Лёднік усеўся ці, хутчэй, упаў на крэсла, простае, драўлянае, без абіўкі. Сцішана, не падымаючы вачэй, папытаўся:
— Як яна?
Вырвіч не стаў прыкідвацца, што не разумее пытання, таксама ўсеўся — вар’яцкі дзянёчак выпаў.
— Справілася. Хто б сумняваўся. Пфальцман, як зайчаня, скача ад радасці.
Колбы маўчалі, тоячы ў сабе атруты, адна толькі трохі дымілася, быццам асабліва раз’юшылася на недарэчны свет. Бутрым яшчэ больш панурыўся.
— Што я нарабіў, Вырвіч... Мучу жанчыну... Прагнаць у свой час сіл не хапіла, грэшнік я стары. Але... Хіба гэта каханне? Скажы, хіба я б дазволіў, каб Саламея вось так на выпрабаванне пайшла? Сядзеў бы за колбамі, пакуль яна, магчыма, разбіваецца?
А што Пранціш мог сказаць? Рознае яно, каханне, бывае... А ў чужой душы штось разглядаць — як ноччу ў коміне астылай печы...
Раздзел трэці
ЯК ДА КНЯЗЯ БАГІНСКАГА БАГІНЯ
ПРЫЛЯЦЕЛА. А ПАСЛЯ ЗЛЯЦЕЛА
Якія ўрачыстасці толькі не ладзілі падданыя дзеля сустрэчы сваіх уладароў, падараваўшы летапісцам не адну старонку натхнення! Калі ангельскі кароль Генрых V пасля пераможнай бойкі з французамі вяртаўся ў Лондан, яго каля лонданскага моста сустракала гіганцкая статуя з ключамі ад горада, на вежах дамоў стаялі хлопчыкі з пафарбаванымі ў золата тварамі і белымі крылцамі за спінамі, а дзяўчаты, падобныя да антычных статуй, пасыпалі караля залатымі лісцікамі.
А калі недалужны Генрых Валуа быў абраны польскім каралём па прынцыпе «ні вашым ні нашым» — надта ж палітычныя партыі за той трон біліся, — у Кракаве на шляху да Вавеля яму зладзілі трыумфальную браму, на якой сядзеў вялізны штучны белы арол і ўзмахваў крыламі, а на Вавельскім узгорку іскрыўся вогненны вершнік.
Праўда, ці варта было дзеля размаляванага французіка з завушніцамі старацца, калі ў хуткім часе ён уночы, як злодзей, уцёк у Парыж, напаіўшы папярэдне паноў-братоў, каб не затрымалі? Матухна-каралева, бачыш, яму, улюбёнцу свайму, напісала, што ягоны старэйшы брат памёр і вызваліў французскі трон...
А зусім нядаўна пан Мацей Бутрымовіч, падстароста пінскі, зладзіў для караля прэзентацыю свайго канала, які пачынаўся проста ад ганка ягонага пінскага палаца. Дзесяць чаўноў-абіянікаў з плытагонамі-пінчукамі, апранутымі на старажытны манер, на чале з самім Бутрымовічам адправіліся па Піне, а далей — па Бугу і Вісле ў Варшаву i Гданьск. Вядома, палеская флатылія везла багатыя дарункі: «мёд, воск, лой, грыбы, рыбу вяленую, уюноў сушаных, крупы ячменныя» ды «іншыя тутэйшага краю прадукты». У Варшаве кароль з цікавасцю спаткаўся з «палескім караванам» і нават загадаў медаль у гонар падзеі выбіць.
I Князю Міхалу Багінскаму не раз ладзілі ўрачыстыя сустрэчы... Не дарма ж пан таксама цэліў на каралеўскі трон — шасцёра сястрыц яму бясконца даводзілі, што ён гэтага варты. I шлюб з пані Чартарыйскай, вядомай інтрыганкай, правадыркай магутнай партыі «Фамілія», быў добрай прыступкай да задумы. Каб не мяккі характар Міхала, якому б маляваць ды музыцыраваць, а не войскі ў бойку весці, мо i не горшым быў бы каралём. Аднак калі б яму карону сапраўды з неба спусцілі — сам не заваюе.
Так што княгіня Багінская з Чартарыйскіх нягеглага мужа не сустракала i не суправаджала. Мо, на строгі сармацкі пагляд, i да лепшага — у свой час малады Радзівіл Рыбанька, пабыўшы пры аўстрыйскім двары, запісаў у дыярыушы: «Цэсар жа ездзіць у карэце васьмю конямі, а вознік на дышлевым кані сядзіць; цэсар сам, адзін, у тыле карэты, а цэсарава насупраць сядзіць. Ёсць рацыя ў тым, што хаця i жонкаю ёсць, але падданая цэсарская, дык не разумею я, калі, едучы прыватна, побач сядаюць, асабліва цяперашняе панства, якое паміж сабою па-хамску кахаецца».
Урачыстую сустрэчу вялікага гетмана Лёднік і Вырвіч наведалі як шараговыя госці. Не ў першых шэрагах. Хаця Пранцішу карцела праштурхацца, заявіць сваё сапраўднае месца — шляхта ж падчас такіх шыхтаванняў заўсёды высвятляла, хто за кім стаяць будзе, паводле важнасці ды радавітасці, і кроў пры гэтым пусціць адзін аднаму паны-браты не баяліся. Але давялося ганарліва туляцца за спінамі натоўпу, вызіраючы яснавяльможнага Міхала Казіміра Багінскага, і спадзявацца, што ніхто з мясцовай шляхты не пазнае маршалка менскага.
— Adventam tuum gratulor![4] — грымнуў хор амураў і псіхеяў.
Віяланчэлі і габоі ўзвысілі вісклівыя галасы, натоўп ускалыхнуўся, як паверхня лужыны, у якую ступіў конскі капыт... А на капелюху князя Багінскага пакалыхваліся страусавыя пёры, вядома, асыпаныя дыяментамі. Князь быў у нямецкім строі, хаця раней дзеля такіх урачыстасцяў, дзе збіралася шмат шляхты, часцяком апранаў сармацкую вопратку, кунтуш ды жупан, каб падкрэсліць сваю адданасць прадзедаўскім каштоўнасцям. Але падчас апошняга свайго гасцявання ў Ангельшчыне Багінскі дужа ж палюбіў тамтэйшыя традыцыі, якія, вядома, ніяк не роўня дзікунскім ліцвінскім.