Выбрать главу

— Паспрыяю, чаму ж не. Але глядзі, доктар, даведаюся, што нясвіжскаму казачніку тое ж прапануеце — знайду вас, і пашкадуеце, што на свет нарадзіліся.

Гэта значыць, да Пане Каханку прыраўнаваў...

Ды што ж такое яны дзяліць за акіянам уздумалі?

На развітанне Багінскі яшчэ раз здзекліва змерыў вачыма Лёдніка і Меланхолію:

— Шчаслівага сямейнага жыцця, доктар!

Бледныя шчокі Меланхоліі паружавелі, а Лёднік ухапіў яе пад локаць.

Багінскі сапраўды паспрыяў. Для вандроўнікаў падрыхтавалі прасторны дарожны экіпаж з чацвёркай коней, куфры з прыпасамі... Бутрым пяшчотна прыціскаў да сябе лекарскую валізку з мікстурамі ды неабходным інструментарыем. Меланхолія за свой гераічны скачок з дашчанага Парнаса разжылася яшчэ і трыма сукенкамі (здаецца, адна з ліёнскага шоўку). Ці не для сваіх палюбоўніц князь гардэроб трымаў?

Давыд вырашыў назад у мястэчка, дзе раскалашмацілі ягоную аптэку, пакуль не вяртацца, але з Лёднікам і Вырвічам у авантуру не прасіўся. У Слоніме ў яго таксама была аптэка, не самая буйная, але на другім яе паверсе меліся зручныя пакоі, дзе жыў з сям’ёй наняты аптэкар, чалавек немалады, правераны. Можна адседзецца, падлячыцца. Так што застуджаны Давыд, захутаны ў зімовы каптан, толькі праводзіць сяброў выйшаў.

I Пфальцман з’явіўся на праводзіны, але ні аглаблёвай, ні страмянной чаркі ад яго было не дачакацца. Хутчэй, Францу Магнусу карцела ўпэўніцца, што падазроная кампанія з’едзе без сюрпрызаў, ціха і незваротна...

А ціха не атрымалася.

— Ваша мосць, забірайце вашых слугаў! Ледзь адбілі... Гэтага, малахольнага, у сажалцы тапілі за чараўніцтва.

Чарнавусы дворны Багінскага падштурхоўваў да Вырвіча двух персанажаў, адзін — антычнай камедыі, бо плячысты, высокі ды гнеўнавокі, другі — балаганнага фарса, дробны, падслепаваты ды пераляканы.

— Пан Вырвіч! Доктар! Дзякуй Матцы Божай Заступніцы, вы жывыя! — Сцяцко ўсміхаўся на ўсе зубы. — Даруйце, не ўсачыў за гэтым... смаўжом латаным...

Цяжкая даланя Сцяцка стукнула, відавочна не першы раз, па патыліцы Ясючка, галава на тонкай шыі здрайцы жаласна тузанулася... Увогуле, выгляд даносчыка паганага быў варты жалю. Адно вока заплыло, вусны разбітыя, кашуля ўся падраная, у прарэхах — пабоі. Мокры, як ануча ў лазні, хістаецца чарацінай, светлыя рэдзенькія валасы звешваюцца пасмамі.

Ясючок памутнелымі вачыма паглядаў на ваўкалака, ведзьму і свайго зачараванага гаспадара. А з імі яшчэ і нейкі юдэй быў! Вой, канец, замучаюць, заб’юць за тое, што ён зрабіў! Голас дворнага гучэў у вушах усё болей неразборліва, быццам дождж шумеў. А пад рэбрамі як баліць! Бы кікімара кіпцюр усадзіла.

— Гэты слуга ваш збаламуціў месцічаў, што вы, вашыя мосці, прабачце, чараўнікі. Людзі ў мястэчку дурныя, злыя, напалоханыя... Трасучка тут у нас ходзіць, дык ва ўсім прычыну шукаюць. А потым, як вас забралі, глядзяць — гэты недарэка нейкімі зёлкамі сыпле ды заклёны чытае... Пачалі правяраць — а ў яго самога чарадзейных рэчаў на цэлы тузін ведзьмаў. Зёлкі, ніткі, камякі валасоў, нават чаравік стаптаны за пазухай насіў. Ну, у Вялікіх Жвірблях свае знаўцы нячыстай сілы ёсць. Каб яго княская мосць трохі пазней нас паслаў — гамон вашаму слугу!

— Можа, i лепей было б! — Сцяцко страсянуў Ясючка за каўнер, аж ногі недарэкі ад зямлі адарваліся. — Парсюк няўдзячны! Ледзь сваіх дабрадзеяў са свету не зжыў. А далей што? Зноў прадаваць нас будзе?

Лёднік кінуўся наперад:

— Пусці яго! Не бачыш, i так хлопчыку перапала! Зараз упадзе.

Ясючок і праўда перастаў усведамляць, дзе зямля, а дзе неба — мусіць, хохлікі пад калені падбілі... А нечыя цёплыя моцныя рукі падхапілі, уклалі асцярожна...

— Гальшка, памажы!

— Прырэзаць?

— Жарцікі ў цябе... Лекаваць. Адчыні валізку, зялёны слоік падай...

Ясючок праз лёгкі, прыемны такі туман адчуваў, што яго абмацваюць, націраюць, перавязваюць. Потым да вуснаў даткнуўся край глінянага кубка. А Ясючок саслабеў так, што не мог дастаткова моцна сціснуць зубы, каб не трапіла ў рот д’ябальскае зелле — а ён жа так налаўчыўся варыва, якое Сцяцко ад ваўкалака перадаваў, за шчакой прытрымліваць i потым крадма сплёўваць.

А потым ягоныя вочы сустрэліся з вачыма злавеснага доктара.

Ніякія яны не халодныя i не злыя... З такой трывогай i клопатам на Ясючка ніхто ніколі не глядзеў. Хлопец мімаволі глынуў напой. I яшчэ раз...

Доктар нешта падбадзёрлівае мармытаў... А Ясючок выразна чытаў у схіленых над ім вачах, абкружаных дробнымі зморшчынкамі, сапраўдную дабрыню, а яшчэ — стому страшэнную i тугу.

Ды як жа ён адразу не здагадаўся! Гэта ж не ваўкалак прыродны, гэта гвалтам абернуты чалавек! Таму і ў кляштары ратаваўся.