Раптам аптэкар заперхаўся — нядобра так, заходзячыся... Лёднік зараз жа ўзяўся за сваю доктарскую справу — аглядаць ды раіць лекі. Ляйбовіч запэўніваў, што застуда не вартая клопатаў... Пранціш скасавурыўся на Чуму: тая сядзела, неяк сіратліва ашчаперыўшы сябе, нібы мерзла, і тужліва глядзела ў нікуды. Потым страпянулася, скрывілася, як бы вылаяўшы сябе за слабасць, і вярнула рысам твару дзёрзкі выраз. Ат, лепей не зазіраць за чужыя маскі, бо яшчэ вырашыш, што нічогенька і нікога ў гэтым свеце толкам не разумееш.
Аповед пра няшчасці Сафійкі Давыда, зразумела, узрушыў... Аптэкар таксама ведаў пра эксперыментальныя метады лекавання вар’ятаў. Яны з Баўтрамеем паперабіралі прозвішчы знаёмых аўстрыйскіх эскулапаў, якія маглі б умяшацца ў лячэнне і, калі што, сцвердзіць аўтарытэтна, што Лёднічанка, цяперашняя Жылкава, не хворая на галаву. Найбольш надзей ускладалася на нейкага Фрыдрыха Айзенхаўэра, які лічыўся свяцілам у лячэнні душэўных хваробаў, дужа прагрэсіўным, і праславіўся сваім супрацьстаяннем шалберу Францу Месмеру. Згадалі і лёс беднага Каруся: вядомая была толькі назва аўстрыйскага мястэчка, з вязніцы якога ён даслаў свой адчайны ліст — Абервальтэрсшварцдорф, без глытка гарэлкі не вымавіш.
Ці жывы яшчэ хлопец?
— Такі таленавіты юнак... — уздыхаў Давыд. — Матэматык прыроджаны. Інжынерам мог стаць, лепшым за гэтага Франца Магнуса. Мне, памятаю, у браслаўскай аптэцы, дзе мы з вамі перастрэліся, вагі галандскай канструкцыі адладзіў за дзесяць хвіляў.
Між тым смакотная ежа для нядаўніх вязняў знайшлася. Урэшце, уся дворня ведала, што князь Багінскі запрасіў іх на прыватны візіт, а значыць, падазроным панам трэба дагадзіць. Стол накрылі два спрытныя лёкаі, хоць не срэбным посудам — але і не гліняным... Распісаная сінімі вензелямі парцаляна пастаўскай фабрыкі, выпушчаная яшчэ да адстаўкі падскарбія Антонія Тызенгаўза, які тую фабрыку фундаваў. Кажуць, хварэе моцна падскарбі, амаль пад арыштам у Варшаве сядзіць.
Лёднік і Меланхолія ўладкаваліся па розныя бакі стала і адно на аднаго не глядзелі. Ну як не глядзелі — Чума зыркала спадылба на сужэнца, нібыта чакаючы, калі ён перастане гневацца. Лёднік таксама касавурыўся, намагаючыся рабіць гэта незаўважна. Далібог, падлеткі пад прыглядам строгай цётухны, а не бітыя жыццём людзі...
Давыд, які паспеў пераапрануцца (хоць і не ў адзін са сваіх стракатых заморскіх касцюмаў) і памыцца, і накласці на талерку кураціны з грыбной падлівай, не стрымаўся:
— Чаму ж вы, пан Баўтрамей, не паведамілі мне пра змену вашага сямейнага становішча? У мяне знайшоўся б адмысловы падарунак — на вяселлі мне нават князі замаўляюць набор парфумаў пад назвай «Букет Амура». У куфэрку з чырвонага дрэва, са срэбнымі сэрцайкамі. А для вас я б ужо так пастараўся!
Гальшка паспяшалася адказаць:
— Пан Лёднік не зацікаўлены, каб шмат людзей ведалі пра гэтую змену сямейнага становішча, шаноўны Ляйбовіч.
Раптам Лёднік кінуў сурвэтку на стол, нібыта яна была атручанай.
— Вось чаму ты назвалася маёй пляменніцай... Лічыш, што я саромеюся нашага шлюбу?! Цябе?!
Меланхолія нявесела пасміхнулася:
— Я заслужыла гэта, доктар, і не крыўдую, павер.
— Выходзіць, я перад Богам душою крывіў, калі ў царкве табе прысягаў?
Вырвіч перапыніў балаган:
— У сябе на печцы будзеце сямейныя сухары грызці! Трэба думаць, куды мы ўсе патрапілі i як адсюль выблытацца! Ты, Гальшка, сапраўды сустракала раней князя Багінскага?
Меланхолія задуменна ўтаропілася ў столь, прыкрашаную гіпсавымі вянкамі і гірляндамі.
— Ах, што вам сказаць, пан Вырвіч... Куды толькі мяне не закідваў бурлівы лёс! — Раптам Чума пасур’ёзнела: — Не думала, што Багінскі мяне пазнае. Урэшце, столькі гадоў прайшло. Я зусім смаркачкай была. Але ўжо сёе-тое ўмела... Тады яго мосць не захацеў мяне наймаць, папрасіў каго старэйшага i дужэйшага для далікатнага даручэння. — I зноў заблазнавала: — Але вечар мы з ім праба-авілі...
Пранціш паморшчыўся: ну навошта за сталом брыдоту ўсялякую распавядаць, ды яшчэ пры Лёдніку?
Меланхолія скасавурылася на пазмрачнелага мужа, неяк горка хмыкнула:
— Не, не ў куртуазнай бяседзе прабавілі, як вы, спадарове, зараз падумалі. Проста мае... гаспадары паказвалі мяне важнаму госцю як дрэсіраваную малпачку: а вось як дзяўчынка ўмее нажамі кідацца! А вось як у гэтую маленькую скрынку можа схавацца, каб шпегаваць!
Зразумела, чаму Багінскі спалохаўся, западозрыўшы, ці не тая гэта добра навучаная шпяжанка, ці не супраць яго нанялі ды падаслалі.