Цёмныя воды канала былі абыякавыя, як прабіркі з аналізамі.
— Los![2] — загарлаў Пфальцман.
Меланхолія ўзняла рукі — палатно за яе спінай распрасталася, нацягнулася — і як сігане ўніз!
Гэта былі не крылы, хутчэй, гэткі паветраны намёт. Але выглядала дужа прыгожа. Тонкая постаць дзеўкі набліжалася да зямной паверхні не зусім як пёрка, але і не як камень. Меланхолія яшчэ і кіравала, тузаючы за рамяні, куды ёй ляцець. Прызямлілася якраз туды, куды паказваў Пфальцман, нават не павалілася — хоць усё-ткі атрымалася рэзкавата. I не такі спрытны чалавек ногі паадбівае. А зараза яшчэ і смяялася шчасліва!
— Singen![3] — скамандаваў Пфальцман, і тут жа хлапчук у венгерцы падаў Меланхоліі аркуш са словамі і нотамі.
Уй, хто гэта толькі складаў? Пранціш паморшчыўся, сэрца пііта не вытрымлівала падобнай каструбаватасці.
Але, зрэшты, які герой, такія і песні. Уладарам чым ліслівей, тым саладзей. Пранціш з няёмкасцю ўспомніў, як у юнацтве марыў менавіта пра такія ўрачыстасці ў свой гонар: каб у ножкі кланяліся, кветкамі дарогу ўсцілалі, дыфірамбы сачынялі... Цяпер, сапсаваны рэспубліканскімі сваімі сябрамі кшталту Лёдніка ды Жылібера, Вырвіч яскрава бачыў выродлівы фальш такіх мерапрыемстваў. Дай волю гэтым пейзанам, як упэўняцца, што ім за тое нічога не будзе, — стаўкуць «сонейка яснае» на крывавую кашу, маёнтак аблатошаць, бы грушу пры дарозе, а што не знясуць з сабою — панішчаць. А паны-браты, як убачаць падзенне нядаўняга «сонейка», біцца пачнуць за ягоныя пасады, маёмасць паадсуджваюць.
Аднойчы ў адным старажытнагрэцкім горадзе зрабілі статую Нікі Бяскрылай. То-бок багіня перамогі назаўсёды засталася з імі, вечнымі пераможцамі.
А жыць у стане непераможнасці дужа небяспечна. У хуткім часе горад заваявалі барбары і спалілі, а бяскрылай статуі адбілі галаву.
Між тым Меланхоліі падалі пазалочаны лаўровы вянок, які яна мусіла ўздзець на галаву князя Багінскага. Ролю князя пакуль выканаў Пфальцман, вянок споўз на ягонае правае вуха. Вынаходнік напінаўся, удасканальваючы дзейства: «Павольней, фройляйн, і велічна, велічна! А цяпер паклон... Гут! Гут! Старайцеся, каб не была заўважная адсутнасць пальца, павярніце кісць вось так...»
Пакуль рэпетыцыя згортвалася, Вырвічу — ён жа цяпер быў амаль што госцем, а не палоннікам — удалося дабіцца, каб яго правялі ў лабараторыю, дзе шчыраваў доктар.
Там не было ўрачыстай цішы, якая пасуе таямніцам навукі. Чулася, як на вуліцы, пад вокнамі з вітражамі ў выглядзе пентаграм, узбуджана шумелі слонімскія насельнікі, нешта грукатала, гучалі адрывістыя каманды. Гэта ж усю ноч збіраюцца, відаць, завіхацца, ілюмінацыю расстаўляць ды іншыя дэкарацыі. Бутрым раздражнёна стукаў колбамі-прабіркамі, якія награваліся, дымілі, смярдзелі, мянялі колер.
— Ну што? — папытаўся маршалак, мімаходзь аглядваючы лабараторыю слонімскага палаца. Вялікая, багатая, але не тое каб ёю часта карысталіся.
Ды які ж магнат без алхімічнай лабараторыі? Раптам уздумаецца якую «ружу свету» згламэздаць? Здабываць жа бесперапынна філасофскі камень, для чаго трэба суткамі падтрымліваць агонь у тыгелі ды смуродам дыхаць, адны вар’яты кшталту Марціна Радзівіла ды маладога Баўтрамея Лёдніка, полацкага Фаўста, здатныя. Ну і да сур’ёзных хімічных доследаў рукі не даходзяць. Таму аксесуараў кшталту срэбнай савы ды сушанага кажана хапала, а неабходных рэактываў бракавала.
— Здаецца, высветліў прычыну хваробы... — выцер лоб доктар. — Тут сапраўды нечаканасць... Hi святы парашок, ні Давыдавы пудры шкоды не нясуць. А вось калі ix змяшаць... У парашка Пфальцманавай фрау дужа цікавы склад... Цалкам неарганічны. Так што тоўчаных костак там няма. Вельмі спадзяюся, што гэты святы парашок ніхто не прымае ўнутр. Я ў маладосці, падчас прускай вайны, ажно ахрып, пераконваючы жаўнераў адмовіцца ад распаўсюджанага народнага сродку: калі пад рэбрамі баліць — змяшаць яечны жаўток, чарку гарэлкі ды чарку воцату і глынуць. Калі ў чалавека запаленне страўніка, гэта адразу выклікае кровацячэнне! Лепей хай ужо падсоўваюць хвораму на жаўтачку хлеб з шасцю вошамі, хоць бясшкодна. — Стамлёна ўздыхнуў. — Прыдумаў ужо проціяддзе. Заўтра раніцай будзе гатова.