Выбрать главу

— Ці ж вам, панове, не ведаць, як самыя неверагодныя фантазіі ўвасабляюцца? — выскалілася Чума. — А Пфальцманава лятальнае прыстасаванне — гэта ж не карэта i не гармата. Некалькі аршынаў добрага шоўку, тузін кітовага вусу, скрутак вяроўкі, трохі папруг... Пару дзён працы, калі талакой узяцца. Чарцяжы ты ж зробіш, Бутрым? Як карыстацца — я падкажу.

Пакуль Гальшка кароценька тлумачыла Карусю сутнасць вынаходніцтва Пфальцмана, Лёднік абмяняўся паглядамі з Вырвічам — у бадзёрым байкаскладанні Чумы мелася доля праўдападобнасці.

— Добра, пашыем, зробім... А перадаць Карусю як? Не іголка...

Гальшка павярнулася да інжынера.

— У цябе поўна ўсялякіх штуковінаў у лабараторыі... Нешта ж па тваёй просьбе табе прыносяць?

Карусь кіўнуў:

— Замовы раблю, дастаўляюць што трэба ў кошт будаўнічых расходаў. Правяраюць, вядома. Зараз якраз збіраўся прасіць паперы, некалькі дэталькаў для макета... Кемпелен праз пару тыдняў гразіўся наведацца, трэба скончыць узор машыны для вычэрпвання зямлі па ягоным чарцяжы, каб усё пралічыць.

— Вось і выдатна! — пляснула ў ладкі Меланхолія. — Калі дасылаць часткі скаральніка аблокаў паасобку, можна іх выдаць за штось іншае.

Доктар трывожна зірнуў уніз, на бераг ракі.

— Галена, твая прапанова можа яго забіць.

Чума трохі панурылася, потым ускінула з выклікам галаву.

— Можа. А можа і не.

Доктар уздыхнуў горасна ды прытуліў шпяжанку.

— Прабач... Ты ж сама нядаўна так... А я дапусціў.

Дзеўка ткнулася тварам Баўтрамею ў шыю і нешта радасна-супакойліва замармытала.

Пакуль спускаліся ўніз, Карусь шэптам звярнуўся да Вырвіча:

— Пан Баўтрамей і панна Чорная Меланхолія... яны...

— Ажаніліся, — буркатнуў маршалак менскі. — I не пытайся, чаму, як. Нервы зберажэш.

Карусь мудра прамаўчаў.

Схему Пфальцманавага вынаходніцтва Лёднік намаляваў хутка і даходліва. Меланхолія патлумачыла, за што тузаць, як мацаваць, чым кіраваць...

— Частка з тканіны мусіць быць пашытая загадзя, з усімі мацаваннямі для раменьчыкаў і кітовага вусу, — пацёр мнагамудры лоб Лёднік. — I пад выглядам чаго, шаноўнае спадарства, гэта можна даставіць чалавеку, які займаецца будаўніцтвам фартэцыі?

Блакітныя вочы абнадзеенага Каруся ярка бліснулі.

— А вось балдахін на ложак сабе замоўлю. А каб падазрэнняў не было, яшчэ і коўдру новую. Кемпелен сказаў, каб спрыялі майму здароваму стану.

— А вяроўкі ды раменьчыкі? — Вырвічу гэтая частка дастаўкі падавалася найбольш складанай, бо адразу ж падумаюць: ці не збіраецца вязень уцякаць?

— Вяровак ў мяне трохі тут ёсць. Частку можаце ўшыць у «балдахін», нібы для мацавання. Раменьчыкі і кітовы вус замоўлю нібыта для макетаў.

Час няўмольна сыходзіў.

Меланхолія нецярпліва пакручвала ў руках капялюш:

— Так, хлопец, у доме, дзе мы знялі пакоі, на першым паверсе — швейная майстэрня. Я пазнаёмілася з гаспадыняй, някепская цётка, гаваркая. Фрау Марта Герлавіц. Пасылай да яе заказ, а мы прасочым, каб ты атрымаў менавіта тое, што трэба.

Грукат дзвярных засоваў засведчыў, што спатканне закончанае. Абед, прынесены на чацвярых, між іншым, астыў некрануты. Пранціш ухапіў хаця б булку з каўбаскаю, чаго дабру прападаць. Правіла падарожнага: ёсць магчымасць выспацца — спі, ёсць шанец паесці — еш, не грэбуй.

Лёднік і Меланхолія, далёкія ад жыццёвай мудрасці, пайшлі нашча. А вось Карусь, зноў у ланцугах, таксама сунуў у кішэню чым перакусіць. Яму ж яшчэ працаваць сёння да змяркання.

Вырвіч адшкадаваў сяржанту і ахоўнікам жменьку манетаў, каб турэмшчыкі не злаваліся на доўгае гасцяванне. А Меланхолія што ўтварыла: на развітанне як кінецца ў ногі «дарагому братку», як заные пра разбітае сэрца радні! Тады на шыі «браткі» павісла... Карусь напачатку аж разгубіўся.

Потым кіўнуў сур’ёзна:

— Дзякую за ўсё.

Ужо калі конна заязджалі ў горад, Лёднік ціха прамовіў жоначцы:

— Нашто было рызыкаваць? Не дай гасподзь, згледзяць, што ты замок на ланцугах Карусёвых папсула.

Вось яно што Чума прымудрыла!

Меланхолія толькі зубкі бялюткія паказала:

— Не хвалюйся, Бутрым, не згледзяць. Выпадкова тую хібу не знойдзеш, а вось зняць гэтыя ланцугі цяпер можна без ключа. Я шапнула Карусю, як менавіта. А то раззлуе яшчэ начальства, перастануць жалеззе з яго здымаць... I будзе замінішча.

Гэх, трэба было Пранцішу пазаймацца з хлапцом навукаю, як замкі шпількаю ці сагнутым цвіком нат у цемры адчыняць — Лёднік у свой час шкаляра Вырвіча такому майстэрству навучыў. У Слуцкім замку, калі давялося вызваляць з палону Саламею Рэніч. Не раз пасля тая навука Вырвічу прыдалася, хоць носам тады круціў: ці ж шляхецкая гэта справа, ці не ганьба — з жалеззем поркацца?