Выбрать главу

Сапраўды, вязніца была агромністай: чатырохпавярховы будынак з цёмнай, як запечаная кроў, цэглы, на два крылы, абкружаны магутным мурам, з адзіным уваходам з пад’ёмным мостам.

Лёднік, які, нягледзячы на цяжкасці дарогі, выглядаў усё-ткі лепей, чым пасля кляштара — вочы ўжо не так запалі, і бляск у іх ранейшы трохі з’яўляўся, — асцярожна азірнуўся па баках:

— Маеш рацыю. Падысці нават не дадуць. Вунь той пан, пад ліпаю, і так на нас падазрона паглядае.

Куфаль з півам перад Лёднікам стаяў амаль не крануты. Ледзь угаварылі доктара не прыцягваць увагі, не патрабаваць замест сумленнага пеннага напою вады. А шляхціц, па меркаванні Вырвічавага бацькі, увогуле двойчы ў жыцці толькі ваду мусіць каштаваць — калі хрысцяць яго і калі абмываюць.

Над вухам Пранціша стамлёна празумкала пчала, спакушаная хмелем, што абвіваў навес. Пчолы і паэты паўсюль знойдуць свой мёд.

— Ну дык што рабіцьмем? — спытаў Пранціш і асцярожна запусціў палец пад парык, пачухаў галаву — спякотна, змакрэў.

Чорная Меланхолія прыўзняла светлае брыво. А вочы ў яе зноў былі сінія дзякуючы венецыянскім шкельцам.

— Чакацьмем, пан Вырвіч. Пайду параспытваю месцічаў... Вунь там, праз тры дамы, крамка бакалейная. Студэнту трэба, дапусцім, новы сшытак набыць.

Шпяжанка ўстала, пакланілася Лёдніку, як зрабіў бы пачцівы юнак перад бацькам ці настаўнікам, і пакрочыла па акуратнай, быццам вымытай з мылам, брукаванцы паміж шыхтамі аднолькавых двухпавярховых каменных дамкоў з чарапічнымі дахамі. Вырвіч у чарговы раз падзівіўся майстэрству Чумы... Перад Багінскім яна гэтак плаўненька рухалася, спакусна сцёгнамі пакалыхвала, Лёднік аж прыраўнаваў, небарака. А цяпер па вузенькай вулцы аўстрыйскага мястэчка няўклюдна вытылінгваў шчуплы студэнцік, з сарамлівай цікаўнасцю зіркаючы па баках.

Гэты час апранае маскі на ўсіх на нас. Забываемся мы на абліччы свае i страты...

Пранціш махнуў рукой карчомнаму чалядніку, які якраз вельмі ўдала павярнуўся ў бок адчыненых дзвярэй. Не пашкодзіць яшчэ пара келіхаў піва. I каўбаскі тут някепскія. Bibamus!

Па супрацьлеглым баку вуліцы рушыла белая аўстрыйская котка. Яна таксама разумела тутэйшую дысцыпліну: ступала як з заведзенай спружынай, роўненька, па струнцы, ганарліва задраўшы галаву. Яе не змусіў змяніць хаду нават яшчэ адзін воз з камянямі. Мышэй котка, відаць, лавіла па выдаваных гаспадаром ордэрах, ахвяры ж пакорліва адпраўляліся на экзекуцыю, бо начальствам прадпісана!

Раптам доктар, які быў запусціў руку ў кішэню, зашыпеў ад нечаканага болю і дастаў жменю сухіх калючых пладоў і лістоў дзядоўніку.

— Ясючок... Спрабуе вылечыць мяне ад ваўкалацтва. — Грэбліва абтрос далоні. — Гэты б імпэт ды на карысную справу... I падсунуў жа быў яму падручнік па батаніцы, з малюнкамі — па дарозе выкупіў у аднаго недавучанага шкаляра. Твой слуга дастаткова кемны, каб чытаць і на лацінцы, і на кірыліцы... I зацікавіўся. I ўсё адно на розуме — адны ваўкалакі, вупыры, ведзьмы.

Пранціш хмыкнуў:

— У мяне адзін гузік на каптане чырвонай ніткай абкручаны. А Гальшка сёння лаялася, бо таксама нейкія калючкі насыпаныя, толькі ў чаравік. Калі здыхлік паспявае?

Лёднік адсёрбнуў усё-ткі піва (відаць, ад нерваў), потам неяк дзіка зірнуў на грахоўны куфаль.

— Ну вось што я за чалавек, Вырвіч... Мой вучань у вязніцы пакутуе, мая дачка ў страшнай вар’ятні, мая любая Саламея ў зямлі... А мне кавалак у горле не перасядае. Дыхаю сабе, ем, п’ю, нават часам усміхаюся... А ноччу да мяне лашчыцца новая маладая жонка.

— I што? — уздыхнуў маршалак, якому ўжо абрыдлі пакаянныя размовы доктара. — Аглядзіся вакол... Думаеш, у кожнага з гэтых людзей не паміраюць i не пакутуюць блізкія? Як казала мая нянька Агата, жыўцом у зямлю не палезеш, а прыйдзе твой час — з магілы не вылезеш. Пакуль можаш нешта карыснае рабіць — рабі. Запэўніваю, тыя, што тысячамі пасылаюць бязвінных на смерць i на катаванні, у адрозненне ад цябе, не вярэдзяцца ані.