Адсланёна-звонка ўдарыў звон на бліжэйшым саборы, адгукнуліся яму субрацці больш далёкіх храмаў. Адказаў мядзянымі пералівамі гадзіннік на каржакаватай ратушы з жоўтай цэглы. Вырвіч адразу ўспомніў прыкрае: здаецца, расейцы ў сваіх новых заходніх уладаннях будуць адмяняць магдэбургскае права. Знікнуць ранейшыя вольнасці, калі і Полацак, і Віцебск, і Гомель, і Магілёў маглі сваім судом судзіць, новых пасяленцаў вольнымі рабіць і нават караля аслухацца. Ды не можа такога быць, каб адмянілі, ратушы знеслі, гербы ды штандары паадбіралі... Хіба гараджане пацерпяць?
Апошняе бомканне растала ў цёплым паветры.
Няўжо да вечара тут сядзець? У Вырвіча піва ўжо не залівалася. О, а вось і Меланхолія вяртаецца!
Старанны студэнцік прыціскаў да сябе набыты сшытак.
— Табе аддам, Вырвіч, вершы запісваць, — паклала Чума пакупку на запырсканы півам і тлушчам стол і ўселася, не забыўшы гжэчна расправіць палы камзола. — Параспытвала акуратненька, выходзіць, правільна мы тут сядзім. Трэба толькі дачакацца, пакуль начальнік з піўніцы выйдзе, гэта роўненька праз дзесяць хвілін. Ён усё па хвілях адмярае. Тады з’явяцца патрэбныя нам людзі.
Пранціш задумліва зірнуў на сшытак у зялёнай кардоннай вокладцы: a і праўда, трэба занатаваць, што ў галаве насачынялася, пакуль не забыўся... Як там: «Гэты час апранае маскі на ўсіх на нас...»
Праз дзесяць хвіль гер Абервальтэрс сапраўды выйшаў з карчмы, усё гэткім жа механічным крокам, з поснай фізіяноміяй — не скажаш, што піва жлукціў, хутчэй, цытрынавы сок. Да начальніка вязніцы тут жа падляцела некалькі падпанкаў, але яны не кінуліся, як бедныя шляхцюкі да Пане Каханку, ручкі-ножкі цалаваць, адзін аднаго адштурхоўваючы. Парадак ва ўсім! Набліжаліся па адным, нешта рапартавалі лісліва, адзін, вастраносы дрышч са скураной тэчкай, адкуль тырчалі паперы, асабліва нізка кланяўся, i фалды ягонага сурдута нагадвалі Пранцішу хвост гусі, якая шчыпле дробную траўку.
— Вось той, хто нам патрэбны, вастраносы, з паперамі, — Меланхолія шаптала, сціпла склаўшы рукі ў белых пальчатках на каленях. — Зараз гэты Абервальтэрс усіх пагоніць, і трэба паспець перахапіць пісара Глокса. Праз яго ўсе шалберствы з вязніцай вырашаюцца, а не праз гэтага недаробленага князька з шомпалам у спіне.
Начальнік турмы выслухаў усе рапарты ўважліва, але нават не кіўнуў і выгукнуў, быццам сабак разганяў:
— Гут! Усім прыступіць да выканання далейшых абавязкаў!
I пакрочыў туды, адкуль прыйшоў.
Мясцовы люд, відаць знямогшыся ад смагі, ледзь не бегма кінуўся ў вызваленую ад высокага начальства карчомку «Дзік і дуб», а банда Чорнага Доктара, наадварот, рушыла прэч, намагаючыся не выпусціць з-пад увагі аднаго вастраносага шалбера.
Пісар Глокс не стаў наравіцца. Цяжкі мяшэчак з талерамі слізгануў у ягоную кішэню спрытна, як мыш.
— Памятаю падобнага маладога чалавека. Jure victus. Гвалтоўны напад на пана Жылкаф з Бадэна. У паперах запісаны як Карл Рофба, студэнт Венскага ўніверсітэта.
Глокс, відавочна, меў не толькі востры нос, але і вострую памяць.
— Юнак багата адораны ад прыроды, такія рэсурсы нельга дарэмна траціць. Гарачнасць можна пераадолець строгай дысцыплінай. Таму да яго праявілі літасць — быў залічаны жаўнерам у мясцовы гарнізон.
— Дакладней, прадалі вы яго, пане, у рэкруты, — міла ўсміхнулася Меланхолія. За ейным мядовым галаском пазвоньвала лязо.
Лёднік уперыўся ў пісара гнеўным позіркам. Глокс, аднак, нягледзячы на дробнасць, не быў ні дурнем, ні баязліўцам, ані раззлаваўся, ані збянтэжыўся:
— Той малады чалавек надзвычай добра падыходзіў да ваярскай прафесіі. А служба лепей за турму.
Вось табе і маеш... Выкупіць жаўнера з імператарскай арміі не лягчэй, чым выкрасці вязня з крэпасці. I дзе цяпер Каруся шукаць? Мо ваяваць куды загналі, у тую ж Славакію?
— Звярніцеся ў Белую фартэцыю, што зараз будуецца старэйшым братам нашага начальніка, герцагам Абервальтэрсам, — з разуменнем параіў Глокс, намацваючы ў кішэні атрыманы вацок. — Пашукайце пана інжынера. У яго ўсё i даведаецеся. Мой брат, ротмістр Ганс Глокс, можа пропуск вам на будоўлю выпісаць. Калі добра папросіце. Ну, больш нічым дапамагчы не магу, вашыя мосці. Прыемна было пазнаёміцца!
Крануў двума пальцамі трохкутны чорны капялюш, зноў пакланіўся так, што фалды сурдута ўзмахнулі, як хвост, і рушыў па сваіх пісарскіх справах.
Як казалі ў Падняводдзі, вочы ў сабакі пазычыў, а сам хітры як саламонавы порткі.
— Гэты недамерак сапраўдны гандаль зняволенымі ўчыніў, — пагардліва прагаварыла ўслед Меланхолія. — Зручна ўладкаваліся. Малахольны начальнік турмы недатыкальны, бо ягоны старэйшы брат — герцаг і ўладальнік мястэчка. У пісара ж брат — у гарнізоне, такі ж прайдзісвет. У судзе ў іх свае людзі, каб адпраўляць у вязніцу маладых і здаровых за самыя нязначныя альбо і ўвогуле за ўяўныя злачынствы, а потым мець свежае гарматнае мяса. Герцаг Абервальтэрс здабыў ад імператара Фрыдрыха замову на ўзвядзенне ў сваіх уладаннях за казённы кошт крэпасці па нейкім асаблівым праекце. Так што жаўнеры яшчэ і равы рыюць ды камяні варочаюць.