А тым больш з голкаю. Згодна са Статутам Вялікага Княства Літоўскага, шляхціц, які шыццём зарабляе, звання свайго пазбаўлены мусіць быць.
Не, нават шляхціц мусіў умець сам і мундзір зашыць, і падпругу паправіць, калі парвецца — падчас вайны не заўсёды побач акажацца слуга. Але маршалак менскі справядліва лічыў, што з шыццём «Скаральніка аблокаў» і без ягонай шляхецкай дапамогі справяцца.
Так што наступныя пяць дзён Пранціш намагаўся болей часу правесці ў якой карчомцы, піва пацягваючы. Бо іхнія здымныя пакоі і ўдзень, і ўначы, i нат у святую нядзельку былі занятыя шыццём.
Калі Ясючок пачаў пішчаць пра бяду на галовы тых, кто у нядзелю працуе — у пячонцы голкі прарастуць, — Лёднік нагадаў прыпавесць біблейскую пра любімую авечку, якую гаспадар дастаў з калодзежа ў суботу, калі ў юдэяў забароненая ўсялякая праца. Бо не чалавек для суботы, а субота для чалавека — так Госпад сказаў. I цяпер Госпад бачыць, што працай вартага чалавека ратуюць. Ясючок падумаў і ўзяўся за іголку.
Гальшка адсачыла, калі фрау Герлавіц даставілі замову з фартэцыі. Худая высокая жанчына з трохі конскім тварам доўга хвалілася выгаднай здзелкай пастаяльцу з Уроцлава Гальяшу, ветламу, вясёламу юнаку, які шчыра цікавіўся кравецкай справаю, бо збіраўся на радзіме адкрыць крамку тканінаў. Фрау дужа хацела дагадзіць заказчыку, пану інжынеру фартэцыі, які, кажуць, малады i гожы, а галоўнае, добры. Заступаецца за рабочых. Жаніха адной са швачак абараніў: той цэбар з вапнавай рошчынай перакуліў, дык наглядчык хацеў шкодніка галавой у тую рошчыну апусціць... А пан інжынер не даў, хоць сам у ланцугах ходзіць, дэзерцір ён. А як не паспрабаваць уцячы, калі герцаг Абервальтэрс без посвісту шпіцрутэнаў над спінамі жаўнераў ранішнюю каву піць не сядае — з гаўбца ягонага палаца як на далані пляц казарменны.
Фрау Герлавіц нават раілася з мілым Гальяшам, якую тканіну выбраць для балдахіна на ложак пана інжынера. Заказчык прасіў пашыць не з аксаміту, а з шоўку, каб клапы не разводзіліся, і сціплага колеру. Гальяш параіў трывалы юлёвы шоўк. Яго, на шчасце, у майстэрні было шмат. Бо гарадок маленькі, не тое каб выбар тканінаў уражваў.
Зразумела, пацвярджала правільнасць выбару тое, што ў гэты ж дзень шыракаплечы чарнявы слуга нейкіх праезжых паноў закупіў два скруткі таго ж самага юлёвага шоўку.
Так што праца віхурылася і на першым паверсе, у швейнай майстэрні, і на другім, у здымных пакоях. Змоўшчыкам належала скончыць усё не пазней за швачак. Лёднік, успомніўшы дзяцінства, праведзенае ў гарбарнай майстэрні бацькі, ладзіў з рамянёў мацаванні... «Скаральнік аблокаў» атрымліваўся дакладна такі, як у Слонімскім палацы.
Праз пяць дзён вар’яцкая праца была скончаная. Якраз да пятніцы — бо, згодна з расповедамі Сцяцка, які шчодра дзяліўся за працай украінскімі казкамі ды байкамі, пятніца — дзень Макошы, паганскага баства, што адказвала за прадзенне, ткацтва ды шыццё. I, каб шанаваць яе, жанчыны не мусяць у пятніцу ані прасці, ані шыць, бо іначай Макоша будзе сколатая голкамі. Ясючок, які ўжо паводзіўся больш смела ў гэтай стракатай кампаніі, страпянуўся, бы кацяня пры зумканні нахабнай мухі, і зараз жа пачаў распытваць, як тая Макоша людзям шкодзіць ды чым яе адагнаць можна.
Сам жа над пашытым палотнішчам замовы шаптаў. Пранціш расчуў нешта кшталту: «Госпадзе Божа, багаславі, Царыца Нябесная, памажы. На Кітаі-моры ляжыць камень, з-пад таго каменя выходзіла красна дзеўка з залатымі ключамі, і адмыкала ружжо, і дазваляла біць не на жывое, а на мёртвае...»
Ад кулі замову чытае.
Калі розуму у галаве няма, дык шапка не дасць.
Заставалася падмяніць заказ. Што было бліскуча прароблена Меланхоліяй на пару са Сцяцком. I на павозцы, якая з’явілася з фартэцыі, паехалі да заказчыкаў сярод іншага чатыры плеценыя з лазы скрыні для пана інжынера. У адной быў балдахін з юлёвага шоўку, ён жа — «Скаральнік аблокаў», у другой — хітра пераплеценыя рамяні, якімі «Скаральнік» мусіў мацавацца да адчайнага чалавека, у трэцяй — тузін пласцінаў кітовага вуса, якія належала зацягнуць у спецыяльныя пазы «Скаральніка», каб ён напнуўся, у чацвёртай — пуховая коўдра з зялёнага атласу, то-бок проста коўдра. Усё паасобку разглядай, мацай — нічога падазронага.
Але, калі маеш справу са зняволеным чалавекам, быць пэўным цяжка. Мала што здарыцца... Перавядуць у другое памяшканне, не аддадуць пасылку, прыставяць варту дзень і ноч... Ды ці правільна збярэ Карусь усе часткі скаральніка, ці не перашкодзяць яму?.. Не кажучы ўжо пра небяспеку самога скачка з вышыні. Карусь жа ўдвая за Меланхолію цяжэйшы! Лёднік, вядома, унёс папраўку ў разлікі, але пабаяўся моцна нешта мяняць без выпрабаванняў.