Выбрать главу

Ад размеранай лекцыі слухачы трохі супакоіліся. Валенты касавурыўся на матку, Ганулька нават ківала галавой у асабліва пакаяльных месцах Бутрымавай гісторыі.

— Вы ж ведаеце, пан Баўтрамей — добры хрысціянін, ходзіць да споведзі, да прычасця, у ягоным здаровым розуме таксама няма прычынаў сумнявацца, — Вырвіч падараваў Жылкам самую сонечную ўсмешку, сланечнік павярнуўся б у ягоны бок. — I дачка яго будзе здаровай, калі дасцё магчымасць бацьку ўсё направіць.

Валенты пахітаў сумна галавою:

— Прабачце, пан Лёднік, але забраць яе вам ніхто не дазволіць. Яна мусіць знаходзіцца ў намоленым месцы, каля святыняў. Я нават у Супрасльскі кляштар перавезці яе баюся, немаведама што д’ябал праз маю няшчасную жонку ўтворыць дарогай, — Жылку перасмыкнула, сапраўды верыць у апантанасць Сафійкі. — А ў кляштары Святой Даратэі ёсць рэліквіі, якія прызнаюцца ўсімі хрысціянамі. I мошчы самой святой, і часціцы рэшткаў святога Мікалая Мірлікійскага, і кавалачак Рызы Прасвятой Багародзіцы, і трэска ад Крыжа Гасподняга. Калі нават у такім атачэнні Люцыпар змушае яе да нялюдскіх учынкаў...

Валенты кінуў пагляд на пялёсткі ружаў, якія нядаўна таксама нялюдскі лёталі воляю цесця, павагаўся. Вырвіч, каб не быў добра знаёмы з Лёднікам, таксама б вагаўся ды асцерагаўся.

— Але наведаць Сафію я вам як ейнаму бацьку забараніць не маю права. Дам адпаведны ліст да маці Агнэсы, абатысы. Паехаў бы з вамі... Але не, больш не змагу. Не вытрываю...

Круглы твар ваяводы пачырванеў.

— Калі мой сын наведаў у мінулым месяцы сваю жонку, сітуацыя паўтарылася, — стрымана патлумачыла Ганулька. — У ейнай прысутнасці ў яго самі па сабе паляцелі некаторыя прадметы...

— Яна спалоханая, — не даслухаў доктар. — Разгубленая. Я дапамагу ёй.

Жылка кіўнуў, але не стаў менш прыгнечаным...

Лёднік трохі памаўчаў і прамовіў ціха і цвёрда:

— Разводзьцеся.

Ганулька пачала абураныя літанні пра парушэнне традыцый, а Валенты нат не здрыгануўся — значыць, думаў ужо пра гэта.

— Дзяцей у вас няма. Жыць разам пасля такога не зможаце.

Валенты ўскінуў пакутныя вочы на цесця.

— Я не буду вас асуджаць, — запэўніў ціха Лёднік. — Вы проста вельмі розныя, гэта я вінаваты, блаславіў.

Нават Ганулька, хоць і незадаволена, але замаўчала. Развод — сарамацішча, але мець за нявестку апантаную вар’ятку, якая ні з голаду, ні з холаду, а з дурэння ўвесь час ганьбіць сям’ю...

— Прычыны важкія: сямейная нязгода, няздольнасць мець дзяцей і душэўная хвароба, — разважыў Вырвіч. — Давядзецца патраціцца, але шлюб з вялікай верагоднасцю скасуюць. Земскі суд не праблема, вы ж ваявода... З духоўным таксама вырашыце. Вы ў царкве вянчаліся, так?

— Мы цяпер усёй сям’ёй праваслаўныя, вярнуліся да веры продкаў, — падціснула маленькія ўсё яшчэ яркія вусны Ганулька. — Валянцін мусіць ехаць у Санкт-Пецярбург, яму прапануюць вельмі добрую пасаду.

Вось яно што, Жылкі вырашылі звязаць свой лёс не з Рэччу Паспалітай, якая канала, а з Расійскай імперыяй... Гэтак хтось з іхніх продкаў, каб не адабралі пасады, не залічылі ў дысідэнты, перайшоў ва ўніяцтва, так і гэтае пакаленне прыстасоўваецца. Што ж, з нагоды добрай кар’еры шлюб з капрызлівай, нерадавітай Лёднічанкай, якая пры двары яшчэ якое штукарства ўтворыць, — толькі замінішча.

— Думаю, біскуп добразычлівы ў вас маецца, вы ж кляштары ды цэрквы фундуеце, — працягваў разважаць Вырвіч. — А калі што, у мяне быў прэцэдэнт, аднойчы шлюб праваслаўных сужэнцаў скасаваў уніяцкі біскуп з Полацка. Маёмасных спрэчак, думаю, не будзе?

Так, нявесту Жылка ўзяў не на сваім статусе, бедную. Хоць Лёднік аддаў у пасаг за дачкой дом у Полацку, што некалі належаў Саламеі Рэніч, не параўнаць, колькі магла прынесці ваяводзе Супрасльскаму якая магнацкая дачушка.

Вырвіч успомніў, як ва ўніверсітэце Манпелье адзін прафесар распавядаў пра Старажытную Грэцыю: вось там разводзься хоць штодня, дастаткова жадання. Хто жаніўся, прыносіў у дом у дзень вяселля рыззё і кавеньку. І калі вырашаў развесціся, апранаў тое рыззё, браў у рукі кавеньку, а жонка чэрпала попел з хатняга агменю і насыпала сужэнцу шлях да ганку. А той ішоў да дзвярэй па попеле басанож... На знак, што ўсё пакідае былой жонцы i дзецям. Бо дом заставаўся ім i муж мусіў утрымліваць іх да канца сваіх дзён. А калі паміраў, ягоны малодшы брат павінен быў ажаніцца з кінутай кабетай.