-ваўкалакаў!

Крокі наблізіліся, забразгалі засовы... Пранціш і Меланхолія адскочылі ад дзвярэй і з самым бязвінным выглядам уселіся на лаўку абапал змрочна-ганарыстага Лёдніка.

Пан у дыхтоўным, але без залішняй раскошы касцюме з юлёвага аксаміту выглядаў зусім нястрашна. Кароценькі, тоўсценькі, як цабэрак, з кірпатым носам і светлымі вырачанымі вачыма на мяккім, аплывістым твары... Зморшчыны на скошаным ілбе, на які насунуты напудраны парык з акуратнымі буклямі. Але тыя, хто зайшоў з ім — Вырвіч пазнаў сярод кампаніі двух сваіх ахоўнікаў са Жвірбляў Вялікіх, — ажно прысядалі ад страху і пачцівасці і пацелі ад жадання дагадзіць ды не раззлаваць. Падобнае Пранціш бачыў хіба ў Слуцкім палацы, у атачэнні шалёнага князя Гераніма Радзівіла.

Пры паглядзе на нявольных гасцей Слонімскага палаца тоўсценькі пан зрабіў крок назад і выдыхнуў паветра, быццам яго хтось ударыў у круглы жывот.

— Вы! Зноў вы! — азызлы твар пана не проста пачырванеў, а пачаў імкліва набліжацца колерам да бурака. — Ну так, як жа магло без вас абысціся! Мала вы мне важных спраў сапсулі? Лёднік, як бы я рад быў цябе ніколі больш не бачыць!

Баўтрамей няспешна ўстаў, стрымана кіўнуў:

— Мае вітанні, Якаб Пфа...

Таўстун адчайна замахаў рукамі, перарываючы:

— Я Магнус! Пан Франц Магнус! Папрашу цяпер звяртацца да мяне толькі так! — Павярнуўся да разгубленых ахоўнікаў: — Пайшлі прэч!

Тых як вымела з вязніцы. Каб яшчэ заікацца не пачалі...