Выбрать главу

— Якаб, ты здурнеў?! — Лёднік пагрозна насунуўся на нізенькага немца. — Я разумею тваю ідэю. Калі мы яшчэ студэнтамі разглядалі ў Лейпцыгу малюнкі Леанарда да Вінчы, там i падобнае прыстасаванне было, каб бясшкодна спускацца з вялікай вышыні. Але ты сам ведаеш, колькі пры выпрабаванні падобных прыладаў людзей пазабівалася!

— Леанарда — дзіцё ў параўнанні з сённяшнім прагрэсам! Любое вынаходніцтва з часам удасканальваецца! — не спалохаўся пагрознага Чорнага Доктара Пфальцман, які ў дачыненні да сваіх прыдумак заўсёды быў напорысты да адчаю. — Урэшце, у Францыі паспяхова прайшло выпрабаванне лятальнага плашча прафесара Фантажа! А мой «Скаральнік аблокаў» непараўнальна лепей зладжаны! Я, між іншым, перапісваюся з Луі Ленарманам з Манпелье, які таксама плануе падобнае.

— Ты забываешся, што лятальны плашч Фантажа выпрабоўваў асуджаны на смерць злачынец, а месье Ленарман, якога я добра ведаю, напэўна, будзе выпрабоўваць свае вынаходніцтва сам.

Пфальцман затузаўся — яму, відавочна, ніяк не хацелася самому сігаць з вышыні на «Скаральніку аблокаў».

Меланхолія ўлезла са сваёй фальшыва рахманай усмешачкай:

— Упэўнена, што змагу зладзіць з гэтай канструкцыяй...

Пранціш ажно ўбок адышоў ад гарачай дыскусіі, якая тут жа ўзвіхурылася. Абодва дактары расцягвалі ў бакі «Скаральнік», быццам вывучалі крылы забітага Страціма-лебедзя. Лёднік тыцкаў доўгім пальцам то ў адну дэталь, то ў другую, Пфальцман махаў рукамі і нешта даказваў, зрываючыся на віск і нямецкую мову, Меланхолія дзелавіта вывучала механізм, які ўсур’ёз намервалася скарыстаць. Далібог, у шалёнай дзеўкі ажно вочы гарэлі — так хацела з кашчавай пагуляцца ў тры саломіны... Пранціш ведаў такіх асобаў — сам часам любіў пакаштаваць п’янкі напой небяспекі, калі стукаешся келіхам са смерцю. А Меланхолія, напэўна, жыць не магла без такіх выпрабаванняў... Собіла ж Лёдніку з такой звязацца!

Калі шалёная дзеўка на спробу пачала прымацоўваць да сябе канструкцыю, Лёднік уладна схапіў яе за руку:

— Галена, на некалькі слоў. — I адцягнуў убок.

Пранціш хмыкнуў пра сябе: успомніў недароблены мніх пра мужавы правы!

— Я забараняю табе ўдзельнічаць у выпрабаваннях гэтага сумніўнага апарата.

Чума з ветлай усмешкай выслухала, потым як крутане спрытна рукой, якую трымаў Лёднік — і сама ўчапілася за запясце мужанька. Потым ціхенька, з той жа ўсмешачкай:

— Па-першае, пане мой і ўладару, табе трэба вызваліць свайго сябра Давыда, каштоўнасць жыцця якога дакладна перавышае каштоўнасць майго. Па-другое, брат Філагоній, ніхто не перашкодзіць мне атрымаць задавальненне ад гэткае выдатнае авантуры.

Раптам Меланхолія рыўком падцягнула руку ўгневанага і разгубленага мужа да сваіх вуснаў і пацалавала беражліва, як святыню, не адводзячы пагляду ад вачэй сужэнца. Адышлася на крок, прысела ў рэверансе, Пранціш толькі галавой крутануў.

Між тым пану Францу Магнусу надакучыла спрэчка, якая адбірала каштоўныя хвілі. Ён махнуў рукой, i адразу падбеглі гвардзейцы Багінскага, усе дзецюкі ладныя i з дубовымі лбамі.

— Ідзі, Бутрым, у лабараторыю і вынаходзь лекі для артыстаў! Нічога з тваёй пляменніцай не здарыцца, слова даю.

Ага, дужа таму слову верыцца пасля тураўскіх нетраў...

Але Пранціш не стаў умешвацца, калі Баўтрамея гвалтам павялі прэч. Урэшце, ён бачыў, на што здатная ягоная новая жоначка, неяк выкараскаецца. I самому ж карцела паглядзець на палёт Валькірыі... Пардон, Нікі Пераможнай. Нават пейзане забыліся на свой страх перад панамі і іхнімі штукарствамі і загаманілі, паказваючы пальцамі на дзеўку, якая спрытна ўзбіралася на дашчаны плывучы Парнас. «Скаральнік аблокаў» таксама паднялі на верхнюю пляцоўку, прыкрытую бутафорскімі хмаркамі, з дапамогай адмысловых вяровак. Сонца патроху хіліла долу пацяжэлую гарачую галаву, а Меланхолія зацягвала на сабе рамяні адмысловага мацавання. Палатно, нацягнутае на кітовы вус, грувасцілася за ёй, быццам сапраўды складзеныя крылы.

— Вось сюды, фройляйн! Паміж гэтымі адзнакамі кіруйцеся! — бегаў па беразе Пфальцман. — Скачыце, калі падам знак!

Вырвіч узіраўся ў маленькую фігурку на вяршыні «гары» — а канструкцыя ж яшчэ і заўважна пагойдваецца — і пачынаў не на жарт нервавацца. А што, калі і праўда разаб’ецца?

У канале ціха плюхалася вада. Добра, хоць ветру моцнага няма...

— Ляснецца!

— Не ляснецца, два злотых стаўлю!

Вырвіч азірнуўся: плячыстыя гвардзейцы Багінскага шнарыліся па кішэнях, робячы стаўкі на вынік куншцюку новай артысткі. I блазны сюды ж прыпаўзлі, нават Грэтхен сядзела на адмыслова прынесеным для яе крэсле, уся зноў захутаная, у кампаніі Вільгельма, які ўсеўся на падушку ля ножак прымадонны і вуркатаў на нямецкай нешта кшталту: «Ніхто не справіцца з вашай роллю, маё сэрца».