— Забралі ў мяне яе лісты, калі арыштоўвалі, — глуха прагаварыў Карусь. — Вось усё, што змог прыхаваць...
Палез за пазуху, дастаў беражліва складзеную чыстую анучку, а ў ёй — адарваны ад ліста шматок, з два пальцы, з абрыўкамі слоў, выведзеных круглым дзявочым почыркам.
Калі паненка знікла, а адна прыслуга з дому Жылкаў прагаварылася Карусю пра вар’яцтва беднай фрау і шпіталь Святой Даратэі, хлопец памкнуўся з пытаннямі да гаспадароў. Ну і далей усё як Вырвіч і ўяўляў: Валенты, які і раней не зносіў нахабнага слугу, накрычаў на таго і пачаў праганяць, пушчанскі хлапец, у якога годнасці бы то не менш, чым у якога нобіля, упёрся.
Здаецца, Валентаму руку зламаў і сківіцу набок звярнуў.
Ну, калі ёсць вол, знойдзецца і дышаль.
У вязніцы студыёзус прабыў тры месяцы. Потым яго пакаранне замянілі на жаўнерскую службу. Муштра, казармы...
— Колькі разоў спрабаваў збегчы? — сумна папытаўся Лёднік.
— Чатыры разы, пан Баўтрамей, — з няёмкасцю адказаў хлапец. — Пяты раз месяц таму... Злаўчыўся схавацца ў павозцы, што дастаўляе камяні. Сабакі ўнюхалі.
Не трэба было распытваць, каб ведаць, чым заканчвалася кожная няўдалая спроба. Добра, што да смерці хлапца не замардавалі.
Жаўнераў пагналі будаваць фартэцыю. Каруся паставілі насыпаць хітрамудры абарончы вал... Студыёзyc заявіў наглядчыку, што канструкцыя абавязкова абрушыцца, бо няўдала спланаваная... Заявіў пераканаўча, агучыў уласныя разлікі. На шчасце, наглядчык аказаўся разумны. Пра здарэнне даклалі Кемпялену, старому знаёмцу банды Чорнага Доктара. Пасля таго як на троне імператара Аўстра-Венгрыі апынуўся Фрыдрых, Кемпелена старыя зласліўцы адапхнулі ад двара. Той з радасцю перабраўся ў родную Венгрыю, але заданні кшталту вось гэтага працягваў выконваць. Праект ягоны быў амбітны, з усякімі фокусамі, якія маглі спадабацца заказчыку... Толькі зроблены на хуткую руку.
Кемпелен, якому паказалі занадта вучонага жаўнера, Каруся пазнаў — у палацы Шэнбрун доктар і пушчанскі дзікун дапамаглі прыдворнаму механіку пазбегнуць выкрыцця ягонага шалберскага вынаходніцтва, механічнага шахматыста, якім кіраваў насамрэч схаваны ў пастаменце чалавек. Тады Лёднік змусіў рухацца аўтамат сваймі асаблівымі ўменнямі, а Карусь падказваў хады шахматнай партыі.
Карацей, увішны Кемпелен прыстасаваў студыёзуса сабе ў дапамогу, тым больш усе дзівіліся здольнасці пушчанскага дзікуна імгненна рабіць у галаве любыя вылічэнні, нават самыя складаныя. Кемпеленаўская вылічальная машына блізка да таго не падпаўзла.
Чым далей, тым болей неабходным рабіўся новы інжынер. Ён фактычна перарабіў увесь праект, а паколькі быў сумленны аж да згубы, назіраў за кожнай дэталлю, і Кемпелен з задавальненнем пераклаў на студыёзуса ладную частку сваіх абавязкаў... Зразумела, пасля ўзвядзення крэпасці хлапцу абяцалі волю, багатую ўзнагароду і добрую кар’еру. Але насамрэч, хутчэй за ўсё, яго чакалі новая вязніца і далейшая служба на ланцугу. Навошта пану Кемпелену дзяліцца заслугамі з нейкім бяспраўным вязнем-жаўнерам? Бачылі ўжо, як ён выкарыстоўваў няшчаснага шляхціца Варонскага, якога садзіў у свой аўтамат у шахматы каралёў абыгрываць.
Toe, што сапраўднай волі Карусю не відаць, пацвярджалася тым, што ён аніяк не мог дабіцца, каб яго выпусцілі хоць на дзень — ірваўся даведацца пра панначку. Не давалі нават ліст адаслаць. Ён заставаўся вельмі каштоўным, але вязнем, ахоўвалі яго як скарбніцу. Умовы жыцця і працы зладзілі добрыя, мэблю з палаца герцага Абервальтэрса старую падабралі. А паколькі інжынер па-ранейшаму спрабаваў збегчы, біць не білі, але надзелі ланцугі.
— Пан Лёднік, вы мусіце неадкладна ехаць да Жылкаў, патрабаваць, каб забралі з вар’ятні панну Сафію! — Карусь ажно кулакі сціснуў у бяссілым адчаі. — Вас яны паслухаюць! Паабяцайце ім, што самі яе вылечыце, прыгразіце судом за неадпаведнае абыходжанне. Ніхто, акрамя вас, не мае такога права!
— Так i зраблю, хлопец, — Лёднік паклаў руку на плячо былога слугі. — Толькі ты паедзеш з намі.
Легка сказаць — а як зрабіць? Каб можна было ўцячы — Карусь i сам справіўся б.
Вырвіч, Лёднік і Меланхолія абгледзелі апартаменты пана інжынера. На другі паверх з ягонага пакоя вяла вузкая драўляная лесвіца — проста праз квадратны праём у столі. Лабараторыя была нішто сабе, малодшыя Вырвічавы дзеткі Паўлюк ды Касенька тут пішчалі б ад захаплення, ды і старэйшы, Янук, хоць падлетак ужо, заліп бы. На адным са сталоў стаяў макет фартэцыі, якую ўзводзілі. Нават маленькія гарматкі былі, і масты падымаліся. Усе будынкі пафарбаваныя ў белы колер, вось чаму фартэцыю называюць Белай — значыць, задумана зрабіць аднаго колеру з герцагскім палацам.