Выбрать главу

Маршалак паклаў на талерку качынага мяса з капустай. Пад’етаму заўсёды лепей думалася.

— Дзіўнае, аднак, супадзенне... Раптам князь апынаецца ў Парыжы, у нейкім таемным прытоне, дзе i ты...

Меланхолія працадзіла скрозь зубы:

— Аніякага супадзення, ваша мосць. Багінскага прывёў туды ягоны канфідэнт, гэткі белавалосы волат, ён жа — мой настаўнік, які і ўладзіў мяне ў той дом дзеля навучання. Вось і пахваліўся вучаніцай. Толькі князю я тады не спадабалася.

Лёднік прамаўчаў, толькі яшчэ больш пазмрачнеў. Згадка пра Германа Ватмана, які столькі паскудства ўчыніў ім, не надавала весялосці. Вырвіч вырашыў: трэба пераводзіць гаворку ў іншую каляіну, а то зноў сужэнцы пасварацца.

— А што ён плявузгаў пра твайго сына, Бутрым?

— Каб жа зразумець... — Баўтрамей адклаў двухзубы відэлец, не даеўшы нейкую зялёную гадасць, вараныя шпарагі, ці што. — Князь намякаў пра важную палітычную інтрыгу, у якой замяшаны Алесь. I ён упэўнены, што мы ў яе ўкручаныя таксама... Асабліва ж гэта пацвердзіла яму твая прысутнасць, — доктар кіўнуў шпяжанцы.

— І не трэба расчароўваць ягоную княскую мосць, — прыўзняла падчарнёнае брыво Меланхолія. — Чым раней адсюль вызвалімся — тым хутчэй дапаможам Сафійцы. На ўсё згаджайся i не ўздумай Багінскаму прызнавацца, што нічога не ведаеш пра сына.

— Я і праўда не ведаю і хачу хоць штосьці высветліць пра Алеся!

Дзеўка паставіла на стол келіх з чырвоным віном, як пячатку прыклала.

— Хочаш усё сапсаваць? Лепей маўчы пры князю i не перашкаджай нам з панам Вырвічам дзейнічаць больш тонка.

— Гэтак тонка, як сёння, авансы куртуазныя даючы?

Меланхолія панурылася, потым ускінула галаву, паднялася прутка і плаўна, як змяюка, і ўхапіла сужэнца за рукаў, прамарудзіўшы, праўда, нейкае імгненне — быццам не наважвалася, не ведала, ці мае права.

— Пайшлі, сёе-тое табе патлумачу.

I пацягнула доктара ў другі пакой.

Калі дзверы за парачкай зачыніліся, Давыд спытаў у Вырвіча з вясёлым жахам:

— I часта яны так?

— Трохі менш, чым заўсёды, — меланхалічна адказаў Вырвіч, абгрызаючы качынае крылца.

Давыд кашлянуў, прыслухоўваючыся да сцішаных галасоў у суседнім пакоі.

— Весела ў вас...

* * *

Маленькая срэбная табакерка на малахітавым століку, бела-бліскучая на цёмна-зялёным з жаўтаватымі прожылкамі, здавалася караблём пасярод бяздоннага, поўнага пачвараў, водарасцяў і тапельцаў мора. Якраз як бедны чалавек пасярод палітычных інтрыгаў багацеяў.

Пранціш успомніў байку пра тое, як князь Міхал Багінскі ўцякаў пасля бойкі пад Сталовічамі праз акно, калі яму паведамілі, што войскі Суворава вось проста цяпер, рана ранічкай, штурмуюць ягоны лагер, ахутаны выпарэннямі спірытусу пасля законнага святкавання перамогі па шляхецкім звычаі... Князь Міхал скочыў у акно толькі пасля таго, як зачэрпнуў з табакеркі тытуню. Мусіць, хацеў прыпадобніцца антычным стоікам; маўляў, вось ён я, спакойны і нават жартаўлівы ў цяжкім выпрабаванні. Але атрымалася жаласна і смешна.

Цяпер князь на табакерку ўвагі не звяртаў. Усе ягоныя пачуцці, зразумела, трохі знарочыста, былі звернутыя на палатно, на якім княская рука выпісвала прыгожы нацюрморт у італьянскім стылі. Натура, крыніца натхнення, была тут жа: на засланым чорным аксамітам століку пяшчотна ружавелі персікі, зялёна-жаўтлявыя вінаградзіны пакрываў тонкі матавы пылок, буйны плод граната, безумоўна, нагадваў сэрца... Палкае ліцвінскае сэрца — як абавязкова мусіць выказвацца паэт.

Але Пранцішу было не да паэтычнай велягурыстасці. Багінскі вось ужо хвілінаў дзесяць не зважаў на гасцей, гладзячы тонкім пэндзлем бок намаляванага персіка. Нават мілае чырыканне Меланхоліі пра ягоны магутны талент перапыніў нецярплівым жэстам: маўляў, не палохайце маю музу.

А нічога так у князя выходзіла, нездарма ў італійцаў вучыўся. Тым больш у параўнанні са сціплымі мастакоўскімі талентамі самога Пранціша і Баўтрамея... Колькі ганьбы займелі, калі пры першым энаёмстве з Дамінікай Гараўскай мусілі выдаваць сябе за мастакоў!

Вось Дамініка дык дакладна лепей за Багінскага малюе!

Вырвіч адагнаў тужлівыя ўспаміны пра сямейны агмень і пераступіў з нагі на нагу. Не шчаўлік ужо, каб гэтак выстойваць магнацкай літасці. I абурацца не выпадае: з вялікім гетманам павятоваму маршалку не цягацца. Вось Лёднік стаіць, утаропіўшыся перад сабою: мо паўтарае ў галаве табліцы хімічных рэчываў, а можа, моліцца. Здаецца, быццам гэта ён у шыкоўным пакоі ўладар, а не распаўнелы панылы Багінскі. Меланхолія пацепвае аголенымі плечыкамі — смарагдавы аксаміт сукенкі прывабна падкрэслівае белізну скуры, — прытупвае ножкай... Тое, што даме гэтак некуртуазна князь не прапанаваў сесці, таксама трывожыць. Нездарма абшукалі ўсю тройцу, перад тым як сюды ўпусціць, нават аловак у Вырвіча з кішэні забралі.