— Віват яснавяльможнаму пану вялікаму гетману!
Гэта пастараўся хтось з дробнай шляхты, перабіўшы найвернападданейшым ускрыкам слонімскіх харыстаў, за што зараз жа быў выштурханы гвардзейцамі далей, туды, дзе стаялі Вырвіч з Лёднікам. А што ж, падлабуньвацца таксама трэба мудра. Тут як у пякарні: недапячэш — кухталі, перапячэш — таксама.
Здалёк добра не відно, але, здаецца, князь яшчэ больш азыз, памажнеў.
А вось і прыбраная кветкамі альтаначка, сапраўдны трон, куды Багінскі зрабіў ласку сесці.
Музыка гайдалася, як рачныя хвалі... А вось i плыве па канале плыт з дашчанай гарой, на вяршыні якой застыла маленькая постаць у белым, уздымаючы ў руках лаўровы вянок.
Вырвіч ажно наперад падаўся, упёршыся ў спіну нейкага шляхцюка ў выцвілым зялёным жупане, ад якога смярдзела гнілым салам і гарэліцай. Лёднік побач таксама напружыўся...
Сёння было сонейка, але, як на бяду, узняўся вецер. Таму палёт Нікі атрымаўся не такі роўненькі, як учора. «Скаральнік аблокаў» так і цэліўся знесці сваю куртуазную ношку ўбок, дзе шарэў будынак казармаў. Гахнецца багіня аб якую трубу на даху ці ўратуе ейны спрыт?
Але паветраны намёт з дапамогай вяровак і раменьчыкаў змяніў шлях, апісаў у паветры дугу і апусціўся якраз перад тронам слонімскага ўладара.
Лёднік ужо бязлітасна прарываўся скрозь натоўп, не зважаючы на абурэнне, Пранціш мкнуўся за ім. Загучаў голас Чорнай Меланхоліі, якая выпявала каструбаватыя ліслівыя радкі.
Ніка давяршыла прывітальную арыю. Адмыслова падрыхтаваныя амурчыкі дапамаглі багіні перамогі пазбавіцца «Скаральніка аблокаў», валачы які па зямлі было цяжкавата. Цяпер належала ўскласці вянок на галаву гетмана, які ўжо зняў дзеля гэтага капялюш.
Цяпер Вырвічу было відаць усё добранька, паміж спінамі двух гвардзейцаў. Меланхолія, з высокай антычнай прычоскай, упрыгожанай дробнымі кветачкамі, у белай туніцы, стройная, з доўгай ганарыстай шыяй, дзёрзкімі вачыма і ўсмешкай на ружовых вуснах, мякка ступала, як плыла... Пранціш з прыкрасцю прызнаўся сабе, што не стаў абыякавы да вабнотаў Чумы. А вось Багінскі павёў сябе неяк дзіўна. Напачатку прыўстаў, нахіліўся наперад з паблажлівай усмешкаю на мяккім, азызлым твары, а потым падаўся назад, нібыта спалохаўся. Усмешка растала.
— Уславім жа героя, вартага славы Фемістокла, Аляксандра і Юлія Цэзара!
Меланхолія працягвала тонкімі рукамі залачоны лаўровы вянок, а герой уціскаўся ў спінку ўпрыгожанага кветкамі трона, быццам ухіляючыся ад гонару.
Але, калі Чорная Меланхолія чагосьці хацела дамагчыся, спыніць яе было не прасцей, чым «Жалезную Чарапаху» на вадзяным рухавіку. Дзеўка бадзёра падскочыла, і вянок упрыгожыў пудраны парык пана Міхала Багінскага.
Антычная багіня грацыёзна адышла на пару крокаў і апусцілася на адно калена.
Здаецца, князь трохі ачомаўся ад незразумелага здранцвення, выпрастаўся ў крэсле, адперхаўся... Тут жа ўлез Пфальцман, які пачаў нахвальваць сваё вынаходніцтва — ясна, што не проста так уключыў у прадстаўленне фантастычны скачок з гары...
Багінскі ляніва паківаў вынаходніку, згадаў, як у цудоўнай Англіі бачыў палёт паветранага шара, і літасціва загадаў вылучыць на даследаванні пана Магнуса дзвесце дукатаў. А пры патрэбе — дадаць яшчэ...
Пфальцман сам свяціўся як новенькі дукат.
— А хто ж чароўная выпрабавальніца твайго... як яго... «Скаральніка аблокаў»?
Пфальцман засакатаў, што гэта новая артыстка, таленавітая і выхаваная...
Багінскі не адводзіў вачэй ад акрабаткі.
— Мы з табой, даражэнькая, у Парыжы, у доме на пляцы Мальзерб, не сустракаліся?
У пытанні гучала некаторая напружанасць. Вось халера... Няўжо князь пазнаў паненку з гэткім бурлівым і цёмным мінулым, што любая дробязь, якая адтуль усплыве, можа патапіць? Не дзіва, што спалохаўся, бо, калі ведаў, хто такая белавалосая прыгажунька, першая думка — падаслалі забіць.
Меланхолія зрабіла самы сціплы выраз твару:
— Ах, вашая княская мосць, хоць жыццё беднай артысткі шмат дарогаў накручвае, але неяк прамінула мяне шчасце спаткання з вашай княскай мосцю... Я б ніколі не забылася на такую сустрэчу, няхай і была б яна зусім хвіліннай.
Князь трохі паспакайнеў: відаць, вырашыў, што памыліўся, і паверыў, што забіваць яго не збіраюцца. Акінуў акрабатку такім позіркам, нібы прыцэньваўся на рынку: