Выбрать главу

Пранціш мог зразумець раз’юшанасць гэтага... Франца Магнуса нумар два. Былы аднакурснік Баўтрамея па Лейпцыгскім універсітэце Якаб Пфальцман патрапіў у Беларусь, везучы акрутнаму магнату Гераніму Радзівілу замову — цуд-машыну «Жалезную Чарапаху», якая магла ездзіць на вадзяным рухавіку і страляць з гарматаў... I ўвесь гэты цуд разляцеўся на дробныя аскалёпкі, калі ўцякалі яны ўсёй кампаніяй са Слуцкага замка — бо Баўтрамей увязаўся ў закалот, ратуючы сваю каханую Саламею, а Пранціш пад імем Франца Магнуса яму з усім шляхецкім імпэтам дапамагаў.

Другі раз сустрэліся падчас Барскай канфедэрацыі, калі Пфальцман здзяйсняў па замове падскарбія Антонія Тызенгаўза наступнае сваё вынаходніцтва — «Жалезнага Змея», які мог плаваць пад вадою... I што ж? Зноў стараннямі Лёдніка цуд-машына ўзарвалася... Затое не дасталася ні расейцам, ні хцівым да ўлады магнатам. Пфальцман відавочна таго не забыў, таму што ледзь дымам не пыхкаў, як цмок.

— Праз цябе я больш не магу займацца вялікімі задумамі! Verdammt seist du![1] Пасля таго як ты ўзарваў мой падводны карабель, яе вялікасць расейская імператрыца забараніла праектаваць тут ваенныя машыны! Да чаго я апусціўся — блазнамі кірую, абсталяванне для тэатра ладжу, механічных ільвоў раўці змушаю. I нават цяпер ты мне напаскудзіў! I вы, пан Вырвіч, з’явіліся як з-пад печы...

Меланхолія, з усмешачкай вывучаючы новага для сябе персанажа, крыху пасунулася наперад. Пранціш быў упэўнены: варта Пфальцману, які махаў рукамі, падобна ветраку, зараз штось зрабіць Бутрыму, раздзярэ дзеўка немчыка, бы гнілое радно.

Нарэшце фальшывы, як алхімічнае золата, Магнус выкрычаўся і выцер рукавом спацелы лоб. Відаць, ён адчуваў нешта пагрознае ад гэтай вытанчанай белавалосай кабеты ў сціплым каптуры, таму што некалькі разоў скасавурыўся на яе.

Меланхолія апярэдзіла пытанне, якое хвалявала немца:

— Я, ваша мосць, Галена Лёднічанка, пляменніца шаноўнага доктара Баўтрамея Лёдніка, еду ў суправаджэнні свайго дарагога дзядзечкі на лячэнне на бадэнскія воды.

I ўсміхнулася, як котка сподачку са смятанкай... Баўтрамей памкнуўся быў аднавіць праўду, але жоначка незаўважна, але адчувальна ўшчыкнула яго за локаць: маўчы, маўляў, я лепш ведаю, як выкручвацца... Бутрым нахмурыўся...

Пранціш вырашыў: час браць усё ў свае шляхецкія рукі. Няспешна падняўся, важка выказаўся... I што ў Жвірблі Вялікія яны завіталі выпадкова, і што патураць забабонным мужыкам збіваць шляхту — самае страшнае злачынства ў Вялікім Княстве Літоўскім, і што наўрад ягоная мосць князь Міхал Казімір Багінскі будзе ўдзячны за судовы працэс з нагоды незаконнага захопу маршалка Менскага павета, шляхціца старажытнага герба Гіпацэнтаўр і мужа ягонай пляменніцы ў адной асобе. А доктар Лёднік, між іншым, лечыць яе княскую мосць, вялікую гетманшу Аляксандру Багінскую з Чартарыйскіх, якая да парадаў Баўтрамеевых дужа прыслухоўваецца.

Гэта была праўда — Лёднік сапраўды сустракаўся не раз з уладнай пані, якая, уласна кажучы, і прынесла пану Міхалу ў пасаг Слонім, здабыты ад першага мужа. Чартарыйская Лёдніка паважала, але ж той не захацеў удзельнічаць у ейных палітычных гульнях... Пра што самазванаму Магнусу ведаць было неабавязкова.

Пфальцман трохі зніякавеў — наколькі Вырвіч памятаў, ён ніколі не вызначаўся баявітасцю. Нават цяпер, у якасці Франца Магнуса, кіраўніка Слонімскага тэатра, ці кім там Багінскі яго прызначыў яшчэ, у атачэнні паслухмянай прыслугі і маючы над сваёй рукой цэлае войска. Чым так запалохаў усіх?

Хаця, калі ўспомніць, выпрабоўваючы свайго «Жалезнага Змея» ў падземным возеры ў Тураве, смешны баягуз Пфальцман замардаваў не аднаго нявольнага выпрабавальніка — задыхаліся небаракі, калі іх апускалі ў металёвай скрынцы пад ваду. I Пранціша з Лёднікам той жа лёс чакаў — сілком загналі ў той човен і трымалі пад вадой, каб Лёднік змушаны быў вынайсці рэчыва, здольнае ачышчаць паветра. Ледзь не загінулі яны там... А Пфальцману — толькі навуковы інтарэс.

— Можа быць, працягнем размову ў больш зручным памяшканні, Якаб, i падумаем, чым можам быць карысныя адзін аднаму? — уладна прамовіў Лёднік.

А Меланхолія сонечна ўсміхнулася пану Францу Магнусу... Так радасна, што ў таго ажно ў горле нешта перасела ад незразумелага страху.

Гэтую бойку ён прайграў.

* * *

Пакой, у які перамясцілі сяброў атручальніка Давыда, нічым не нагадваў карцар у кавалергардыі. Каб патрапіў сюды старажытнарымскі відачынец, пачуваўся б вельмі зручна... Звыклыя белыя маскі на сценах, з разяўленымі ратамі і пустымі вачніцамі, мармуровыя скульптуры знаёмых багоў ды багінь, нават мэбля з ножкамі і поручнямі ў выглядзе львіных лап, як модна ў Вечным горадзе...

вернуться

1

Чорт цябе забяры! (ням.)