— Што ж, давай выправім гэтую акалічнасць. Прыйдзеш да мяне на вячэру ў будуар. Поль, прасачы...
Князь кіўнуў свайму пахолку, той пакорліва пакланіўся...
I тут наперад выпнуўся Лёднік. Ну як выпнуўся — уварваўся гнеўным віхорам. I — цоп жоначку за руку.
— Шчыра перапрашаю, ваша княская мосць, адбылося непаразуменне: гэтая смелая жанчына — мая жонка, пані Галена Лёднік. Няхай не гневаецца вашая мосць, але яна аніяк не можа патрапіць да вас на вячэру, бо мы збіраемся ад’язджаць па неадкладных сямейных справах.
Багінскі ажно на ногі ўскочыў са свайго кветкавага трона:
— I тут ты, Баўтрамей, намаляваўся!
Князь справіўся з нервамі, усеўся. Лаўровы вянок троху з’ехаў набок, злая ўсмешка пакрывіла пульхныя вусны.
— Далібог, у мяне ўражанне, што варта перада мной з’явіцца нейкай красуньцы, ты тут жа выскачыш з кустоў ці з-за парцьер і прад’явіш на яе правы. Сціплей трэба быць, доктар!
Світа дагодліва зарагатала, Лёднік застыў чорным слупам, ледзь стрымліваючы гнеў... Нат Меланхолія прыціхла, апусціўшы вочы і не спрабуючы выдраць далонь з рукі сужэнца. Пранціш зразумеў, што зноў трэба самому размешваць гэтую кашу, каб не падгарэла.
— Прыміце шчырыя вітанні, вашая княская мосць, з вяртаннем у родныя краявіды, у чым мяне падтрымлівае і вашая пляменніца, пані маршалкова Дамініка Вырвічава!
— Ну вядома, як жа без Вырвіча каля доктара! — вызверыўся Багінскі, ягоныя трохі пукатыя каламутныя светлыя вочы нават набылі нязвыклую выразнасць.
Але Пранціш недарэмна быў абраны маршалкам Менскага павета — колькі сеймікаў яму ўдалося ўтаймаваць, перагаварыўшы (а дзе і перакрычаўшы) раз’ятраную шляхту, якая ўжо і шаблі падаставала была... Дабрашчасныя міратворцы, карацей. Шаноўны пан Вырвіч распавёў, як некаторае непаразуменне прывяло іх банду ў слонімскі палац, а калі непаразуменне было высветленае, ад свайго старога знаёмца пана Магнуса падарожнікі даведаліся пра цудоўнае прадстаўленне. I пані Галена Лёднік з самых лепшых памкненняў падахвоцілася дапамагчы ў зладжванні гэтага неверагоднага дзейства ў гонар найсвятлейшага князя... Хоць сямейныя справы змушаюць іх каманду неадкладна рушыць далей, маршалак менскае шляхты спадзяецца на спрыянне і разуменне літасцівага князя.
Пфальцман то чырванеў, то бляднеў, як быццам не мог выбраць, утапіцца ці павесіцца, і пацверджваў усе Пранцішавы вензелі кіўкамі галавы і стрыманымі ўзмахамі рук.
Багінскі слухаў, сцяўшы сківіцы, і абмацваў падазроным позіркам Лёдніка і ягоную, як высветлілася, жонку.
— Вось як, значыць, вы ў дарозе... Па пільных сямейных справах...
— Магу прысягнуць у гэтым, ваша княская мосць, — цвёрда прамовіў доктар, не выпускаючы рукі жонкі са сваёй.
Багінскі задумаўся, потым кіўнуў пацвярджальна нейкім сваім думкам і пасвятлеў тварам.
— Досыць, можаце не мянціць болей языкамі. Я здагадваюся, куды вы насамрэч кіруецеся і навошта. Не будзем абмяркоўваць пры старонніх... — вялікі гетман адкінуўся на шаўковыя падушкі, падобныя да кветкавага лугу. — Цяпер я дакладна ўпэўнены, што сустракаў гэтую спрытную пані, таму што ў авантуры, якая перада мной вымалёўваецца, яе ўдзел выглядае лагічным. Я не буду перашкаджаць вам з’ехаць дзеля вашае... справы. Але перад ад’ездам будзьце ласкавыя зайсці ў мой кабінет на сур’ёзную размову. — Панізіў голас да шэпту: — У мяне маюцца сякія-такія прапановы твайму сыну, доктар.
Агаломшаны Бутрым перазірнуўся з Меланхоліяй, але Багінскі больш не зважаў на падазроную банду, якую выштурхоўвалі прэч ахоўнікі. Перад уладальнікам Слоніма рыхтаваўся выступіць балет.
Дзіва, але ў пакоях, вылучаных гасцям у левым крыле палаца, да банды Чорнага Доктара далучыўся Давыд. Змучаны, схуднелы, у пакамечаным каптане, але з ранейшай усмешкай ад вуха да вуха. Пачуўшы разгадку свайго няшчасця, ён учапіўся ва ўласныя кудзеры.
— Ну вось хацеў жа як лепей... Прыдумаў, чым замяніць у пудры вапну, якая псуе скуру... А тут такая хімічная рэакцыя. Ды яшчэ са святой хрысціянскай рэччу... Добра, што зараз не ранейшая дзікунская эпоха, на вогнішча адразу не пацягнулі.
Давыд гаварыў весела, але ягоны пільны позірк пераходзіў са змрочнага Лёдніка на застылую Меланхолію. Абое ўмелі хаваць пачуцці, але той, хто ix добра ведаў, легка прачытаў бы, што не ўсё ў недабранае пары гладка.
— Ёсць пашкоджанні? — Лёднік між тым акінуў доктарскім вокам доўгую, трохі прыгорбленую постаць аптэкара.
— Ай, пан Лёднік, як кажуць нашы палачане, косткі цэлыя — тлушчам абрастуць! Пара кухталёў — не страшна... Але зараз цэлую курыцу з’еў бы... З грыбной падліваю! — выскаліўся Давыд. — А яшчэ памыўся б у гарачай вадзе. У тутэйшых сутарэннях бруднавата ды халаднавата.