Выбрать главу

Светлыя вочы маці абатысы былі добрыя-добрыя, з такімі вачыма толькі рыбу жывую трыбушыць.

Колькі гадоў маці Агнэсе, вызначыць няпроста — яе твар нібыта качалкай пачалі раскочваць, а пасля кінулі. Куток рота апушчаны i прыадкрыты, там блішчыць сліна. I словы вымаўляе не зусім выразна. Затое як важка!

— Вы з’явіліся вельмі дарэчы, гер Лёднік. Вашыя даследванні мозга — нешта ўнікальнае. Вы маглі б дадаць свой унёсак у методыкі лячэння нашага шпіталя. Мы збіраем усё самае лепшае з медыцыны.

Тонкія сухія пальцы маці Агнэсы бесперапынна перабіралі ружанец, як лёсы бедных грэшнікаў.

Бутрым, увесь такі ўрачысты, суворы i мудры медыкус, нахіліў галаву.

— Палічу за гонар, ваша мосць. Як толькі агледжу сваю дачку i дыягнастую ейнае захворванне, ахвотна пракансультую і іншых пацыентаў.

Па каменнай падлозе доўгага калідора кляштара-лячэбніцы прастукалі нечыя чаравікі... Не спыніліся. Пранціш стрымаў уздых. Ды што ж гэтая скурчаная баба цягне? Дзе Сафійка? Вунь Карусь зараз што-небудзь тут напалам пераломіць ад нецярпення... Хлапца давялося ўзяць з сабою, бо таго і ланцугі не ўтрымалі б. Меланхолія толькі валасы яго ўгаварыла падцямніць ды вусы пагаліць, каб не пазналі адразу, калі апісанне разаслалі... Застаецца спадзявацца, што пошукі збеглага вязня сюды, у горы, не дайшлі. Прадставілі пушчанца як вучня доктара.

— Ваша дачка — складаны выпадак, гер Лёднік, — вочы маці Агнэсы свяціліся спачуваннем. Хаця левае вока адрасавала тое спачуванне невядома куды, бо круцілася незалежна ад волі ўладальніцы. — Злыя духі, якія апанавалі яе цела, пакуль не паддаюцца, не сыходзяць. I пашкодзілі ўжо цялесную абалонку. Не даюць ёй прымаць разумныя рашэнні, якія маглі б палегчыць яе стан і выратаваць душу.

— Дазвольце мне самому паставіць дыягназ.

Лёднік ледзь стрымліваўся. I абатыса гэта выдатна разумела, яе скрыўленай усмешцы не хапала рахманасці.

— Вы думаеце, вы адзіны варты дыягност на свеце, гер Лёднік? Прафесар Фрыдрых Айзенхаўэр з Венскага ўніверсітэта, спадзяюся, для вас аўтарытэт? Менавіта ён апошнім часам лячыў фрау Жылкаф. Я таксама ўсё жыццё прысвяціла барацьбе з душэўнымі хваробамі i магу вызначыць, каму неабходная дапамога. Вось ваш слуга, дробны такі, якога вы пакінулі ўнізе, дакладна мае патрэбу ў нашым лячэнні. Абмен ягоных вадкасцяў небяспечна парушаны, пераважае флегма, а гэта прыцягвае шкодныя нематэрыяльныя сутнасці. Шкада, што мы не бяром на лячэнне пацыентаў мужчынскага полу.

«Ну, шчасце для беднага Ясючка, што не патрапіць у дабрадзейныя ручкі мясцовых мнішак», — усміхнуўся пра сябе Вырвіч. Але ж адзінае здаровае вока ў маці Агнэсы як у каршука... Калі паспела Ясючка вывучыць? Яго i Сцяцка разам са зброяй давялося пакінуць унізе, у кавалергардыі ля брамы, дзе размясціўся невялікі гарнізон, які ахоўваў кляштар. З тузін вояў, мусіць, ёсць. I не звычайныя жаўнеры, а таксама нейкі ваяўнічы ордэн кшталту манаскага, у сініх кароткіх туніках са срэбнымі крыжамі. Пысы злыя, падазроныя...

Зрэшты, нічога дзіўнага — вайна не канчаецца ніколі, і па гэтым мястэчку шмат разоў прайшлася. Мала якая банда ўздумае зноў пажывіцца з багатых мнішак... Да таго ж замак, кляштар — адзіная абарона не толькі для мніхаў — для ўсяго навакольнага люду, які сюды, як што, хавацца прыбяжыць.

Меланхолія-шпяжанка прыкмеціла б слабасці абароны, але адмовілася ісці з імі. Сказала, не хоча засмучаць Сафійку, з якой развіталіся не лепшым чынам, і выведае ўсё сваімі метадамі. На гэты раз яна выдавала сябе за сакратара Лёдніка. А што — караля іграе світа. Чым болей пры пане абслугі, тым болей пана стануць паважаць. I вучань пры эскулапе, і сакратар, і двое слугаў, і сябар-шляхціц, таксама з сябе ўвесь важны.

Малыя дзеткі — малыя бедкі. А ёсць жа яшчэ і таямнічы ліст Алеся, пра які Бутрым пакуль адмаўляўся гаварыць — трэба арэхі па адным расколваць.

Між тым нарэшце цяжкія дзверы з пазалочанымі накладкамі-галінкамі паўзверх чорнага лаку расчыніліся. Увайшлі тры постаці ў белым. Дзве мажныя мнішкі з шырокімі ўсмешкамі на бляклых тварах — на абедзвюх засталося дваццаць зубоў — і заціснутая між нявестамі Хрыстовымі тоненькая постаць са складзенымі на жываце рукамі. Белы твар, амаль зліваецца колерам з хусткай, ледзь вылучаецца ружаваты след ад апёка на шчацэ, цёмныя вочы абведзеныя чорнымі кругамі, мілы носік завастрыўся...

Толькі Карусёў выдых з нейкім усхліпам змусіў Вырвіча асэнсаваць: гэта ж яго хросніца! А божачкі, і так трысцінка была, а тут як з паперы выразалі...

Адна з мнішак штурханула пацыентку, і сухія вусны той паслухмяна расцягнуліся ва ўсмешцы, нібыта нехта тузануў нябачныя ніткі, замацаваныя ў куточках рота.