Выбрать главу

Гальшка раптам адступіла некалькі крокаў, разагналася, падскочыла — і перакруцілася ў паветры, спрытна падабраўшы спадніцы. Аж вецер узняўся. Прысела ў рэверансе, сціпла апусціўшы вочы... Нат не задыхалася.

Пфальцман ажывіўся, ледзь сам не падскокваў.

— А спяваць паненка ўмее? — Лёднікаў аднакурснік аж рукі паціраў ад нецярпення.

Меланхолія, ні на каліва не зважаючы на незадаволенасць сужэнца, ганарыста адкінула белавалосую галаву:

— Our king has wed a comely queen, fair as the morning star, And in his court he’s kept a steward called Sir Aldingar...

Чаму былая наймічка ўспомніла менавіта народную ангельскую баладу пра падступнага сэра Алдзінгара, Вырвіч не ведаў, але песня ёй пасавала. Вядома, і блізка не быў голас Меланхоліі такі моцны, глыбокі і прыгожы, як у Раіны Міхалішыўны, колішняй Пранцішавай нявесты, прыгоннай актрысы... Нізкаваты, ледзь заўважна хрыпаты, але такая сіла жыцця ў ім гучала, і лёгкая насмешка, і дзёрзкасць, што хацелася слухаць і нават прытанцоўваць.

Між тым Пфальцман не даслухаў, як падступны сэр Алдзінгар спрабаваў загубіць ілжывым абвінавачваннем у пералюбстве каралеву, якая яго заляцанні адпрэчыла, і запляскаў у ладкі.

— Майн гот, няўжо неба нада мной злітуецца?! Што ж, калі панна такая смелая, пойдзем неадкладна, хай фройляйн паспрабуе засвоіць, як карыстацца маім вынаходніцтвам.

— Якім вынаходніцтвам? — падазрона перапытаў Лёднік. — He думай, Якубе, што я дам дазвол гэтай дзяўчыне на ўдзел у нечым небяспечным.

Яшчэ б! Не забыўся, як ў «Жалезным Змеі» ў падземным возеры Туpaвa канаў...

— Ай, пан доктар, ці ж нам жыць на кусты аглядаючыся? — выскаліла бялюткія зубкі Чума, як яе называў пра сабе Пранціш. — Што адзін мог здолець — другі можа паўтарыць.

Але Вырвіч нізавошта не ўзяўся б паўтараць тое, што магла фройляйн Грэтхен. Нават запаважаў тую дзеўку, хоць пабачыў толькі адзінае ейнае здаровае вока...

Пфальцман з гонарам дэманстраваў гасцям падрыхтоўку да сустрэчы вялікага гетмана Міхала Казіміра Багінскага. Ну, шэрагамі прыбраных у святочнае пейзанаў з кветкамі і кошыкамі з «дарамі Флоры» нікога не здзівіш. Ліхтары-феерверкі — таксама справа звычная, нават у Капанічах трохі ладзілі, хоць Дамініка і абуралася: чым спальваць дарэмна грошы, лепей мужыкам бы раздалі. Прынамсі, ва ўладаннях Гараўскіх і Вырвічаў не было такога, як у тым жа Нясвіжы — каб падчас панскіх урачыстасцяў мужыкі, чые хаты побач з дарогай ды відочныя з палаца, у сябе за ўласныя сродкі запальвалі зыркія ліхтары. А хто не запаліць — адлупцуюць, вокны павыбіваюць, з хаты выганяць... Мужыкам скуль узяць грошы на тую ілюмінацыю? А калі там удава бедная з дзецьмі? Апошняе аддаюць на алей, які згарыць упустую, а самі пры лучыне гаруюць.

Пан Магнус такімі пытаннямі, відавочна, не пераймаўся. Пейзане, сагнаныя на рэпетыцыю, былі худыя, бледныя і запалоханыя да пятага ценю, асабліва дзеткі, якіх, можа, упершыню ў жыцці добра адмылі. Старанна выцягвалі тонкія рукі з букетамі палявых кветак, кланяліся...

Але Пфальцман сапраўды знайшоў, чым мог бы здзівіць слонімскага гаспадара. Пінскі падстароста Мацей Бутрымовіч, сардэчны сябар Міхала Казіміра Багінскага яшчэ па службе ў пяцігорскім палку, не толькі звычайныя дарогі будаваў, але і вадзяныя. Не для забавы — а каб гарады і краіны з’ядноўвалі, каб стругі ды віціны плавалі. I Багінскага здолеў гэтай ідэяй захапіць, так што цяпер па вырытым з фундацыі гетмана канале — ягоныя берагі, безумоўна, заззяюць ліхтарамі — павольна рухаўся вялізны плыт, упрыгожаны як сцэна найлепшага тэатра... На плыце грувасцілася высозная канструкцыя, замаскіраваная пад бутафорскую гару, ці то Алімп, ці Парнас. Белыя дашчаныя аблокі ўпрыгожвалі яе вяршыню. У падножжа гары — а яна сажняў шэсць, не менш — выстраіліся амуры, німфы, ундзіны ды іншыя казачныя істоты. Алімп (ці Парнас) мусіў падплысці да вялікага гетмана (правільна, не гетману ж самому да таго Парнаса перці?), а потым з вяршыні да князя Багінскага мусіла спусціцца сама багіня перамогі Ніка, каб праспяваць прывітальную арыю.

Вось у гэтым месцы сюжэта Лёднік яшчэ больш занерваваўся, дый Пранціш таксама.

Спусціцца Ніка мусіла на крылах, якія, згодна з міфам, у яе меліся.

Пфальцман узяўся стварыць гэты аксесуар багіні з дапамогай свайго вынаходніцтва, якое горда назваў «Скаральнік аблокаў». Выглядаў той «Скаральнік» пакуль што грудай кітовага вусу, да пругкіх пласцін мацавалася белае палатно. Была яшчэ сістэма раменьчыкаў пры дапамозе якіх канструкцыя мусіла надзявацца на выпрабавальніка.